Тры гады вайны. Як у Беларусі пераследуюць за падтрымку Украіны
Сёння тры гады поўнамаштабнаму ўварванню Расіі ва Украіну. У нашай краіне працягваюць масава пераследаваць за любую падтрымку Украіны і выказванне салідарнасці. Па стане на 24 лютага 2025 года ў Беларусі як мінімум 41 чалавека асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя мінімум 30 чалавек. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асудзілі мінімум 93 чалавекі.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны актыўнаму пераследу падвяргаюцца ўкраінцы ў Беларусі. Пры ўездзе ў нашую краіну іх пільна даглядаюць і дапытваюць спецслужбы, а некаторых не ўпускаюць без тлумачэння прычынаў. Некаторыя ўкраінцы зазнаюць крымінальны пераслед за "агентурную дзейнасць", "спробы дыверсій" і "шпіянаж". На сёння ў Беларусі асудзілі як мінімум 13 грамадзянаў Украіны.
Распавядаем у лічбах пра пераслед за падтрымку Украіны, а таксама ўзгадваем гучныя справы, па якіх за апошні год судзілі беларусаў і грамадзянаў іншых краінаў.
Пераслед за падтрымку Украіны ў лічбах
Па стане на 24 лютага 2025 года агулам за падтрымку Украіны ў Беларусі асудзілі як мінімум 209 чалавек, сярод якіх 38 жанчын.
Як мінімум 41 чалавека асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. Звычайна беларускія ўлады расцэньваюць данаты, як "фінансаванне вайны" і судзяць беларусаў паводле ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) Крымінальнага кодэкса. За намер ваяваць на баку Украіны судзяць паводле ч. 1 арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы альбо падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу) Крымінальнага кодэкса. Па гэтым артыкуле асуджаныя мінімум 30 чалавек. Беларусы перадаюць фота і відэа перасоўвання расійскай ваеннай тэхнікі ў незалежныя СМІ і ініцыятывы, якія амаль усе прызнаныя ўладамі "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Праз гэта беларусы зазнаюць крымінальны пераслед нібы за "садзейначанне экстрэміскай дзейнасці" (арт. 361-4 КК) або за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК). З гэтай нагоды судзілі мінімум 93 чалавекі. Таксама ў сувязі з вайной ва Украіне ў Беларусі судзяць за "здраду дзяржаве" (арт. 356 КК) і за "акт тэрарызму" (арт. 289 КК). Па гэтых артыкулах асудзілі мінімум 35 і 24 чалавекі адпаведна.
Як пераследвалі беларусаў за падтрымку Украіны ў папярэднія два гады вайны ва Украіне можна пачытаць у нашым леташнім матэрыяле па спасылцы тут.
Гучныя справы, па якіх судзілі беларусаў і грамадзянаў іншых краінаў
У Беларусі працягваюць пераследваць за любую публічную падтрымку Украіны або за выказванне адмоўнага стаўлення пра вайну ў суседняй краіне. Прычынай пераследу можа стаць лозунг "Слава Украіне" або сцяжок жоўта-блакітнага колеру на аватарцы ў сацсетках. За гэта грамадзянаў падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту або прызначаюць штраф.
Так у траўні 2024 года ў Брэсце затрымалі вядучага святаў Юрася Капуцкага. Ён размясціў на сваёй старонцы ў Instagram пост з воклічам "Слава Украіне! Героям слава!".
Сёлета ў чэрвені затрымалі студэнта, які ў адкрытым тэлеграм-чаце пісаў пра жаданне паехаць ва Украіну і ваяваць супраць расіян. Жыхара Віцебска Паўла Іванова затрымалі летам за тое, што пісаў каментары ў падтрымку Украіны.
У траўні на беларускай мяжы затрымалі 18-гадовую грамадзянку Украіны Кацярыну Гарсцючэнка. Дзяўчына вярталася з Польшчы ў Беларусь. На мяжы яе затрымалі за фотаздымак 4-гадовай даўніны ў тэлефоне. Праз вайну ва Украіне дзяўчына атрымала ў Беларусі статус дадатковай аховы, дзе пражывала апошнія два гады.
Новалукомскага пастара Аляксандра Зарэцкага затрымалі 22 лютага 2024 года за тое, што ён маліўся за Украіну. Яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак па артыкуле 19.11 КаАП. Напачтку сакавіка яму зноў прызначылі 15 сутак арышту нібы за "несанкцыянаванае пікетаванне". Такім палічылі прамову падчас набажэнства.
У красавіку 2024 года палітзняволены віцебскі лекар Аляксандр Рандарэнка ўдзельнічаў у анлайн-стрыме чат-рулеткі з правакатарам, падчас якога меў на стале ўкраінскі вымпел і сярод іншага выкрыкваў "Слава Украіне". Мужчыну прызначылі 75 сутак адміністрацыйнага арышту, у тым ліку за выказванне падтрымкі Украіне. Зімой таго ж года яго асудзілі паводле двух крымінальных справаў на 4 гады калоніі.
У дачыненні да васьмі "каліноўцаў" распачалі спецвытворчасць — іх будуць судзіць завочна
Пра гэта стала вядома ў снежні 2024 года. Гаворка пра Аляксея Манчынскага, Рамана Яроменку, Паўла Кахновіча, Яўгена Каранкевіча, Аляксандра Пятроўскага, Яўгена Салохіна, Ягора Іспянькова, а таксама былога палітвязня Ціхана Клюкача.
Ім інкрымінавалі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за намер ваяваць на баку Украіны (ч.1 арт.13 і ч.1 арт. 361-3). Мужчынаў запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.
Варта адзначыць, што акрамя крымінальнага пераследу саміх ваяроў, улады аказваюць ціск на сем'і каліноцаў. Сілавікі ўламваюцца і грамяць кватэры сваякоў каліноўцаў, затрымліваюць іх і запісваюць "пакаяльныя відэа". Так напрыканцы лютага 2024 года сілавікі прымусілі бацьку каліноўца Дзяніса Урбановіча сказаць на відэа, каб той кідаў вайну і вяртаўся дамоў: "Можа не расстраляюць тут, 10 лет адседзіш".
Полк Каліноўскага прызналі "тэрарыстычнай арганізацыяй"
Адпаведнае рашэнне прыняў Вярхноўны суд Беларусі па заяве генпракурора Андрэя Шведа. Пра гэта стала вядома 25 верасня 2024 года.
Ілюстратарцы з Брэсту 6 гадоў калоніі за данаты "Палку Каліноўскага"
Палітзняволеная Наталля Левая пасля пачатку вайны ва Украіне выехала ў Польшчу, дзе працавала 2D-ілюстратаркай. А зімою 2023 года яна вырашыла вярнуцца на радзіму, дзе яе і затрымалі.
Паводле версіі абвінавачвання, палітвязнволеная Наталля Левая цягам 2021 – 2022 гадоў нібы пералічыла на банкаўскія рахункі прадстаўнікоў "экстрэмісцкіх фармаванняў", у тым ліку Палка Каліноўскага, агульную суму каля 1275 еўра.
У ліпені 2024 года ў Брэскім абласным судзе Наталлю асудзілі паводле трох крымінальных артыкулаў на шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Таксама за данаты Палку Каліноўскага і ў фонд салідарнасці BYSOL асудзілі 57-гадовага маладзечанца Аляксандра Верасовіча. У красавіку 2024 года ў Мінскім абласным судзе яму прызначылі шэсць гадоў калоніі па двух крымінальных артыкулах: "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2) і “фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях” (ч. 2 арт. 361-3 КК).
У Беларусі ФСБ затрымала сына "вагнераўца", якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з легіёнам "Свабода Расіі"
У Расіі 29-гадовага Яўгена Убіраева абвінавачваюць у супрацоўніцтве з легіёнам "Свабода Расіі", які ваюе супраць расійскай арміі ва Украіне, паведаміла 17 лютага 2025 гоада "SOTAvision".
