ААН: некаторыя зафіксаваныя ў Беларусі парушэнні прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці
Урад Беларусі здзейсніў "шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, што з'яўляецца часткай жорсткіх намаганняў па падаўленні любой апазіцыі праўленню Аляксандра Лукашэнкі". Некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці, заключыла група незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Сярод "найбольш абуральных зафіксаваных парушэнняў" аўтары дакладу адзначыл і"адвольныя арышты і затрыманні па палітычных матывах, што стала неад'емнай часткай тактыкі беларускіх уладаў".
У дакуменце таксама адзначаецца, што мужчыны і жанчыны, якія ўтрымліваюцца пад вартай, "рэгулярна падвяргаліся катаванням і жорсткаму абыходжанню, уключаючы збіццё, электрашок і пагрозы аб згвалтаванні не толькі зняволеных, але і іх партнёраў".
"Супрацоўнікі праваахоўных органаў праяўлялі відавочную жорсткасць у адносінах да ЛГБТІК+, ужываючы фізічны гвалт і выразы, што прыніжаюць чалавечую годнасць", — адзначаецца ў дакуменце.
У дакладзе, які група экспэртаў упершыню прадстаўляе Савету правоў чалавека з моманту свайго стварэння ў красавіку 2024 года, таксама паведамляецца, што "парушэнні адбываліся ў кантэксце больш шырокіх намаганняў, накіраваных на захаванне ўлады Аляксандра Лукашэнкі".
Аўтары дакладу прыйшлі да высновы, што "маюцца разумныя падставы меркаваць", што некаторыя зафіксаваныя ў Беларусі парушэнні "прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці ў форме зняволення ў турму і пераследу па палітычных матывах".
"Асобы, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях, падвяргаліся асабліваму дыскрымінацыйнаму абыходжання, накіраванаму на іх пакаранне, якое ў цэлым служыць мэтай падаўлення палітычнага супраціву. Многія з іх былі арыштаваныя неаднаразова, у тым ліку адразу пасля першага вызвалення", — адзначаецца ў прэс-рэлізе, які быў апублікаваны 14 лютага на сайце Рады ААН у правах чалавека
Таксама эксперты звярнулі ўвагу на тое, што пасля змены законаў аб "экстрэмізме", пераследу адвакатаў і фактычнага пераходу калегіі адвакатаў пад кантроль Міністэрства юстыцыі, беларускія ўлады "стварылі сістэму, якая сістэматычна парушае правы грамадзян Беларусі на справядлівае судовае разбіральніцтва".
"У 2024 годзе ўрад прыняў меры, накіраваныя на ліквідацыю большасці патэнцыйных крыніц іншадумства і апазіцыі. Праваахоўныя органы сёння валодаюць ўдасканаленымі сродкамі лічбавага назірання, якія яны выкарыстоўваюць для маніторынгу актыўнасці грамадзян у інтэрнэце, што часта прыводзіць да судовага пераследу. Акрамя таго, у 2024 годзе было ліквідавана не менш за 228 арганізацый грамадзянскай супольнасці", — адзначылі эксперты.
У выніку "сотні тысяч грамадзян пакінулі Беларусь з 2020 года, у тым ліку юрысты, актывісты, сябры арганізацый грамадзянскай супольнасці і журналісты", гаворыцца ў дакладзе.
"Нягледзячы на вымушанае выгнанне, многія з іх прыцягваюцца да адказнасці і асуджаюцца па крымінальным кодэксе за дыскрэдытацыю Беларусі і змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады", — адзначана ў публікацыі.
Група экспертаў заключыла, што"выяўленне і судовы пераслед асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасці, з'яўляецца ключавым фактарам для спынення атмасферы беспакаранасці і неад'емнай часткай правасуддзя для ахвяр".