viasna on patreon

Human Rights Watch: шырокамаштабныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюць выходзіць на новыя ўзроўні

2025 2025-02-14T18:26:47+0300 2025-02-14T18:26:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/human-rights-watch-2024.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Калаж: © 2024 Sipa via AP Images

Калаж: © 2024 Sipa via AP Images

Міжнародная няўрадавая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала штогадовы даклад аб становішчы з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе. Праваабаронцы канстатуюць, што шырокамаштабныя рэпрэсіі дзяржавы ў дачыненні да мірных пратэстуючых і крытыкаў рэжыму працягваюць выходзіць на новыя ўзроўні.

У 2024 годзе міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі, а таксама Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, адзначалі сталае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека. У сакавіку Упраўленне ААН па правах чалавека паведаміла, што ў яго ёсць «усе падставы меркаваць, што злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе пераследу магло здзяйсняцца» службовымі асобамі.

Катаванні і жорсткае абыходжанне з палітвязнямі

З ліпеня па снежань 2024 года ўлады выпусцілі 237 палітвязняў, памілаваных прэзідэнтам. Пад ціскам многія былі вымушаны падаць прашэнне аб памілаванні, якое ўключала прызнанне сваёй віны.

У 2024 годзе групы беларускіх праваабаронцаў зафіксавалі дзясяткі палітычна матываваных судовых працэсаў. На момант падрыхтоўкі справаздачы ў зняволенні па палітычна матываваных абвінавачаннях знаходзіліся як мінімум 1275 чалавек. У ліпені эксперты ААН заклікалі вызваліць 63 палітвязня сталага ўзросту.

Палітычныя зняволеныя па-ранейшаму пакутуюць ад жорсткага абыходжання і катаванняў. Як мінімум сямёра з іх, уключаючы Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі без сувязі са знешнім светам (рэжым інкамунікада) з лютага-красавіка 2023 года.

Супрацоўнікі месцаў пазбаўлення волі жорстка абмяжоўваюць доступ палітычных зняволеных да перапіскі, тэлефанаванняў, харчовых перадач, сустрэч з адвакатамі і спатканняў з сям'ёй. Зняволеныя падвяргаюцца ізаляцыі ў ШІЗА (карцэрах) і адвольна суровым рэжымам утрымання пад вартай. У 2024 годзе дзясяткі палітычных зняволеных сутыкнуліся з новымі сфабрыкаванымі абвінавачваннямі ў «злосным непадпарадкаванні» і з іншымі абвінавачваннямі, у выніку чаго іх тэрміны зняволення былі працягнутыя.

Адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі не даюць палітычным вязням атрымаць доступ да своечасовай і належнай медыцынскай дапамогі. У 2024 годзе па меншай меры трое палітвязняў — Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік і Вадзім Храсько — пайшлі з жыцця ад раптоўнай смерці ў выніку несвоечасова аказанай ці недастатковай медыцынскай дапамогі. На момант напісання гэтай справаздачы мясцовыя праваабарончыя арганізацыі паведамлялі, што больш за 224 палітычных зняволеных падвяргаюцца асабліва высокай рызыцы для здароўя з-за дрэнных умоў утрымання ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі.

У сакавіку Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын запатрабаваў ад Беларусі прыняць часовыя меры абароны ў дачыненні да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, стан здароўя якой істотна пагоршыўся.

Праваахоўныя органы рэгулярна прымушаюць затрыманых па палітычна матываваных справах «каяцца» ў сваіх «злачынствах» на відэакамеру і распаўсюджваюць такія відэаролікі ў Інтэрнэце.

Беларускія ўлады пераследуюць палітвязняў і пасля вызвалення, падвяргаючы іх рэгулярным надглядам і ўзбуджаючы супраць іх новыя крымінальныя справы.

Рэпрэсіі ў дачыненні  сваякоў і асоб, якія аказваюць падтрымку

Беларускія ўлады пераследуюць сваякоў палітвязняў і актывістаў, якія падтрымліваюць іх.

У студзені ўлады надалі INeedHelpBY — групе, якая арганізоўвала харчовую дапамогу палітычным зняволеным і іх родным — статус «экстрэмісцкай». У выніку праваахоўныя органы правялі ператрусы, затрымалі і дапыталі не менш за 287 атрымальнікаў харчовай дапамогі. Больш за 100 атрымальнікаў харчовай дапамогі сутыкнуліся з адміністрацыйнымі штрафамі і арыштамі паводле абвінавачанняў у «атрыманні замежнай дапамогі для вядзення тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці».

У чэрвені і ліпені супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрусы ў дамах 21 незалежнага журналіста, якія знаходзяцца ў выгнанні, і прымушалі іх сваякоў запісваць відэаролікі з асуджэннем сваіх родных.

Улады таксама пераследавалі дзясяткі людзей за «фінансаванне тэрарызму» і «экстрэмізм» за іх данаты ў фонды, якія аказваюць дапамогу палітвязням, і ў фонды грамадзянскага супраціву, якія лічацца «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі». Супрацоўнікі праваахоўных органаў змушалі шматлікіх людзей даваць хабары, каб пазбегнуць судовага пераследу.

Рэпрэсіі, накіраваныя на праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў

У 2024 годзе ўлады Беларусі працягвалі адвольна затрымліваць праваабаронцаў і журналістаў у помсту за іх дзейнасць.

На момант напісання гэтай справаздачы ў месцах пазбаўлення волі заставаліся як мінімум шэсць праваабаронцаў, у тым ліку Анастасія Лойка, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк. Ва ўмовах зняволення стан здароўя Бяляцкага пагоршыўся.

У траўні Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях вызначыла, што праваабаронца Алесь Бяляцкі быў адвольна затрыманы, і запатрабавала ягонага неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

На момант падрыхтоўкі дадзенага агляду ў зняволенні знаходзіліся як мінімум 37 журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ.

Адвакаты, якія прадстаўляюць інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах або выказваюцца аб парушэннях правоў, сутыкаліся з сістэматычнымі і шырокамаштабнымі рэпрэсіямі. На момант напісання дадзенага матэрыялу як мінімум шэсць адвакатаў-праваабаронцаў — Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч і Аляксей Бародка — адбывалі тэрміны пазбаўлення волі ад шасці да дзесяці гадоў па палітычна матываваных абвінавачаннях.

У снежні 2023 года Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях вызначыла, што арышты і наступнае турэмнае зняволенне юрыста-праваабаронцы Віталя Брагінца былі адвольнымі і абумоўленымі яго палітычнымі перакананнямі і статусам адваката палітычнай апазіцыі. Рабочая група заклікала да яго неадкладнага вызвалення.

У 2024 годзе улады таксама працягвалі адвольна блакаваць і надаваць статус «экстрэмісцкіх» вэб-сайтам і акаўнтам у сацыяльных сетках незалежных СМІ і праваабарончых груп. У красавіку Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (ААЦ) прыняў пастанову, якая дазваляе ААЦ адключаць вэб-сайты, прызнаныя «экстрэмісцкімі», ад нацыянальнай даменнай сістэмы (.by), што фактычна азначае іх закрыццё.

Да сярэдзіны лістапада 2024 года ўлады ліквідавалі амаль 1200 няўрадавых арганізацый.

Парламенцкія выбары і пераслед палітычнай апазіцыі

25 лютага 2024 года ў Беларусі адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў (ніжнюю палату парламента) і ў мясцовыя Саветы дэпутатаў (мясцовыя прадстаўнічыя органы). «Праваабаронцы за свабодныя выбары» задакументавалі шматлікія парушэнні міжнародных стандартаў свабодных і справядлівых выбараў.