Паведамлялася, што мужчына разам з жонкай жылі ў Арменіі. Там Убіраеў беспаспяхова спрабаваў атрымаць замежны пашпарт, а праз 180 дзён быў вымушаны здзейсніць візаран. Для гэтага ў снежні 2024 года ён прыляцеў у Беларусь. На зваротным шляху Убіраева ў мінскім аэрапорце затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА-1 Екацярынбурга.
Асудзілі беларусаў і ўкраінца, затрыманых па справе аб "падрыхтоўцы тэрактаў"
Напрыканцы снежня 2024 года вядомыя падрабязнасці справы, падчас якой судзілі траіх палітзняволеных: беларусаў Івана Бародзіча і Барыса Пухальскага, а таксама ўкраінца Івана Ліхалата. Праўладныя крыніцы паведамілі, што іх асудзілі на тэрміны ад 11 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Дакладныя тэрміны кожнаму з іх не паведамляліся
Нагадаем, пра затрыманне шасці чалавек КДБ паведаміў 11 верасня 2024 года. Пра гэта стала вядома з прапагандысцкага фільма, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ.
У фільме сцвярджалася, што "раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову". Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі. Паводле прапагандыстаў, першапачаткова трое выконвалі задачы па зборы інфармацыі.
Справа выбуху на аэрадроме ў Мачулішчах: да 25 гадоў калоніі
У лютым 2023 года на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах здарыліся выбухі, у выніку чаго быў пашкоджаны каштоўнасны самалёт дальняй выведкі ДРЛВ А-50, які выкарыстоўвалі для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.
Паводле афіцыйных органаў і прапагандыстаў, выканаўцу дыверсіі Мікалая Швеца вызвалілі па абмене з Украінай у чэрвені 2024 года. Акрамя Мікалая па справе праходзяць Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў і яго жонка Анастасія Пілько, Дзяніс Сакалоў. Усе яны нібы дапамагалі Швецу ў справе, але дакладна не ведалі, хто ён такі.
Алега Сычова 20 лютага 2024 года ўнеслі ў "спіс асобаў датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Большасць абвінавачваных судзілі завочна: Мікалая Швеца, Аляксандра Азарава, Алу Яцуту, Віталя Якуціка, Яўгенію Тачыцкую, Міхаіла Дзёміна і Сяргея Лопарава.
У Мінскім гарадскім судзе ў жніўні 2024 года ўсіх абвінавачваных асудзілі паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх "акт тэрарызму" (ч. 3 арт. 289 КК) і "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Праваабаронцам вядомыя не ўсе прысуды па гэтай справе. Самыя вялікія – па 25 гадоў калоніі – завочна атрымалі Мікалай Швец, Аляксандр Азараў і Віталь Якуцік.
Бацьку і сыну з Украіны па 20 гадоў калоніі, як "дыверсантам СБУ"
У Лельчыцкім раёне ў лютым 2024 года быў аб’яўлены рэжым "контртэрарыстычнай аперацыі”, пасля чаго КДБ паведаміў пра затрыманне "тэрарыстаў", нібы адпраўленых СБУ для здзяйснення дыверсій у Беларусі і РФ. Паводле прапагандыстаў, былі затрыманыя грамадзяне Украіны Сяргейі Павел Кабарчукі, а таксама жыхар Брэсту Віталь Уласюк. Пры іх нібыта былі выяўленыя выбуховыя прылады, якія прызначаліся для здзяйснення тэрактаў ў Расіі і Беларсуі.
У кастрычніку 2024 года ў Гомельскім абласным судзе бацьку з сынам асудзілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў, сярод якіх "акт тэрарызму" (арт. 289 КК) і "агентурная дзейнасць" (арт. 358-1 КК). Суддзя Яўген Шаршнёў прызначыў Сяргею і Паўлу па 20 гадоў калоніі кожнаму.
Украінца Вячаслава Бародзія і Мікалая Ласоўскага асудзілі да 10 гадоў калоніі, Валянціну Полаз — да 9 гадоў калоніі
У Гомельскім абласным судзе другога снежня 2024 года вынеслі прысуд грамадзяніну Украіны Вячаславу Бародзію, а таксама беларусам Мікалаю Ласоўскаму і Валянціне Полаз. Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў усіх фігурантаў справы вінаватымі і прызначыў Бародзію і Ласоўскаму па 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, па Полаз — 9 гадоў калоніі, паведаміла БелТА. Таксама кожнаму фігуранту прызначылі штраф памерам 550 базавых велічыняў.
Падрабязнасці пераследу ўкраінскага егера сталі вядомыя восенню 2023 года з прапагандысцкага фільма, у якім Вячаслава на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу, а некаторыя выгляаділ моцна збітымі. Агулам трох чалавек абвінавацілі адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку “здрада дзяржаве” і “агентурная дзейнасць”.
У фільме распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны".
Вядомага трэнера па адзінаборствах асудзілі за намер ваяваць за Украіну
Палітвязня Міхаіла Галінскага затрымалі ў чэрвені 2024 года. Пачатку яго асудзілі за "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі", а пазней завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-3 (спроба ўдзелу ў вайне) Крымінальнага кодэкса. Міхаіла асудзілі шостага снежня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Вынік суда праваабаронцам невядомы.
21 лютага Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Галінскага на прысуд.
Міхаіл Галінскі – адзін з найвядомейшых трэнераў па кітайскіх адзінабортсвах. Выхаванцы Міхаіла перамагалі на міжнародных спаборніцтвах па ўшу.
Судзяць палітвязня, якога затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны
Магілёўца Паўла Чуркіна ў 2021 годзе асудзілі да аднаго года калоніі за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 Крымінальнага кодэксу). Павел цалкам адбыў пакаранне і 24 траўня 2022 года выйшаў на волю.
Напачатку красавіка 2024 года стала вядома, што Паўла затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ГУР МО Украіны. Нібыта ён здымаў размяшчэнне "Іскандэраў", каб потым перадаць кадры ВСУ. У якасці пацвярджэння, што Чуркін нібыта быў завербаваны, прапагандысты паказалі ролік, дзе ён на камеру чытае нешта падобнае на тэкст прысягі Украіне.
Цяпер Паўла абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), а таксама ў "падрыхтоўцы да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце" (ч. 1 арт. 361-3 КК). Паўла асудзілі ў Магілёўскім абласным судзе 14 лістапада 2024 года. Вынік суда праваабаронцам невядомы.
Гульца ў покер асудзілі на 5 гадоў калоніі за падтрымку Украіны
Палітзняволены ўраджэнец Барысава Міхаіл Фандо вучыўся ў БДУ і жыў у Мінску. Міхаіл – аматар покера, які ўдзельнічаў у шматлікіх чэмпіянатах, у тым ліку беларускім.
Восенню 2024года ў Мінскім гарадскім судзе Міхаіла асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайны) Крымінальнага кодэкса на пяць гадоў калоніі.
55-гадовую палітзняволленую Жанну Дашкевіч асудзілі за падтрымку Украіны
У Мінскім абласным судзе дзявятага верасня Жанну Дашкевіч асудзілі паводле ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце) Крымінальнага кодэкса. Вынік суда праваабаронцам невядомы. Верагодна, яе асудзілі за падтрымку Украіны.
У Жанны двое дарослых дзяцей — дачка і сын — і не менш за трое ўнукаў. Жанчына займалася сеткавым маркетынгам, кансультавала па правільным харчаванні і ладзіла псіхалагічныя сеансы. Восенню 2024 года імя жанчыны ўнеслі ў "спіс тэрарыстаў".
Палітзняволеную мінчанку асудзілі за данат на дапамогу Украіны
У Мінскім гарадскім судзе 30 ліпеня асудзілі палітзнвяоленую Аліну Хмялеўскую паводле ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) і арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (рэд. страціла моц). Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам невядомая, але звычайна па першым артыкуле ў Беларусі судзяць за падтрымку Украіны ў вайне. Справу разглядаў суддзя Яўген Хаткевіч.
