viasna on patreon

У Крымінальны кодэкс уносяць змены: юрысты распавядаюць, што важна ведаць

2025 2025-02-28T12:56:16+0300 2025-02-28T12:56:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ugolovnyj_kodeks.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Закон "Аб змяненні кодэксаў паводле пытанняў крымінальнай адказнасці" афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by. Ён уносіць змены ў Крымінальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс. У дакуменце перагледзелі санкцыі 97 складаў злачынстваў, з іх 65 складаў дапоўненыя больш мяккімі відамі пакаранняў. Нягледзячы на шэраг пазітыўных зменаў, таксама з'яўляюцца новыя падставы для палітычна матываванага пераследу. Юрыдычная служба "Вясны" распавядае пра некаторыя важныя змены.

Иллюстративное фото. Источник: 4esnok.by
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: 4esnok.by

"Крымінальнае заканадаўства з аднаго боку змянілася ў лепшы бок, але калі паглыбіцца, то становіцца відавочным, што дзяржава не гатовая змякчаць пакаранне і паляпшаць становішча асобаў, што пераследуюцца паводле палітычных матываў, у тым ліку і тых, хто з'ехаў з краіны", — кажуць юрысты.

Новыя рэпрэсіўныя нормы

Папраўкі таксама пашыраюць спіс артыкулаў, паводле якіх беларусаў можна будзе судзіць завочна. Напрыклад, за "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь", "абразу прэзідэнта", "здзек з дзяржсімвалаў". У Крымінальны кодэкс таксама прапануецца ўвесці паняцце "прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў" і абараніць яго з дапамогай увядзення новага крымінальнага артыкула "гвалт або пагроза" ў дачыненні да экс-прэзідэнта, а таксама ўключэннем гэтага суб'екта ў артыкул 367 (паклёп на прэзідэнта) і 368 (абраза прэзідэнта).

"Рыхтуе магчымасці для новых шырокамаштабных рэпрэсій", – праваабаронца пра новыя змены ў КК

Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка коратка прааналізаваў новыя змены.

Некаторыя санкцыі артыкулаў дапоўненыя больш мяккімі відамі пакаранняў, напрыклад, санкцыя ч. 1 арт. 328 КК дапоўненая арыштам, або памер пакаранняў паменшыўся. Аднак пакаранні паводле палітычных артыкулаў амаль не змяніліся. Напрыклад, артыкул 342 або 367 КК. Акрамя таго, артыкул 411 КК, які на заканадаўчым узроўні замацоўвае адвольнае пазбаўленне волі, не быў выключаны і не змяніўся.

Таксама ўводзіцца новы артыкул — арт. 375-3 "Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў". Санкцыя паводле яго прадугледжвае штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін, пры здзяйсненні групай, або з карыслівых памкненняў, або тое, што пацягнула цяжкія наступствы — да шасці гадоў. Як адзначаюць эксперты БХК, увядзенне такога складу звязана з вайной ва Украіне і накіраванае на пераслед людзей, якія паведамляюць аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Дагэтуль людзі пераследаваліся за такія дзеянні паводле іншых артыкулаў: садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК), удзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361-1 КК), здрада дзяржаве (арт. 356 КК).

Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі

Агульныя захады | праваўжывальная практыка | ключавыя рэакцыі міжнародных структур

Зняць судзімасць стане складаней

Юрысты звяртаюць увагу, што цяпер прэтэндаваць на зняцце судзімасць стане складаней (ч.1 арт. 98 КК).

Паводле старой рэдакцыі Крымінальнага кодэкса, для зняцця судзімасці датэрмінова неабходна даказаць, што асоба вядзе законапаслухмяны лад жыцця і дачакацца заканчэння не менш за палову тэрміну судзімасці. Аднак новая рэдакцыя змяшчае дадатковыя ўмовы зняцця судзімасці датэрмінова:

  • пакрыць нанесеную злачынствам шкоду;
    Выкананне гэтага крытэра за кароткі тэрмін з'яўляецца цяжкавыканальнай задачай, улічваючы, напрыклад, сумы кампенсацый нанесенай матэрыяльнай шкоды за парушэнне руху грамадскага транспарту і працу прадпрыемстваў у поствыбарчы (2020) перыяд
  • выплаціць прыбытак, атрыманы злачынным шляхам, прыбытак, атрыманы ад выкарыстання маёмасці, здабытай злачынным шляхам;
  • быць занятым у адпаведнасці з заканадаўствам аб занятасці насельніцтва.

Аднак, як адзначаюць юрысты, у вызваленых з месцаў пазбаўлення волі ўзнікаюць складанасці з працаўладкаваннем, бо наймальнікі ў большасці выпадкаў адмаўляюць у прыёме на працу людзей, што адбылі тэрмін паводле палітычных артыкулаў.

Непаўналетнім за здзяйсненне менш цяжкага злачынства не прызначаць пазбаўленне волі

Цяпер за здзяйсненне менш цяжкага злачынства (ч. 3 арт. 12 КК) непаўналетняму не прызначаецца пазбаўленне волі (змены набываюць моц 03.03.2025).

Да менш цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжанае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не больш за шэсць гадоў, а таксама злачынствы, учыненыя па неасцярожнасці, за якія законам прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін больш за два гады.

Раней выключэнне тычылася толькі злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Аднак гэтае правіла ўжываецца не да ўсіх непаўналетніх. Напрыклад, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія не пражываюць стала ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама асобы, што ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, не падпадаюць пад выключэнне.

Памілаванне асуджаных да смяротнага пакарання

Частка 3 артыкула 59 КК, якая прадугледжвае, што смяротнае пакаранне ў парадку памілавання можа быць замененае пажыццёвым пазбаўленнем волі – выключаная. Новая рэдакцыя КК не ўтрымлівае дадатковых абмежаванняў па памілаванні асуджаных да смяротнага пакарання. Гэта азначае, што асуджанага да смяротнага пакарання могуць вызваліць ад пакарання альбо замяніць смяротнае пакаранне на пажыццёвае пазбаўленне волі. На практыцы такі падыход ужо ўжываўся: асуджанага да расстрэлу грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера вызвалілі актам памілавання.

Узяцце пад варту

Уведзеныя абмежаванні на ўжыванне захадаў стрымання – змяшчэнне пад варту (змены набываюць моц 21.05.2025). Гэтая мера стрымання не ўжываецца ў дачыненні да непаўналетняга, жанчыны ці самотнага мужчыны, што выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў або дзяцей з інваліднасцю, якія падазраюцца або абвінавачваюцца ў здзяйсненні менш цяжкага злачынства, не спалучанага з замахам на жыццё і здароўе чалавека, асобы, што пакутуе на цяжкае захворванне, якая падазраецца або абвінавачваецца ў здзяйсненні менш цяжкага альбо цяжкага злачынства, не спалучанага з замахам на жыццё і здароўе чалавека. Гэта важны крок у бок паляпшэння становішча асобаў, пазбаўленых волі.

Аднак гэтае правіла не распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці", што не адпавядае прынцыпу роўнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства