Мытнік, выкладчыца, прадпрымальнікі: каго прызналі палітвязнямі ў лютым
Сёння ў Беларусі налічваецца 1234 палітычных зняволеных. За другі месяц 2025 году выйшлі тры заявы па прызнанні палітвязнямі новых людзей — да спісу дадаліся яшчэ 33 чалавекі (яшчэ 16 былі прызнаныя "былымі палітвязнямі"). "Вясна" распавядае пра некаторых з іх.
14 чалавек былі абвінавачаныя ўладамі нібыта за "распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы" паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу і шэрагу іншых артыкулаў. Яшчэ 19 чалавек абвінавачаныя паводле рознага кшталту дыфамацыйных артыкулаў за каментары ў бок прадстаўнікоў улады.
![]()
Блогерка, медсястра, эстонец, бізнесоўцы: каго прызналі палітвязнямі ў студзені
Аляксандр Сезень неаднаразова затрымліваўся міліцыяй яшчэ да 2020 года, ён вёў цяжбу з рознымі дзяржаўнымі структурамі і пісаў скаргі. Чарговы раз яго затрымалі 13 лістапада 2024 году. У ягонай кватэры ў Гродна быў праведзены ператрус. Па некаторых звестках, адбыўся таксама пазнейшы начны ператрус, калі сам Сезень, які мае значныя праблемы са здароўем, знаходзіўся ў шпіталі. Цяпер ён знаходзіцца ў Турме № 1.
Юрыя Залатухіна затрымалі напрыканцы верасня 2024 года. Тады яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Праз 15 сутак зноў адбыўся суд па гэтым жа артыкуле, таму, хутчэй за ўсё, яму двойчы прызначалі арышт, пасля чаго перазатрымалі ў межах крымінальнай справы.
Мяркуючы па сацсетках, жонка Юрыя — украінка Ірына. Вядома, што Юрый пэўны час працаваў на будоўлі, але інфармацыі пра яго апошняе месца працы няма.
Леаніда Церабея затрымалі разам з жонкай Антанінай у чэрвені 2024 году. Вядома, што ў іх ёсць дзіцёнак. Праўладныя каналы таксама сцвярджалі, што жонцы, верагодна, вынесуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, а "вось галава сямейства пасядзіць". Насамрэч, жанчыну асудзілі да "хатняй хіміі", а Леаніда пазбавілі волі на тры гады.
Анатолю Крупіну на момант затрымання ў 2024 годзе было 65 год. У 1993-2015 гадах мужчына працаваў у аэрапорце "Мінск-2" інспектарам службы бяспекі. У 2016 годзе ён згадваўся як начальнік змены авіяцыйнай бяспекі і рэжыму: тады ў аэрапорце затрымалі грамадзянку Расіі за няўдалы жарт пра траціл у багажы. Сітуацыю каментаваў менавіта Крупін. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.
Віктар Вераб'ёў — мытнік. Яго пачалі судзіць 14 лютага 2024 году ў Мінскім гарадскім судзе адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Віктар — уражэнец Расійскай Федэрацыі, але мае беларускае грамадзянства. Жыў у Ратамцы. У 2014 годзе аб'яўляўся зніклым без вестак, у сувязі з чым для яго ўстанавілі кантроль перасячэння мяжы. З 2018-га года Віктар працаваў старшым інжынерам сувязі на мытні. Верагодна, з гэтым і звязана крымінальная справа супраць мужчына за "перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў".
Аляксандр Яворскі з Петрыкава, ён займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы гандлю харчовымі прадуктамі, напоямі і тытунём, валодаў крамай "Салеман". У кастрычніку 2020 года мужчына далучыўся да агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага Святланай Ціханоўскай — і нават запісаў з гэтай нагоды відэазварот. Адна з дзяржаўных прапагандысцкіх газетаў тады яшчэ са здзекам цытавала ягоныя словы з відэа. Цяпер яго судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Сяргею Цераховічу з Гродна пры затрыманні ў 2024 годзе было 42 гады. Паводле звесткак "Белпола", ён да канца 2016 года служыў старшым тэхнікам у памежнай часці 2141, якая абслугоўвала пункт "Брузгі" на беларуска-польскай мяжы. Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы — Сяргей самастойна адкрыў шлагбаўм і дазволіў "грамадзянцы Цераховіч" (незразумела, гэта яго сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску. Паводле звесткак Digital Intelligence Team, пасля 2016 года Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы "Севіры Сэрвіс", якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсць статус ІП, сферай дзейнасці якога пазначана "Паштовая ды кур'ерская дзейнасць". Цяпер ён знаходзіцца ў Турме № 1 і абвінавачваецца ў "здрадзе дзяржаве".
Карына Маліноўская была затрымана ў лістападзе 2024 года, калі адпачывала з сяброўкай у кафэ. Ёй прад'явілі абвінавачванне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі ў лютым 2025 году. Прысуд невядомы. У Карыны двое непаўнагадовых дзяцей. Жанчына родам з Барысава, у Мінску вучылася на цырульніцу, а пасля ў жаночым інстытуце "Энвіла". Пасля яго ліквідацыі паступіла на гуманітарна-эканамічны факульт Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Вядома, што Карына цікавіцца псіхалогіяй, мела бізнес па продажы святлодыёднага асвятлення. Захапілася нутрыцыялогіяй ды, магчыма, зарабаляла, прадаючы БАДы.
Алена Бадзяка родам з Глыбокага, пры затрыманні ў 2025 годзе ёй было 29 гадоў. У 2019 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Пазней яна працавала выкладчыцай англійскай мовы ў розных прыватных школах — Step by Step, Kidslab і іншых. Яе пачалі судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу ў студзені 2025 году.
Армэн Арзуманян родам з Азербайджана, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі і мае беларускае грамадзянства. Больш за 15 гадоў Армен трымае крамы падарункаў, апошняя з іх — Podari Minsk. Там прадаюцца кнігі-сейфы, вазы, сувеніры і іншыя дробныя прэзенты.
Таксама мужчына піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў на "X-фактары" — спачатку ў 2018 годзе ва Украіне, а пасля ў 2021 у Беларусі. Адметна, што ў беларускім праекце ён атрымаў ад удзельнікаў журы адказ «так», але далейшых выпускаў з яго ўдзелам чамусьці так і не паказалі.
Армен расказваў у інтэрв'ю, што дапамагае бяздомным жывёлам. Сам ён, кажа, выратаваў некалькі соцень. У сваёй хаце ён уладкаваў домікі для жывёл на зіму і лета. А яшчэ валанцёрыць у арганізацыях, якія ратуюць жывёл. Яго асудзілі да пазбаўлення волі, дакладны тэрмін невядомы.
Наталля Васіленка — жанчына з трэцяй групай інваліднасці. У 2017 годзе яна з прычыны медыцынскіх абмежаванняў не магла ўладкавацца на працу, і яе збіраліся выселіць з жылля за даўгі. Раней Наталля працавала ў будаўнічай арганізацыі, але пасля таго, як не выявілі эпілепсію, урачы напісалі спіс абмежаванняў па працы. Пасля грамадскага рэзанансу ўлады адклікалі пазоў, а пагасіць даўгі Наталля змагла з дапамогай Нобелеўскага лаўрэата, пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Пасля гэтага яна ўвесь час дапамагала гамяльчанцы, падключыліся да дапамогі і многія іншыя неабыякавыя людзі.
У верасні 2024 года Наталля патрапіла пад "хапун" сілавікоў: яе затрымалі за "экстрэмісцкія" падпіскі. Гамяльчанку прымусілі зняцца ў "пакаяльным" відэа, на якім яна не раскаялася, і на пытанне, як яна ставіцца да ўлады, наўпрост адказала: "Дрэнна". Пасля гэтага адпусцілі пад падпіску. Пра ўсё гэта яна таксама расказвала ў сацсетках, а ў апошнім пасце напісала аб тым, што яе прыйшлі браць пад варту — у межах крымінальнай справы. Таксама Наталля выкладала фота з парэзанымі венамі на руцэ. Яе асудзілі да пазбаўлення волі, дакладны тэрмін невядомы.
Карына Праташчык родам з Мінска. Яна вельмі творчы чалавек — любіць падарожнічаць, фатаграфаваць і рабіць розныя рэчы рукамі. А пяць гадоў таму стварыла ўласныя развіваючыя карткі для дзяцей. Мяркуючы па сацсетках, у дзяўчыны ёсць муж і непаўналетняе дзіця. Па звестках "Белпола", з 2017 года Праташчык працавала на "Пеленгу". Апошнім часам — кантралёрам аптычных дэталяў і прыбораў 5 разраду ў бюро тэхнічнага кантролю аптычнай і касмічнай вытворчасці. Яна займалася праверкай якасці аптычных вырабаў. Верагодна, яе затрымалі падчас масавага пераследу супрацоўнікаў "Пеленга" і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі.
Руслан Зубкоў у апошнія гады жыў і працаваў у Польшчы. Ён любіць падарожнічаць, а ў ліпені 2023 шукаў працу рознарабочым у Кракаве або ваколіцах. Апошні раз ён абнаўляў сацсеткі ў верасні 2023 года. У снежні 2023 года Зубкова ўнеслі ў спіс удзельнікаў экстрэмісцкага фарміравання "Расія — гэта зло". У чэрвені 2024 году яго асудзілі да пазбаўлення волі, дакладны тэрмін невядомы.
Максім Ермаловіч быў затрыманы яшчэ ў студзені 2023 года. Тады праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджалі, што ён павёўся на фэйкавую рассылку плана "Перамога" і напісаў, што гатовы "выконваць заданні". Як адзначала "Наша Ніва", акаўнт Ермаловіча дагэтуль актыўны, і нехта пакідае з яго каменты. Выданне схільнае лічыць, што гэтым займаецца ГУБАЗіК, бо затрымлівалі Максіма менавіта яны, а ўсе каментары з акаўнта прысвечаныя крытыцы ўдзельнікаў "Байпола", у кіраўніцтве якога былыя губазікаўцы.
Даніла Чыбісаў — студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. 18 кастрычніка 2024 года ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля яго разам з маці Аленай Чыбісавай асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (рапсаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік таго судовага пасяджэння невядомы. А таксама і дата, калі Данілу ўзялі пад варту. Вядома, што ў лютым 2025 году яго пачалі судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Павел Лашчанка — бізнэсовец, кіраўнік аўдытарскай кампаніі Ernst&Young. Паўла затрымалі і змясцілі ў СІЗА па абвінавачванні ў адным з палітычных артыкулаў. Вядома, што крымінальная справа ўзбуджана за падзеі 2020 года. У 2020 годзе, у разгар збіцця грамадзян міліцыяй, за подпісам Лашчанкі выйшаў ліст да кіраўнікоў сілавых і дзяржаўных органаў, у якім ён выказаў сумнеў у агучаных Ярмошынай лічбах, а таксама заклікаў усіх адумацца і вярнуцца да законнасці.
Ігар Шуканаў — супрацоўнік лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Яго жорстка затрымалі першага жніўня 2024 году на працоўным месцы. Нафтаперапрацоўшчыка вывезлі за прахадную завода і зладзілі ягонае паказальнае збіццё. Пасля сілавікі апублікавалі відэа з ім на праўладных каналах. На ім была бачная вялізная гематома і рассечаная скура пад-над правым брывом.
Першага жніўня ў судзе Мазырскага раёна адбыўся адміністрацыйны суд над ім. Мужчыну абвінавачвалі паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Верагодна яму прызначылі суткі, пасля якіх Ігар не выйшаў. Цяпер яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.