Палітзняволеную айцішніцу асудзілі за "фінансаванне вайны"
Надзеі Каранкевіч 29 гадоў, у 2016 годзе яна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на выкладчыка замежных моваў. Надзея троху больш за год адпрацавала перакладчыцай, а пасля перайшла ў IT, дзе была тэсціроўшчыцай. Жанчыну затрымалі ў лістападзе 2023 года.
У Мінскім гарадскім судзе другога жніўня Надзею асудзілі за "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання" (арт. 361-2 КК) і "фінансаванне вайны" (ч. 2 арт. 361-3). Па апошнім звычайна судзяць тых, хто ахвяраваў на дапамогу Украіне. Працэс вёў суддзя Аляксандр Рудэнка.
Справа ваеннага лекара Рыка Крыгера
У ліпені 2024 года ў СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што 24 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе ваеннага лекара Чырвонага крыжа, грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера асудзілі да смяротнага пакарання шляхам расстрэлу. Немца асудзілі паводле шасці цяжкіх крымінальных артыкулаў, сярод якіх быў “акт тэрарызму” (ч. 3 арт. 289 КК) і "агентурная дзейнасць" (арт. 358-1 КК).
Паводле інфармацыі "Вясны", Рыка Крыгера прызналі вінаватым у"здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК". На падставе яго Крыгеру прызначылі выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання (расстрэлу).
Таксама праваабаронцам стала вядома, што справа вайсковага лекара тычыцца Палка Каліноўскага, а менавіта яго структурнага падраздзялення — замежнага механізаванага батальёна "Western".
Вядома, што 30 ліпеня Рыка Крыгер напісаў памілаванне на імя Лукашэнкі. А ўжо першага жніўня ён быў вызвалены ў межах абмену зняволенымі, які прайшоў паміж ЗША, Расіяй, ФРГ і Беларуссю.
У Брэсце да шасці гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Украіны нібыта за "агентурную дзейнасць"
Брэсцкі абласны суд 15 траўня разгледзеў крымінальную справу супраць грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея. 25-гадовага дыджэя абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько. У чым сутнасць абвінавачання — невядома, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Хутчэй за ўсё Арцёма Макавея затрымалі 27 студзеня 2023 года ў яго дома ў Кобрыне.
У Арцёма ўкраінскае грамадзянства, але ў Беларусі ён жыў з 2009 года. Апошнія гады працаваў дыджэем у Брэсце, Кобрыне, Мінску.
За "супрацу з украінскімі спецслужбамі" асудзілі на 10 гадоў калоніі
На дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 красавіка 2024 года выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве".
У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў "анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк. Сярод затрыманых былі навучэнцы каледжаў у Баранавічах, Нясвіжы, Міры, Мінску і Лунінцы.
У Магілёўскім абласным судзе 19 верасня 2024 года аднаму з маладзёнаў, палітвязню Гарасіму Даніілу, па трох крымінальных артыкулах, у тым ліку за "здраду дзяржаве" (арт. 356 КК) прызначылі 10 гадоў калоніі.
Палітзняволеную Галіну Краснянскую асудзілі на 5 гадоў калоніі за данаты Украіне
67-гадовую жанчыну абвінавацілі ў ахвяраванні беларускім вайсковым фармаванням, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі (ч. 2 арт. 361-3 КК).
Галіна Андрэеўна доўгі час жыла ў Швецыі, была адной з заснавальніц афіцыйнай суполкі беларускай дыяспары, актыўна ўдзельнічала ў яе жыцці. Пры гэтым перыядычна вярталася ў Беларусь да сваякоў. У адзін з такіх прыездаў, імаверна вясной 2023 года яе затрымалі ў Мінску.
Зімою 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе Галіне прызначылі 5 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.
Таксама за данаты Украіне асудзілі беларускамоўную настаўніцу. 23-гадовая Дар'я Хмяльніцкая родам з Мінска. Пасля гімназіі яна паступіла на філфак БДУ на спецыяльнасць "усходняя філалогія", вучыла кітайскую мову.
У Мінскім гарадскім судзе у красавіку Дар’і прызначылі паводле ч. 1 арт 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 361-3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) пяць з паловай гадоў калоніі. Дар’я выйшла на волю зімою 2024 года па памілаванні.
КДБ затрымаў у Драгічынскім раёне 12 чалавек за дапамогу Украіне
Пра затрыманні расказалі ў красавіку 2024 года ў сюжэце АНТ. Сцвярджалася, што жыхары Драгічынскага раёна дапамагалі Службе бяспекі Украіны — забіралі выбухоўку і рабілі тайнікі на тэрыторыі Беларусі. Прапагандысты ў сваім сюжэце назвалі імёны некаторых затрыманых: Дзмітрый Капуза, Уладзімір Капуза, Вольга Капуза, Аляксандр Капуза, Яўген Грук, Віктар Яскіч, Лідзія Грук.
На затрыманых завялі справу паводле арт. 289 ч. 3 (акт тэрарызму ў складзе групы) Крымінальнага кодэкса.
Грамадзянку Украіны абвінавацілі ў шпіянажы і асудзілі на 9 гадоў калоніі
Гомельскі абласны суд, меркавана, 5 сакавіка 2024 года ў закрытым рэжыме вынес прысуд грамадзянцы Украіны, палітзняволенай Наталлі Захаранцы і яе знаёмай Ларысе Крупа. Захаранку абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Украіны паводле арт. 358 Крымінальнага кодэкса, а яе знаёмую ў неданясенні аб злачынстве (ч. 2 арт. 406 КК). Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў.
Гэтая гісторыя атрымала агалоску яшчэ напачатку ліпеня 2023 года, калі жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Да пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання прадпрымальніца Наталля часта ездзіла ў Гомель гандляваць на мясцовым рынку.
Як паведамлялі ўкраінскія медыі, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі.
За намер ваяваць за Украіну маладога курсанта асудзілі на 15 гадоў калоніі
У Гродзенскім абласным судзе 14 жніўня 2024 года палітзняволенага курсанта МУС Іллю Нарышкіна асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-3 (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы, ч. 2 арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса.
Палітвязня Аляксандра Дарагакупца асудзілі да 5,5 гадоў калоніі за данаты
Інжынера-сістэматэхніка Аляксандра абвінавацілі паводле пяці крымінальных артыкулаў у пералічэнні сродкаў розным "экстрэмісцкім фармаванням", у тым ліку Палку Каліноўскага.
У ходзе расследавання крымінальнай справы мужчынамужчына "добраахвотна" пералічыў дзіцячым дамам 600 тысяч долараў.
У выніку ў студзені 2025 года ў Брэсцкім абласным судзе 44-гадоваму жыхару Іванава Аляксандру прызначылі пяць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі.
Справа "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень перамогі": 5 асуджаных
У жніўні 2024 года па гучнай справе за "падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі пад куратарствам Кіева" асудзілі адразу пяць чалавек: 25-гадовага Валера Водзіна (завочна), Андрэя Грыгор'ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Усіх абвінавачвалі у тым ліку ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) і “акце тэрарызму” (ч. 2 арт. 289 КК). Валерыю Водзіну па пяці крымінальных артыкулах завочна прызначылі 20 гадоў калоніі.
15 траўня 2023 года на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысці фільм "Забойная пасылка" смерці: хто і як хацеў здзейсніць тэракт у Дзень Перамогі", дзе распавялі падрабязнасці справы. Там паведамлялася, што нібыта КДБ да Дня перамогі 9 траўня 2023 года "прадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева". Там заявілі, што выбухоўка знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі. Арганізатарам акцыі назвалі 23-гадовага беларуса Валерыя Водзіна, які ваяваў ва Украіне.