viasna on patreon

Ціск на журналістаў і суд за "распаўсюд экстрэмізму": хроніка пераследу 25-26 лютага Дапоўнена

2025 2025-02-26T10:39:58+0300 2025-02-28T13:42:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pavel-szuscin_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" сацсеткі армянскай блогеркі, якую на ўрадавым бізнес-джэце вывезлі ў Арменію

Гаворка пра сацсеткі блогеркі Бэлы (Розы Бабаханян). Адпаведнае рашэнне 24 лютага прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомеля. Адзначым, што менавіта 24 лютага жанчыну адправілі на радзіму на беларускім урадавым самалёце.

Таксама спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты "by Zluki Bobry/Злюки Бобри", "Божа Справа", "Акультныя практыкi", "Zrobleny ū Miensku", "Беларусы Кипра", "Беларусы Анталии";
  • Instagram старонкі "nesluchajno.bу", "vyboryvbelarusi2020", "rusdemsociety_serbia", "nexta_live_belarus";
  • Фотаздымкі старонак у "Аднакласніках" "По Пиццот", "Галина Витковская";
  • Старонка ў TikTok "Klim Zlobič 0.1", "Lahvich", "Osveta".

"Медыязону Беларусь" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 26 лютага.

Паведамляецца, што такое рашэнне прынятае "за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб".


Ксяндза Дзмітрыя Мальца, верагодна, затрымалі на мяжы пасля вяртання з камандзіроўкі

dzmitryi-malec_1.jpg
Дзмітрый Малец

Як паведаміла 26 лютага "Хрысціянская візія", затрыманага ў суботу каталіцкага святара Дзмітрыя Мальца, вікарыя парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, верагодна, затрымалі падчас перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі ў пункце Цярэспаль-Брэст, калі ён вяртаўся з замежнай паездкі — падчас праверкі мабільнага тэлефона.

Менавіта гэтым тлумачыцца, што суд у дачыненні да святара праходзіў у судзе Маскоўскага раёна Брэста — там разглядаюцца справы, звязаныя з парушэннямі, якія тычацца перасячэння дзяржаўнай мяжы на гэтым памежным пераходзе.

Мяркуючы па складзе правапарушэння (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) у мабільным тэлефоне ксяндза былі знойдзеныя падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы.


Беларускай журналістцы ў эміграцыі сапсавалі дзверы мінскай кватэры

taccjana-aszurkevicz_dzvery-kvatery.jpg
Пашкоджаныя дзверы кватэры журналісткі Таццяны Ашуркевіч

Журналістка Таццяна Ашуркевіч расказала ў Facebook 25 лютага, што ў Мінску невядомыя сапсавалі дзверы кватэры, дзе яна раней жыла.

"На выходных даведалася, што павінна камусьці "вернуть долг": так зараз выглядаюць дзверы кватэры ў Мінску, дзе я прапісаная і жыла адна. Унутры дзверы былі заліты клеем, яе было немагчыма адчыніць.

Мабыць, выпадкова супала з тым, што пасля тэксту ў Politico аб міграцыйным крызісе фэйкавыя акаўнты пачалі віншаваць мяне з крымінальнымі справамі па "дыскрэдытацыі РБ", "абразе" і "паклёпе" на Лукашэнку і іншай радасцю.

А ў тую ж раніцу "заклееных дзвярэй2 мяне прыйшлі шукаць з міліцыі. "Вярні доўг" радзіме, але ёсць нюанс".


У Светлагорску за "распаўсюд экстрэмізму" судзілі чальца выбарчай камісіі на выбарах 2020 года

pavel-szuscin_1.jpg
Павел Шусцін

Як паведаміла "Гомельская вясна", у Светлагорску 24 лютага суддзя Валерый Мінчын абвінаваціў мясцовага жыхара Паўла Шусціна паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Павел Шусцін да апошняга часу працаваў на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце і ўзначальваў там грамадскую камісію па ахове прыцы. У 2020 годзе Шусцін уваходзіў у склад участковай выбарчай камісіі № 19, што месцілася ў светлагорскай ДЮСШ № 2. Туды ён нібыта быў вылучаны грамадзянамі шляхам падачы заявы.


У суд накіравалі справу ў дачыненні да пяці беларускіх добраахвотнікаў

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаныя здзейснілі "шэраг злачынстваў экстрэмісцкай, тэрарыстычнай і іншай накіраванасці".

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства