viasna on patreon

"Кабанчыку моташна на каруселі". Эксперты БХК прадставілі новы агляд трэндаў дзяржпалітыкі

2025 2025-02-21T11:07:00+0300 2025-02-21T14:13:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhk-trendy-3_kabanchyk.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі Хельсінкскі камітэт апублікаваў агляд Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі: верасень-снежань' 24 і кароткую прэзентацыю трэндаў за ўвесь 2024 год.

Сутнасць прадукту

БХК маніторыць і адсочвае не любыя парушэнні заканадаўства, а толькі тое, што вядзе да якаснай змены і пераходу на новы ўзровень палітыкі дзяржавы, якая парушае правы чалавека наўпрост або стварае ўмовы для іх парушэння. Якасныя змены адсочваюцца паводле трох напрамкаў: агульныя захады, праваўжывальная практыка і ключавыя рашэнні ды рэакцыі міжнародных структур. Перыядычнасць аналітык — тры разы на год, гэта значыць кожны трыместр, або кожныя чатыры месяцы. Зараз БХК прадставіў рэпорт за трэці трыместр 2024 года.

bhk-trendy-3_kabanchyk.png

Кабанчык

Вокладкі кожнай з аналітык трыместаў — маляўнічыя і з сэнсам. Яны генеруюцца з дапамогай штучнага інтэлекту, у іх эксперты БХК спрабуюць адлюстраваць ключавы трэнд канкрэтнага трыместра. Раней гэта быў коцік-касманаўт ды кракадзіл. Цяпер гэта кабанчык на каруселі, якая круціцца.

"Яму ўжо, як мы бачым, моташна ад гэтага, і ён не можа з яе злезці, – расказала экспертка БХК Кацярына Дзяйкала. – І ў гэтым выпадку асноўны трэнд, які мы ўбачылі ў напрыканцы 2024 года, гэта тое, што дзяржава пайшла па другім коле ўносіць змены ва ўжо змененыя раней нормы ў рэпрэсіўным накірунку. І гэта, атрымліваецца, ператвараецца ўжо ў нейкую карусель, ад якой стаміліся ўсе, і ў тым ліку гэты кабанчык. Ён можа сімвалізаваць не толькі кагосьці з боку дэмакратычнай супольнасці, людзі якой стаміліся ад рэпрэсій, але і з боку самой сістэмы — нейкіх чыноўнікаў, якія таксама ўпэўнена ад іх стаміліся. І гэта таксама адлюстроўваецца ў пэўных трэндах".

Акрамя гэтага, БХК прэзентаваў трэнды за ўвесь 2024 год. Пра гэта – ніжэй.

Агульныя тэндэнцыі: па другім коле

2024 год падводзіць рысу пад пяцігадовым перыядам пасля падзей 2020 года, адзначыла экспертка. Як змянялася палітыка дзяржавы ў кантэксце сістэмных захадаў?

2020 год быў шокам для сістэмы, адзначыла Кацярына Дзяйкала. Калі ў 2021 была перанастройка сістэмы, то ў 2022 паляцелі першыя "ластаўкі" – гэта змены нормаў аб спачатку набытым грамадзянстве. Асноўны масіў легалізацыі рэпрэсій і змены заканадаўства пачаў адбывацца ў 2023 годзе. Гэта быў год самага вялікага ўнясення фармалізацый рэпрэсіўных нормаў. У 2024 годзе якасных зменаў у заканадаўстве было прыкметна менш.

"Было відаць, што дзяржава пераварвае ўсё, што яна ў 2023 унесла, уносіць у ніжэйстаячыя акты нейкія змены. І вось пачынаюцца змены па другім коле, то-бок узмацненне жорсткасці раней унесеных рэпрэсіўных нормаў па другім коле", – распавяла Кацярына Дзяйкала.

2023-2024 – гэта асноўныя рэпрэсіўныя гады ў кантэксце палітыкі ды захадаў, якія прымаюцца на ўзроўні заканадаўства. Тады было перагледжана або прынята тры стратэгічных сістэмных дакумента.

Першы, гэта канцэпцыя прававой палітыкі.

"Упершыню пасля 1992 года, калі была прынятая яшчэ да прыходу Лукашэнкі, скажам так, адэкватная канцэпцыя судова-прававой рэформы, якая закладвала фундаментальную аснову для прававога рэфармавання, – адзначыла экспертка БХК. – Дык потым, вядома, калі Лукашэнка прыйшоў і гэта ўсё ў пачатку 2000-х ужо цалкам згарнулася, і гэтая канцэпцыя так і сышла ў нябыт. І вось упершыню пасля гэтага ў 2023 годзе была прынятая канцэпцыя прававой палітыкі, гэта значыць спроба ўнесці нейкія фундаментальныя ідэалагічныя асновы функцыянавання прававой сістэмы. Але толькі тая канцэпцыя 1992 года адэкватнай і накіраванай на дэмакратызацыю прававой сістэмы, а гэтая (2023 года) вядома ж прымалася ў зусім іншых умовах. І мэта ў яе была зусім іншая. Яны ўвялі такое паняцце, як "гісторыка-ідэалагічныя асновы" ды "ідэалагічныя імператывы прававой палітыкі". І коратка гэта можна пазначыць як ідэалагічную аснову беззаконня, калі вызначэнне "патрыятызму" ("ідэалагічныя інтарэсы вышэй асабістых") там і тлумачэнне таго, што наогул прынятыя стандарты павінны быць з папраўкай на асаблівасць беларускага шляху".

Другое, была перагледжаная канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Заканадаўцы стварылі шырокія межы для адвольнага трактавання такіх розных нормаў, звязаных з нацыянальнай бяспекай.

"У прыватнасці, змяніўся падыход да вызначэння крыніцы пагроз нацыянальнай бяспецы – яна стала суб'ектам. То бок, калі раней крыніцай пагроз магла быць толькі сукупнасць фактараў або фактар, то цяпер, пасля гэтага перагляду, крыніцай пагроз можа быць і суб'ект, што прадукуе гэтыя фактары. Гэта пашырае межы адвольнага пераследу".

Трэцяе, была перагледжаная ваенная дактрына. У тры разы павялічылася колькасць рызык і ваенных пагроз. Так, у старой дактрыне іх было 22, цяпер 60, і яны вельмі тыпалагізаваныя, разбітыя на розныя катэгорыі.

"Там вельмі моцна гэтая класіфікацыя развітая. І некаторыя формы выказвання меркавання нязгодных з уладай класіфікаваныя таксама як не проста нейкая крымінальна-каральная дзея, а ў гэтай дактрыне гэта класіфікавана як "вайсковая рызыка" або "выклік", – кажа Кацярына Дзяйкала.

Агульныя трэнды 2023-2024 яшчэ і ў тым, што ў 2024 годзе было засяроджванне на практыцы, а менавіта пашырэння спектру супрацьпраўных практык. Але да канца стала зразумела, што ўсё пайшло па другім коле, адзначае экспертка.

"І ўмацоўваецца такім чынам піраміда рэпрэсіўнага заканадаўства. Складана сказаць, чаму гэта адбываецца – гэта яны першапачаткова накідалі спехам нейкіх нормаў – і цяпер падчышчаюць канцы, то-бок затыкаюць дзіркі, дзе яны не паспелі ўнесці, што хацелі; ці ж гэта проста пастаяннае падсілкоўванне сістэмы, якая хоча есці ўвесь час, і інструменты рэпрэсіўныя таксама абмежаваныя, і немагчыма ўвесь час выдумляць нешта новае, таму пачынаецца ўзмацненне жорсткасці старога. Я схіляюся да другога тлумачэння, бо ўпэўненая, што стратэгічна гэтыя рабяты не дзейнічаюць, яны дзейнічаюць тактычна і тушаць пажары ў асноўным", – лічыць Кацярына Дзяйкала.

