viasna on patreon

Праверка на "экстрэмізм" і абвяшчэнне ў вышук: хроніка пераследу 13-14 лютага Дапоўнена

2025 2025-02-14T15:54:24+0300 2025-02-17T15:19:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arsenii-zdanevicz_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13-14 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Кнігу Змітра Дашкевіча прызналі "экстрэмісцкай"

Гаворка пра выданне "Чарвяк" (Viesoji istaiga Gudu informacijos centras, Вільня, 2013). Адпаведнае рашэнне прынятае судом Заводскага раёну Мінска 11 лютага. Таксама ў "экстрэмісцкі" спіс трапілі выданні Сяргея Навумчыка "Дзевяноста другi" і "Дзевяноста трэцi" — таксама па рашэнні суда Заводскага раёну Мінска.

Акрамя таго, у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі Telegram-каналы і чаты "ВЯЧОРКА", "Лукабек", "Паца-Ваца", "Вестник Михеева: Беларусь и мир", 2ZMAHAR", Instagram-старонкі "vaganovtor", "zivebelarus2022", "minsk_new.s", TikTok-старонкі "тгк: сливовая долина", "brest-region".


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 4948 прозвішчаў

Міністэрства ўнутраных справаў 14 лютага зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі блогерку Вікторыю Гусараву, а таксама затрыманую падчас "рэйду па салідарнасці" Алу Кісель.


Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі YouTube-канал "revolutionofconsciousens", а таксама Telegram-старонкі "ЗВЫЧАЙНЫЯ ЛЮД3I" і "Беларусь Выборы 2025 BY".


У Оршы ў вышук абвясцілі мужчыну, старонку якога ў "Аднакласніках" раней прызналі "экстрэмісцкай"

ihar-selikhanau_1.jpg
Ігар Селіханаў

Як паведаміла 13 лютага "Віцебская вясна", партрэт 49-гадовага Ігара Селіханава вывешаны на стэндзе "Увага, вышук". У абвестцы паведамляецца, што аршанец хаваецца ад следства і што супраць яго распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 369 КК (Абраза Лукашэнкі).

У жніўні 2024 году ў "Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" уключылі старонку Ігара ў "Аднакласніках".

Апошняя актыўнасць Селіханава на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" зафіксавана ў верасні 2022 году. Пазней, у іншых сацыяльных сетках, ён паведамляе пра сябе, што жыве ў Варшаве.


Былога мужа Крысціны Ціманоўскай, які знаходзіцца ў Беларусі, правяраюць на "экстрэмізм"

arsenii-zdanevicz_1.jpg
Арсеній Зданевіч

Пра гэта паведаміў 13 лютага Следчы камітэт.

"Паводле звестак следства, у лютым бягучага года ў сетцы Інтэрнет, у тым ліку ў сацыяльных сетках, з'явілася інфармацыя аб тым, што ў Беларусі знаходзіцца Арсеній Зданевіч, які, зыходзячы з тэкстаў публікацый, браў удзел у экстрэмісцкіх акцыях, накіраваных на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь і дзейнай улады, выкарыстоўваў адпаведную сімволіку, здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на распальванне варожасці.

Карыстальнікі сеткі спасылаюцца на крыніцу ў асобе былой жонкі Зданевіча — удзельніцу аднаго з экстрэмісцкіх фармаванняў Крысціну Ціманоўскую, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства