"Апеляцыю вырашыў не падаваць, каб хутчэй адбыць пакаранне і вярнуцца на волю"
Былы палітзняволены Аляксей (прозвішча не называецца ў мэтах бяспекі сваякоў) пасля адбыцця пакарання за каментары і падпіскі на “экстрэмісцкія” каналы прыняў рашэнне з’ехаць з Беларусі. Галоўная прычына – верагоднасць новага затрымання і новага суда. Ён пагадзіўся распавесці “Вясне” пра акалічнасці свайго пераследу і ўмовах утрымання ў папраўчай калоніі №15 Магілёва.
"Пісаў каментары з заклікамі да сілавога супраціву органам унутраных спраў"
Упершыню Аляксея затрымалі ў кастрычніку 2022 года за каментарыі, якія ён яшчэ ў жніўні 2020 года пакідаў у чатах NEXTA, “Краіна для жыцця” і ў боце канала "Чорная кніга Беларусі". Як сцвярджалі губазікаўцы ў сваім канале, жыхар Менска ў "экстрэмісцкіх" чатах нібыта пісаў каментары з заклікамі да сілавога супраціву органам унутраных спраў, паказваючы скрын-шоты, датаваныя жніўнем 2020 года. Некалькі сілавікоў раптам наляцелі на яго, калі мужчына спакойна ішоў па двары шматпавярховіка.
– Раніцай, калі я выйшаў з дому на працу, да мяне нечакана падбеглі некалькі чалавек у масках, схапілі і хуценька пасадзілі ў бусік. Затым вярнуліся ў кватэру, дзе пачалі шукаць розную атрыбутыку, сцягі, налепкі, але нічога не знайшлі. Забралі толькі вялікую суму асабістых грошай, далучыўшы іх да матэрыялаў справы. Затым мяне павезлі ў упраўленне ГУБАЗ. Ужо там, у тэлефоне, знайшлі спасылку на TYT. BY, які на той час ўжо быў прызнаны “экстрэмісцкім”. На мяне склалі пратакол за распаўсюд “экстрэмізму” і пакаралі на тэрмін 10 сутак адміністрацыйнага арышту, – распавядае Аляксей.
Пайшоў у міліцыю забраць грошы і… не вярнуўся
Пасля адбыцця арышту Аляксей выйшаў з Акрэсціна, хаця асцерагаўся, што на выхадзе спыняць і яшчэ складуць новы пратакол. Але абыйшлося.
– Недзе праз тыдні два я вырашыў схадзіць у РУУС, каб забраць свае грошы, якія былі канфіскаваныя падчас ператрусу ў кватэры. І вось там мяне затрымалі ізноў і на трое сутак змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. За гэты час узбудзілі ўжо крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса за распальванне сацыяльнай варожасці, а мяне перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага, – узгадвае тыя падзеі мужчына.
Больш чым паўгады Аляксей чакаў суда. Следства цягнулася марудна, было некалькі працэсуальных дзеянняў, праводзілася лінгвістычная экспертыза. А напачатку чэрвеня Мінгарсуд прызнаў яго вінаватым і абвясціў прысуд: два гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Аляксей вырашыў не падаваць апеляцыю на прысуд, каб хутчэй адбыць пакаранне і вярнуцца на волю.
І палітвязень, і "экстрэміст", і "тэрарыст"
– Этапавалі мяне ў папраўчую калонію №15 ў Магілёў. Адразу адвялі да начальніка калоніі на “прафілактычную” гутарку, пакрычалі крыху, каб ведаў куды трапіў і накіравалі ў карантын, дзе начапілі жоўтую бірку і зрабілі “злоснікам”. Пасля карантыну перавялі ў атрад. Працаваць накіравалі на разборку дратоў, куды ў асноўным накіроўваюць “палітычных”. Норму стараліся выконваць, бо калі змена не выканае яе – то гэта лішняя нагода каб дакалупацца да цябе і вынесці спагнанне. Прычым паступова, з цягам часу, нормы выпрацоўкі падымалі. Пры адпаведнай трэніроўцы праца не вельмі цяжкая. Адзінае што было складаным – гэта памыцца пасля працоўнай змены. На некаторых участках можна схадзіць у душ на промцы, але ў нас такой магчымасці не было, – рапавядае Андрэй.
Пакуль Андрэй абжываўся ў новых умовах, ягонае прозвішча з’явілася спачатку ў пераліку грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, а крыху пазней і ў спісе "Асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
– Стаўленне да “палітычных” у магілёўскай калоніі ў асноўным залежала ад манеры паводзін, якія яны абіраюць для сябе. Калі ты іпаводзіш сябе “цішэй вады, ніжэй травы”, то адміністрацыя гэта стараецца ўлічваць. Ну, прынамсі, ніхто не б’е і не прэсуе. Лісты, якія я пісаў сваякам, даходзілі да адрасатаў, бо стараўся не абмяркоўваць палітыку, розныя іншыя нюансы, не пісаў пра ўмовы ў калоніі і гэта спрацоўвала. У адрозненні ад іншых месцаў зняволення, дзе адбываюць пакаранне палітвязні, лічу, што з калоніяй мне пашчасціла, абыйшлося без сур’ёзных праблем. Найцяжэй было ў СІЗА, калі была нявызначанасць, калі пачаў разумець, што ўсё засталося там, за сцяной: і праца, і кар’ера, і іншыя клопаты, – кажа субяседнік.
Пасля адбыцця тэрміну пакарання Аляксей летам 2024 года выйшаў на волю і стаў на прафілактычны ўлік, іновай крымінальнай справай нспектар яму прапаноўваў розныя варыянты працы, але гэтыя вакансіі былі некваліфікаваныя. Праз некаторы час супрацоўнікі міліцыі ізноў пачалі праяўляць да яго цікаўнасць, нібыта ім удалося “раскапаць” новыя факты і гэта магло завяршыцца крымінальнай справай. Мужчына не стаў болей выпрабоўваць свой лёс і напрыканцы 2024 года з’ехаў з Беларусі.
![]()
Былы палітвязень Аляксандр Зялюткін: "Мне падалося, што ў суседняй камеры забілі чалавека"