У лістападзе праваахоўныя органы правялі больш за 100 ператрусаў у сувязі з выбарамі ў Каардынацыйную раду — недзяржаўны орган, які выступае за дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі і пазіцыянуе сябе як калектыўны прадстаўнічы орган дэмакратычнай часткі беларускага грамадства. Пасля правядзення ператрусаў улады завочна асудзілі 20 актывістаў, журналістаў і навукоўцаў за меркаваную сувязь з лідэрам апазіцыі Святланай Ціханоўскай. У траўні, калі праходзілі выбары ў Каардынацыйную раду, улады таксама распачалі крымінальныя справы ў дачыненні 257 чалавек, чые імёны былі ў спісе кандыдатаў.

Палітычна матываваныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў у выгнанні

У 2024 годзе ўлады завочна пераследвалі дзясяткі беларускіх эмігрантаў па палітычна матываваных падставах, парушаючы гарантыі справядлівага судовага разбіральніцтва.

Улады рэгулярна правяралі тэлефоны беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы, і ўсё часцей затрымлівалі людзей за падпіску на незалежныя СМІ, унесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх», за наяўнасць у іх фатаграфій з пратэстаў у 2020 годзе ці за данаты ў фонды, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Рэпрэсіі супраць асоб, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года і да гэтага часу Беларусь працягвае дазваляць расійскім войскам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю. Дадзеныя з адкрытых крыніц дапускаюць, што беларускія ўлады садзейнічалі незаконнаму прымусоваму перамяшчэнню больш за 2000 украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.

У 2024 годзе беларускія ўлады пераследвалі людзей за выказванне падтрымкі Украіне, за распаўсюджванне ў СМІ фатаздымкаў перамяшчэння расейскіх войскаў ці за ахвяраванні палку Кастуся Каліноўскага — падраздзяленню, якое складаецца з беларусаў, якія ваююць за Украіну.

Смяротнае пакаранне

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе адбываецца смяротнае пакаранне.

У красавіку Камітэт ААН па правах чалавека вызначыў парушэнні правоў смяротна пакараных у 2018 годзе Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, у тым ліку іх права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на жыццё.

У чэрвені Мінскі абласны суд прыгаварыў да смяротнага пакарання грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, асуджанага па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «тэрарызм», «экстрэмізм» і «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін». 30 ліпеня Лукашэнка памілаваў Крыгера, а праз два дні Крыгер быў вызвалены падчас буйнога абмену зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

У кастрычніку Мінскі абласны суд прысудзіў смяротнае пакаранне Аляксандру Таратуце, асуджанаму за забойства.

Мігранты

Цягам апошніх гадоў мігранты, у тым ліку дзеці, па-ранейшаму знаходзіліся ў бязвыхадным становішчы на беларускім баку мяжы з Польшчай і сутыкаліся з жорсткім абыходжаннем з боку беларускіх службовых асоб. Праваабарончыя арганізацыі фіксавалі гібель мігрантаў па абодва бакі мяжы.

Міжнародныя механізмы прыцягнення вінаватых да адказнасці

У верасні Літва перадала матэрыялы аб сітуацыі ў Беларусі пракурору Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), пасля чаго МКС пачаў папярэдняе вывучэнне сітуацыі. У верасні праваабарончыя арганізацыі прадставілі пракурору МКС новую справаздачу, у якой заяўляецца аб датычнасці Беларусі да перамяшчэння і ідэалагічнай апрацоўкі ўкраінскіх дзяцей.

У красавіку Рада ААН па правах чалавека заснавала Групу незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі для расследавання і прыцягнення да адказнасці за міжнародныя злачынствы, учыненыя беларускімі ўладамі. Той жа рэзалюцыяй Рада ААН па правах чалавека падоўжыла мандат свайго Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

У адказ на ўнутраныя рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, ЕС і іншыя ключавыя міжнародныя суб'екты прынялі чарговы пакет санкцыяў супраць беларускіх уладаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства