"Да ты што, звар’яцеў тут па-беларуску размаўляць?": як дыскрымінуюць мову і пераследуюць за яе ўжыванне
Дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага. Ягоная мэта – абарона моўнай і культурнай разнастайнасці народаў свету. Гэты дзень заснаваны ЮНЕСКА і ад самага пачатку ягонага абвяшчэння ў 2000 годзе ўнесены ў беларускі праваабарончы каляндар.
Дыскрымінацыя беларускай мовы ў таталітарнай Беларусі пачала набываць размах пасля 1995 года, калі паводле вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму, рускай мове “прыпісалі” статус другой дзяржаўнай. Разам з узмацненнем рэпрэсій пасля выбараў 2020 года пад моцны пераслед патрапіла і родная мова беларусаў. Сёння пра шматлікія факты дыскрымінацыі мовы сведчаць маніторынгі і аналітычныя агляды парушэнняў моўных правоў, якія праводзяць адмыслоўцы.
"У калоніі ў яго былі праблемы праз беларускую мову"
У аглядзе парушэнняў моўных правоў у Беларусі, які перыядычна рыхтуе асацыяцыя “Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў”, факты дыскрымінацыі беларускай мовы павялічваюцца з году ў год. Эксперты звязваюць гэта з дамінаваннем рускай мовы ў Беларусі, што “дазваляе Крамлю ўтрымліваць Беларусь у сферы свайго ўплыву, абмяжоўваючы яе магчымасці развіваць нацыянальную незалежнасць праз уласную мову, культуру і ідэнтычнасць. У гэтай сітуацыі ўлады мэтанакіравана абвяшчаюць экстрэмісцкімі і забараняюць усе праявы беларускамоўнай культуры і дзейнасці, накіраванай на ўмацаванне суверэнітэту краіны, бо гэта аслабляе як рэжым, так і расійскі ўплыў у Беларусі”.
Некалькі красамоўных фактаў:
- 29 жніўня 2024 г. былы вязень віцебскай калоніі № 3 Мікалай (імя зменена ў мэтах бяспекі) у інтэрв’ю ПЦ “Вясна” распавёў, што беларускую мову ў калоніі адміністрацыя не ўхваляе. Па словах Мікалая, адзін з супрацоўнікаў ірваў карцінкі і тэксты, напісаныя па-беларуску. Рэакцыя супрацоўніка на беларускую гутарку была такой: “Да ты што, звар’яцеў тут па-беларуску размаўляць?”
- 26 верасня 2024 г. былы палітвязень калоніі № 15 г. Магілёва Аляксей Кірэеў (вызваліўся 28 жніўня 2024 г.) расказаў “Радыё Свабода”, што ў сакавіку 2024 г. па загадзе кіраўніцтва ў качагарцы калоніі спалілі ўсе экзэмпляры твораў сучасных беларускіх аўтараў, шмат кніг па гісторыі Беларусі, выдадзеных у пачатку 1990-х гадоў. Пры палітзняволеным беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая, у ёй засталіся толькі некалькі твораў класікаў беларускай літаратуры.
- 8 верасня 2024 г. праўладная і прарасійская прапагандыстка Вольга Бондарава выявіла прыкметы «распальвання міжнацыянальнай варожасці» ў падручніку па беларускай літаратуры для пятага класа. На гэты раз яе абурыў абзац пра беларускі выраз "калі ласка", не падобны да расійскага "пожалуйста", але блізкі да ўкраінскага "будь ласка".
- 9 снежня 2024 г. стала вядома, што 85% усёй беларускай кніжнай прадукцыі, надрукаванай у дыяспары, была на беларускай мове. За той самы час у Рэспубліцы Беларусь 85% кніг выйшла на расійскай мове.
