viasna on patreon

Абнаўленне "спіса тэрарыстаў" і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 27-28 лютага

2025 2025-02-28T13:55:26+0300 2025-02-28T13:55:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalonija_fota.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-28 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 21 прозвішча — цяпер у ім 4990 чалавек

Міністэрства ўнутраных справаў 28 лютага зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі былога старшыню Віцебскага падраздзялення БНФ Іосіфа Дулебу, былога інспектара Службы бяспекі аэрапорта "Мінск-2" Анатоля Крупіна, а таксама 71-гадовага Пятра Філіповіча.


Сяргея Чалага збіраюцца прымусова высяляць з мінскай арэнднай кватэры

sjarhei-czaly_2.jpg
Сяргей Чалы

У судзе Савецкага раёна Мінска 27 лютага разглядаўся грамадзянскі іск камунальнага прадпрыемства "Мінскія гарадскія інтэрнаты" да Сяргея Вячаславіча Чалага.

Як вынікае з прадмету спрэчкі, яго збіраюцца прымусова выселіць з займанай арэнднай кватэры, але ў нікуды ўсё ж не выганяць — узамен прапануюць нейкае іншае жыллё, паведаміла 27 лютага "Наша Ніва".

Сяргей Чалы — вядомы эканаміст. З 2021 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, жыве ў Польшчы.


У "спіс тэрарыстаў" дадалі трох чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 27 лютага абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы 3 чалавек.

Сярод іх Павел Шорахаў, Аляксандр Судніковіч, Антон Ільін.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1250 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.


Палітзняволенага грамадзяніна Арменіі пачалі судзіць за "непадпарадкаванне адміністрацыі" ваўкавыскай калоніі

kalonija_fota.jpg
Здымак мае ілюстрацыйны характар

51-гадовага жыхара Віцебска і грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна асудзілі летась да двух гадоў калоніі за "абразу Лукашэнкі".

Паводле версіі абвінавачвання, мужчына нападпітку ў службовым аўтамабілі пры супрацоўніках аддзела Дэпартамента аховы неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Лукашэнкі.

У кастрычніку мінулага году мужчыну адправілі адбываць тэрмін у калонію № 11 у Ваўкавыску.

27 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна адбудзецца разгляд справы Ярванда паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справу будзе разглядаць Ганна Каралевіч.


Сацсеткі ўкраінскага журналіста Дзмітрыя Гардона ў Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі"

Пра гэта паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы 27 лютага.

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска.

Таксама "экстрэмісцкай" прызналі старонку журналісткі Алены Чарняўскай у Instagram

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 25 лютага.

Агулам у спіс дадалі старонкі ў Instagram "Асацыяцыя Палітвязняў Беларусі" і "Чаты 97%", старонкі ў "Аднакласніках" "Зьмiцер Кайтанаў", "ИННА БОРИСЕВИЧ", "Виталий Казимир", "Беларусь-Украина за мир!", "Беларусь-Польша-Украина-Литва", а таксама Telegram-канал "ГРИФОН501".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства