Суды за "парушэнні на выбарах" і "экстрэмізм": хроніка пераследу 1-4 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-4 сакавіка 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі за "распаўсюд экстрэмізму" судзілі лекарку гарадской паліклінікі
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 28 лютага адбыўся разгляд судовай справы ў дачыненні да Аліны Жукавай. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП). Справу разглядала суддзя Аксана Шавякова. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Як паведаміла "Гомельская Вясна", Аліна Жукава, прынамсі да гэтага суда, працавала лекаркай-атарыналарынголагам у Гомельскай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклініцы.
Траўматолага калумбійскага паходжання судзяць у Віцебску за "экстрэмізм" — раней, верагодна, судзілі яго жонку
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска чацвёртага сакавіка адзначылася імя Хорхе Еліесера Даса Гайтан. Мужчыну ставяць у віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмізму).
Судзячы па сацсетках, мужчына родам з калумбійскай Арменіі, вучыўся ў віцебскім медуніверсітэце і застаўся ў Беларусі працаваць. Па бэйджы на фатаграфіях можна зразумець, што ён працуе траўматолагам.
Раней "Витебск, я гуляю!" паведамляў пра аналагічны суд над Вольгай Даса Гайтан, супрацоўніцай віцебскай філіі "СберБанка" — верагодна, жонкай Хорхе Еліесера. Яе таксама судзілі за "распаўсюд экстрэмізму".
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" лагатып сусветна вядомага брэнду "BOY London"
Гаворка пра "чорнага арла з распасцёртымі крыламі, які трымае ў лапах круг у выглядзе літары "О". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Гомеля 28 лютага. На афіцыйную старонку "BOY London" толькі ў Instagram падпісаныя больш за 357 тысяч чалавек.
Таксама "Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" папоўнілі сацсеткі аналітыка Вадзіма Мажэйкі, TikTok-старонкі "FokusGrodno2, "Святая Лукер’я Рыгорауна2, "Alex_kamis".
Чарговы раз спіс абнавілі чацвёртага сакавіка. У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты "Гвоздодёр Live! ВОЙНА", "ЧОРНАЯ КНІГА СЛУЧАКА", "Климовичи", "KRKN_FPV_COMPANY";
- Instagram старонкі "Sviatlana Nekh", "yulia_sliuko";
- YouTube-канал "Павел Латушко";
- Сайт ініцыятывы "Честные люди";
- Старонка ў Facebook "Юлiя Грэбень";
- Старонка ў TikTok "Alex_kamis".
У Віцебску за "экстрэмізм" судзяць дырэктара мясцовага турагенцтва
У судзе Першамайскага раёна Віцебска чацьвёртага сакавіка судзяць Андрэя Пятровіча Красько. Мужчыну ставяць у віну ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмізму).
Андрэй Красько — дырэктар ПГУП "Віцебск-Мегатур", якое з'яўляецца афіцыйным прадстаўніком у Віцебску буйной сеткі турагенцтваў "Гарачыя туры", паведаміў "Витебск, я гуляю!".
У Калінкавічах 3 сакавіка прайшоў суд за "парушэнні на выбарах"
У судзе Калінкавіцкага раёну трэцяга сакавіка судзілі Наталлю Кацубу. Ёй ставілі у віну арт. 10.9 КаАП РБ (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Судовы працэс узначаліла суддзя Аксана Макарэвіч, паведаміла "Гомельская Вясна".
Гэта будзе чацвёрты на Гомельшчыне судовы працэс з гэтай нагоды, пра які стала вядома праваабаронцам.
Вядома, што 28 студзеня — праз два дні пасля выбараў* — Наталлю судзілі за "распаўсюд экстрэмізму". Вынік таго судовага пасяджэння высвятляецца.