Пра самы нядаўні і дзікунскі выпадак паведамляе выданне "Зеркало":
"Прадузята ў Магілёве ставіліся да журналіста-даследчыка і палітзняволенага Дзяніса Івашына, які асуджаны да 13 гадоў за нібыта «здраду дзяржаве». З чэрвеня 2023-га ён знаходзіцца на турэмным рэжыме ў Жодзіне... У калоніі ў яго былі праблемы праз беларускую мову. Гэта ж і стала прычынай пераводу на больш жорсткія, турэмныя ўмовы... У калоніі тэлефонныя званкі палітычных запісвалі. І Івашына за размову на беларускай спачатку адзін раз у ШІЗА пасадзілі, потым другі раз, затым зачынілі ў ПКТ, а пасля павезлі на «крытую» турму".
І гэта не адзінкавы факт. Пра жорсткае стаўленне за выкарыстанне беларускай мовы да палітзняволенай Вольгі Маёравай, якая адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №24, распавяла нядаўна на прэс-канферэнцыі Паліна Шарэнда-Панасюк.
![]()
Агляд парушэння моўных правоў у Беларусі з 1 ліпеня па 31 снежня 2024 года
"У Беларусі людзі сталі больш камунікаваць паміж сабой па-беларуску, за мяжой такога няма"
Напярэдадні Дня роднай мовы “Вясна” паразмаўляла з моўным актывістам і юрыстам Ігарам Случаком, які шмат год займаецца абаронаю і прасоўваннем беларускай мовай у паўсядзённы ўжытак, ствараў і стварае маніторынгі выкарыстання беларускай мовы дзяржаўнымі ўстановамі. Параўноўваючы моўную сітуацыю на радзіме і ў асяроддзі беларусаў за мяжой, моўны актывіст Случак канстатуе, што пасля 2020 году беларусы на радзіме сталі часцей выкарыстоўваць родную мову, чаго нельга сказаць пра беларусаў у выгнанні.
– Агулам сітуацыя зараз, на мой погляд, сумная. Пачынаючы ад 2020 года выехала з краіны шмат людзей, ад десяткаў да соцен тысяч, але я не заўважаю, што беларускай мовы за мяжой стала болей. Я таксама з’ехаў і жыву ў Вільні, дзе знаходзіцца некалькі тысяч беларусаў, а па ўсёй Літве іх каля 60 тысяч. Але на вуліцы беларускую мову чую вельмі рэдка. Калі і камунікуеш з кім, то гэта адны і тыя людзі. Ды і то, некаторыя па-беларуску размаўляюць хіба што са мной.
Зразумела, што праблем за мяжой у з’ехаўшых хапае. Але ж не складана паміж сабой размаўляць па-беларуску, гэта не патрабуе ніякіх грашовых укладанняў. Калі ў Беларусі былі апраўданні нейкія, што з-за дзяржаўнай моўнай палітыкі нязручна карыстацца беларускай мовай і нават часам небяспечна, то тут ніхто не замінае. А вось цяпер шмат хто вучыць замежныя мовы, каб адаптавацца, каб камунікаваць, але навошта тады ў стасунках паміж сабой выкарыстоўваць рускую мову, якая за мяжой непатрэбная? – разважае Случак.
Думкі Ігара Случака сугучны з выказваннем лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, сусветна вядомага актывіста у барацьбе за правы чалавека Нельсана Мандэлы, які казаў: “Размаўляць з чалавекам на мове, якую ён разумее – значыць звяртацца ла яго розуму, але размаўляць з ім на яго роднай мове – значыць дакрануцца да яго сэрца”.
“У сістэме адукацыі Беларусі ў апошнія гады працягваецца змяншэнне колькасці беларускамоўных навучэнцаў, ну і адпаведна, школ і класаў. Але самі людзі відавочна сталі больш камунікаваць паміж сабой па-беларуску. Гэта канешне не маланкавы прагрэс, але тэндэнцыя такая ёсць. За мяжой, на жаль, гэтага няма.
Я даўно ўжо вяду статыстыку па мове зваротаў у дзяржаўныя ўстановы. Дык вось, калі недзе ў 2012 годзе быў сярэдні паказчык 0.5% такіх зваротаў па-беларуску, то ў 2020 годзе гэты працэнт вырас да 1.5%. А затым гэты паказчык ізноў пачаў зніжацца. Цяпер вось, у 2024 годзе – да 3% людзей выкарыстоўваюць беларускую мову ў камунікацыях з чыноўнікамі. А ёсць раёны дзе гэтая лічба сягае нават і 15%. І гэта пры накале рэпрэсій, пры неспрыяльных умовах,” – прыводзіць статыстыку моўны актывіст.
“Наконец то Беларусь очистилась от этих русофобов”
Ігар Случак распавёў таксама пра магчымасці і адрозненні дзейнасці па абароне беларускай мовы у Беларусі і ў вымушанай эміграцыі.
– Вось усе нашыя апаненты, рускамірцы, калі мы з сям’ёй выехалі з Беларусі больш за год таму, ужо пляскалі ў ладкі і паціралі рукі “Наконец то Беларусь очистлась от этих русофобов”. Але не падумалі, што сваю працу па абароне моўных правоў я пачаў яшчэ якраз у сваю першую міграцыю, у Эстоніі. Менавіта з таго часу я пачаў займацца пытаннямі беларускай мовы, таму для мяне гэта нават сітуацыя не новая, а проста вяртанне да каранёў.
Зразумела, знаходзячыся ў Беларусі прыемна было адчуваць вынікі сваёй працы нажывую, прыходзіць, напрыклад, у краму і бачыць новыя беларускамоўныя цэтлікі, ці выйсці на вуліцу і глядзець на беларускія шыльды, якіх ты дамогся.
Але калі браць кропку адліку ад 2020 года і да майго выезду з Беларусі, то жывучы там, у падполлі, займацца беларускай мовай было канечне нашмат складаней, бо часта прыходзілася мяняць месца жыхарства, і пры гэтым улічваць розныя канспіратыўныя моманты, каб цябе не вылічылі, адпраўляючы звароты ў дзяржустановы.
Зараз з гэтым стала прасцей, тут ёсць болей часу, каб працаваць спакойна, падумаць часам, паразважаць. Менавіта ў маёй сферы тут стала працаваць зручней. Бо гэта ў асноўным – перапіска, аналіз, юрыдычная праца і ўсё тое, што не патрабуе знаходжання на вуліцы.
Калі б у 1994 годзе ў Беларусі не адбыўся дзяржаўны пераварот, то не ўяўляю нават, ці хацелі б зараз беларусы размаўляць па-руску, – упэўнены Случак.
Большасць жыхароў беларускіх гарадоў супраць далейшай русіфікацыі
Словы Ігара Случака падмацоўваюцца вынікамі даследавання “Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2024 годзе”, прэзентацыю якога правёў некалькі дзён таму прэс-клуб “Беларусь”. У апытанні, якое праводзілася сярод гарадскога насельніцтва Беларусі ва ўзросце 18-64 гадоў, удзельнічала 800 чалавек.
Аўтар даследвання, сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч адзначыў:
“Расейскі ўплыў у культурным спажыванні беларусаў заўважны і моцны, але далёка не дамінуе. У кіно і ў музыцы дамінуе заходні і беларускі кантэнт. Прыкладна палова беларускіх гараджан хацелі б, каб распаўсюд беларускай мовы быў бы на тым самым узроўні, што і цяпер, паколькі для іх мова не з’яўляецца важнай часткай ідэнтычнасці.
Паводле звестак апытання, 63% гарадскіх жыхароў называюць беларускую мову роднай, аднак на практыцы выкарыстоўваюць яе рэдка (11%). Пры гэтым 31% рэспандэнтаў лічаць, што роля беларускай мовы ў грамадстве будзе расці.
У два-тры разы больш рэспандэнтаў выступаюць за пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы: 33% — у дашкольнай адукацыі, па 32% — у сярэдняй адукацыі і вонкавай рэкламе, па 29% — у СМІ, афармленні гарадоў, сферы палітыкі і дзяржкіравання, 27% — на эстрадзе, у шоў-бізнэсе агулам, па 26% — у працы дзяржорганаў, дакументах, фільмах, серыялах, кнігавыдавецтве, 25% — у вышэйшай адукацыі, па 20% — у войску, кампутарных і відэагульнях.
![]()
"Мова як пратэст". Як (не)жыве беларуская мова ў зняволенні