Няпросты шлях да волі аўтаэлектрыка з Ліды, якога тройчы асудзілі ў Беларусі і абвясцілі ў вышук
Аўтаэлектрыка з Ліды Івана Каспяровіча не маглі пакінуць раўнадушнымі падзеі 2020 года, фальсіфікацыі ў ходзе выбараў, разгон акцый пратэсту і рэпрэсіі ў дачыненні да іх удзельнікаў. Ён і сам браў удзел у мітынгах у Лідзе, пачаў адміністраваць некалькі пратэсных каналаў, адзін з якіх – “Дошка ганьбы” – змяшчаў дадзеныя найбольш рэпрэсіўных сілавікоў. Але праз некалькі месяцаў Івана вылічылі і затрымалі.
Каспяровіча затрымалі ў Лідзе 25 лістапада 2020 года. Раніцай, калі Іван ехаў на працу, ягоны аўтамабіль спынілі даішнікі. Калі ён выйшаў па іх патрабаванні з салона – яго ўжо чакала некалькі губазікаўцаў, як потым даведаўся – чакалі яго ажно з пяці гадзін раніцы.
Першы суд адбываўся ў залі, дзе за дзень да гэтага судзілі палітвязня Вітольда Ашурка
– Спачатку мяне павезлі на допыт, затым правялі ператрусы па месцы жыхарства і ў гаражы, забралі ўсе тэлефоны, дасталі з кампутара дыск. У той жа дзень адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гродна. Тут спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, але нічога ў іх не выйшла. Потым прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса, нібыта за абразу прадстаўніка ўлады. Праз трое сутак следчы прыняў рашэнне адпусціць мяне пад заклад, якія ўнеслі сваякі. Першы суд адбыўся у Лідзе 29 снежня 2020 года, мне прысудзілі два гады “хатняй хіміі” і 3000 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі за маральны ўрон былому прэс-сакратару Гродзенскага УУС А. Дудко. Вельмі на судзе скардзіўся, што я нанёс яму моцную душэўную траўму. У ходзе суда супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі чалавек, якяя прыйшлі мяне падтрымаць, хаця я папярэджваў, што лепей не прыходзіць. А ў дадатак, перад самым пачаткам працэсу, у залу зайшоў дзесятак міліцыянтаў і пазаймалі амаль усе месцы. Дарэчы, суд адбываўся ў кабінеце №31, дзе літаральна за дзень дзень да гэтага, 28 снежня судзілі загінулага палітвязня Вітольда Ашурка, – распавядае мужчына.
Неўзабаве пасля суда Івана затрымалі ізноў, на гэты раз па заяве начальніка Дзятлаўскага РАУС за збор і распаўсюджванне прыватнай інфармацыі аб супрацоўніках міліцыі. Ён адседзеў трое сутак у Дзятлаўскім РАУС, пакуль яго дапыталі па гэтай справе.
Каспяровіч таксама распавёў, як на тэрыторыі Лідскага РАУС у той час была мойка для міліцэйскага транспарта, куды звозілі ў 2020 годзе затрыманых на акцыях, дзе іх моцна збівалі, а потым аблівалі халоднай вадой, каб змыць сляды крыві.
– Я потым многіх з тых, каго збівалі, бачыў сам. У некаторых з іх цела было проста сіняе. Хадзілі нават чуткі, што нехта памёр пасля такіх катаванняў, – дзеліцца ўспамінамі Іван.
"Хатнюю хімію" замянілі на "хімію", але Іван не стаў выпрабоўваць лёс далей
Свой папярэдні прысуд мужчына абскардзіў, але і пацярпелы Дудко таксама напісаў хадайніцтва, бо палічыў, што такім як ён не месца на волі. І ўжо калі Іван з’ехаў з краіны – адбыўся яшчэ адзін суд, на гэты раз у Гродна.
– Я тады падумаў, што адной крыміналкай тут не скончыцца, бо ўжо ведаў, што ўбуджаюць яшчэ новую справу. Ясна было, што пасадзяць па-любому, а ўжо як пасадзяць, то хутка я не выйду. Таму я проста ціха сабраўся і з дапамогай знаёмых выехаў у Расію, нягледзячы на падпіску аб нявыездзе. З Расіі планаваў неяк паехаць далей, у больш бяспечнае месца. Варыянт быў адзін – патрапіць ва Украіну, што было не так і проста, – кажа субяседнік.
27 студзеня 2021 года Гродзенскі аблсуд замяніў Каспяровічу ўмовы адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі ("хатняя хімія") на “хімію” з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і паменшыў памер грашовай кампенсацыі на карысць пацярпелага Дудко да 1500 рублёў.
Рызыкоўнае жыццё ў Расіі, пагоня і страляніна
– Напачатку, хаваючыся у Расіі, вельмі перажываў, каб не затрымалі, выходзіў са здымнай кватэры толькі ў бліжэйшую краму, апранаў пры гэтым кавідную маску, на вочы насоўваў капялюшык. Набыўшы ежы – хутчэй сыходзіў дахаты, каб не спынілі паліцэйскія, а калі бачыў іх аўтамабіль, то адразу стрэсаваў. Нават фіранкі на вокнах ніколі не расхінаў. Праз некалькі месяцаў удалося дамовіцца, каб нас перавезлі ва Украіну. Але шлях туды быў рызыкоўны і ледзьве не скончыўся трагедыяй. Ноччу нарваліся на расейскіх памежнікаў, якія пусціліся за намі ў пагоню і пачалі страляць на нашым аўтамабілі.
Нас было трое і мы папрасілі, каб усіх высадзілі ў бліжэйшай лесапасадцы і такімчынам заблытаць сляды, каб пагоня скіравалася за аўтамабілем. Нам паспелі даць рацыю, каб быў хоць нейкі кантакт.
Была зіма, недзе мінус 20 марозу і ноч. А мы па палях, па лясах некуды ідзём. Убачылі святло і ледзь не патрапілі на памежную заставу. Толькі раніцай нас знайшлі і адвезлі назад, у Белгарад. З другой спробы ўдалося патрапіць ва Украіну, – распавядае далей мужчына.
Іван Каспяровіч не лічыў, што гэта бяспечнае месца і таму, зрабіўшы з дапамогай мясцовых праваабаронцаў візу, пераехаў у Польшу. Там адразу звярнуўся па міжнародную абарону і некалькі месяцаў правёў у лагеры для мігрантаў, пакуль афармляліся дакументы.
Трэці суд над Каспяровічам адбыўся ў лютым
А тым часам пра Каспяровіча ў Беларусі не забыліся: суд Лідскага раёна 6 лютага 2025 года пастанавіў завочна замяніць Івану неадбыты тэрмін пакарання (год і 11 месяцаў у выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) на 11 месяцаў і 26 дзён пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Каспяровіча таксама абвясцілі ў вышук.
Зараз крыху Іван абжыўся ў Беластоку, змяніў некалькі няўдалых працоўных месцаў, зазнаўшы пры гэтым падман, цяпер уладкаваўся электрамеханікам і пры гэтым актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах і акцыях у Беластоку. Ну і вядома, чакае перамен, каб абавязкова вярнуцца на радзіму.