Рэпрэсіўная норматворчасць б'е па самой сістэме

Таксама вельмі цікавы трэнд у 2024 годзе быў, на думку экспертаў, звязаны з такім тлумачэннем:

"Мы заўважылі і трактуем гэта як крывыя прынятыя ва ўгоду рэпрэсіўнай палітыцы заканадаўчыя змены, што сталі адбівацца на самой сістэме, а гэта непазбежна, таму што такі масіў, які быў зменены, не можа не адбівацца на дзяржаве, якая працуе. А дзяржава там усё ж працуе паралельна з рэпрэсіямі, ідзе жыццё, дзяржава функцыянуе", – распавяла Кацярына Дзяйкала.

Тут гаворка ідзе аб прынятым раней так званым пашпартным указе, які скасаваў многія функцыі дыпламатычных прадстаўніцтваў. І цяпер у дзяржавы ўзнікае праблема ў тым ліку і з атрыманнем пэўнай статыстычнай інфармацыі. І таму ў 2024 годзе з'явіўся абавязак паведамляць аб рэгістрацыі сваіх актаў грамадзянскага стану ў органы ЗАГС Беларусі.

"І таксама атрымалася цікавая фармулёўка ў заканадаўстве аб пацвярджэнні асобы для атрымання пенсіі: "раней дакументаваны пашпартам грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які адмовіўся ад яго выкарыстання". Гэта значыць, атрымліваецца, што прадугледжваецца нейкая катэгорыя грамадзян Беларусі, якія адмовіліся ад выкарыстання пашпарта. І ў дадзеным выпадку мы таксама гэта трактуем як спробу сістэмы нейкім чынам захапіць людзей, якія вымушана не могуць прыехаць у Беларусь, каб памяняць пашпарт, а праз тое, што юрыдычна ім усё ж такі ніхто не адмаўляе ў замене – але яны не прыязджаюць, то і атрымліваецца, што (улады) збіраюцца трактаваць гэта як "адмовіліся ад выкарыстання пашпарту".

Увогуле мы бачым, што рэпрэсіўная норматворчасць б'е па самой сістэме, гэта непазбежна".

За два гады (2023-2024) больш за 50 нарматыўных прававых актаў было зменена для легалізацыі рэпрэсій.

"Гэта значыць 50+ гэта тое, што дадавала новыя змены. І мы сюды не лічым крывыя ўсялякія, дурныя змены, якія таксама вельмі часта ўносяцца ў заканадаўства Беларусі. Мы тут лічым толькі тое, што альбо наўпрост парушае правы чалавека, альбо стварае ўмовы для іх парушэння".

Сферы, у якіх адбывалася легалізацыя рэпрэсій у 2023-2024 годзе, закранаюць практычна ўсе аспекты жыцця грамадства.

bhk_sfery-legalizacyji-represij.png

"Гэта самы шырокі пералік сфер, – падкрэслівае экспертка БХК. – Што такое спыніць і знізіць рэпрэсіі? Гэта выходзіць далёка за межы таго, што адбываецца ў месцах зняволення або з палітвязнямі, з людзьмі, якія выйшлі. Далёка за межы наўпроставага пераследу выходзіць, за межы пасадак і арыштаў – усе гэтыя змены ствараюць пастаянную аснову для латэнтных рэпрэсій або для наўпроставых, якія на іх аснове і здзяйсняюцца".

Палохаюць настаўнікаў, каб настаўнікі палохалі дзяцей

У 2024 годзе ёсць сферы, у якіх паўторна ўносіліся рэпрэсіўныя змены. Напрыклад, гэта доступ да прафесій у абмен на лаяльнасць і бан на прафесіі для пэўных груп. Сярод іх гіды-перакладчыкі, натарыўсы і педагагічныя работнікі. Для гідаў-перакладчыкаў першыя змены былі зробленыя яшчэ ў 2023 годзе. А ў 2024 да іх дадаліся натарыўсы ды педагагічныя работнікі.

І для педагагічных работнікаў змяненне апошняга трыместра 2024 года заключаецца ў тым, што для людзей, якія былі асуджаныя паводле пэўных артыкулаў "экстрэмісцкай накіраванасці", практычна ўводзіцца пажыццёвы бан на прафесію.

