Аналітыка Андрэя Паротнікава асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Мінскім абласным судзе да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі аналітыка і палітолага Андрэя Паротнікава. Палітвязня абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) і "змове з мэтай захопу ўлады" (ч. 1 арт. 357 КК). Прысуд Вячаслаў Тулейка вынес яшчэ 31 кастрычніка 2024 года, але пра яго стала вядома толькі цяпер. Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці абвінавачвання і пазіцыя Андрэя Паротнікава невядомыя. На 14 сакавіка прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі на прысуд палітвязня.
Андрэй Паротнікаў — палітолаг, спецыяліст па праблемах бяспекі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog; член Рады арганізацыі "Правы альянс" (2010-2011). Яго затрымалі ў сакавіку 2023 года ў Маскве і змясцілі ў СІЗА КДБ Мінска. Андрэя Паротнікава абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК); "змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады" (ч. 1 арт. 357 КК); "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-4 КК); "уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання" (ч. 3 арт. 361-1 КК); "перашкода здзяйсненню выбарчых правоў" (ч. 2 арт. 191 КК).
У жніўні 2023 года АНТ выпусціў з аналітыкам прапагандысцкі фільм, у якім распавялі, што абвінавачваюць Паротнікава у тым, што ён "веў свой блог і збіраў аналітыку па Беларусі, а таксама перапісваўся з калегамі-экспертамі".