"Гэта значыць, яны не могуць займаць педагагічныя пасады. Нават калі ў чалавека няма судзімасці паводле гэтых артыкулаў, уводзіцца дадатковае псіхалагічнае сумоўе, якое можна кваліфікаваць у гэтых умовах як фільтр для адсеву нелаяльных. Гэта псіхалагічнае сумоўе – цалкам адвольная форма і абсалютна ніяк не кантраляваная, бо парадак яго не зразумелы, – упэўненая Кацярына Дзяйкала. – Таксама ў час прыёму на працу нават тых, хто прайшоў усе гэтыя фільтры, абавязковае пад роспіс азнаямленне з гэтымі ўсімі артыкуламі. Што таксама, вядома, інструмент ціску. У дадзеным выпадку настаўнікі атрымліваюцца проксі ў кантэксце рэпрэсій, таму што палохаюць настаўнікаў, каб настаўнікі палохалі дзяцей".

Таксама была ўведзеная прававая падстава для пераследу людзей паводле прыкметы гендарнай ідэнтычнасці, сексуальнай арыентацыі ды транс статусу. У 2024 годзе гэта былі дзве заканадаўчыя змены.

"У 2023 казалі пра гэта проста словамі, былі намеры, але ў 2024 яно ўсё адбылося ўжо ў выніку ў заканадаўстве: пашыранае вызначэнне парнаграфіі ў інструкцыі Мінкульта, і апошнім напрыканцы года дададзены новы від інфармацыі, які можа нанесці шкоду здароўю і развіцця дзіцяці: "прапаганда гомасексуальных адносін, змены полу, педафіліі, бяздзетнасці". Калі мы казалі пра інструкцыю Мінкульта, там хаця б гэта было ў кантэксце парнаграфіі. І так як парнаграфія таксама мае нейкае дакладнае вызначэнне ў праве, можна было хоць бы неяк спрабаваць абмяжоўваць адвольныя трактоўкі. А калі мы вось у такім выглядзе бачым, гэта ўжо цалкам немагчыма кантраляваць і гэта зусім не адвольна. Што такое "прапаганда нетрадыцыйных стасункаў" – гэта ў прынцыпе ўсё, што можна наогул пад гэта запхнуць".

Вельмі важны момант, адзначаюць эксперты БХК, – гэта пашырэнне падстаў для крымінальнай адказнасці. Асноўная рэч, якая адбылася – пашырэнне з трох да 17 у пералік складаў злачынства, адказнасць за якія чалавек можа несці паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі пры здзяйсненні на тэрыторыі іншай дзяржавы.

"Калі раней гэта было тры склады, звязаныя з адказнасцю за разгалашэнне дзяржтаямніцы, і зразумела, што кола людзей, на якіх гэта накіравана, не можа быць шырокім, таму што далёка не ўсе, хто з'ехаў, маюць гэты доступ, то цяпер да 17 складаў там з'явіліся новыя. І там усё: ад адмаўлення генацыду беларускага народа, да дыскрэдытацыі Беларусі ды арганізацыі тэрарыстычнай арганізацыі".

Таксама з'явілася норма, накіраваная на абарону былога прэзідэнта і яго сям'і. У якасці падстаў для крымінальнай адказнасці з'явіўся новы артыкул – "гвалт у дачыненні да былога прэзідэнта і яго сям'і".

"Шырокія вельмі змены былі ўнесены ў закон "Аб прэзідэнце", але там тычылася ўсе гарантый – і гарантыі гэта больш пра пазітыўнае абавязальніцтва дзяржавы забяспечыць нейкія гарантыі. Але на падставе гэтага закона складана ажыццяўляць пераслед. Але калі ў Крымінальны кодэкс гэта ўносіцца, то, безумоўна, відавочная мэта для таго, каб пашырыць таксама падставы для пераследу за гэта. Відавочна, што рыхтуецца нейкая перадача ўлады, незразумела, вядома, калі. Але гэта, хутчэй, у дачыненні ад сваіх жа абарона, але відавочна не ад нас".

Таксама з'явіўся новы артыкул пра паведамленне аб наяўнасці перамяшчэння вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі. То бок, гэта фармалізацыя падставы для пераследу за канкрэтныя дзеянні, за якія людзей пераследвалі раней па іншых частках.

Цалкам з прэзентацыяй можна азнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства