"Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса". Распавядаем, як беларусаў працягваюць затрымліваць на мяжы
За першыя паўтара месяца 2025 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. З аднаго рэйсавага аўтобуса з Літвы ці Польшчы могуць зняць адразу некалькі чалавек. Прычынай могуць стаць "экстрэмісцкія" рэпосты і падпіскі ў сацыяльных сетках, фота з пратэстаў у воблачным сховішчы, данаты, а таксама гісторыя пошуку ў Google. Таксама пад дадатковыя праверкі на мяжы трапляюць людзі, якія раней затрымліваліся на акцыях пратэсту і трапілі ў базу "БЕСпорядки", і тыя, хто даўно не жыве ў Беларусі.
Напачатку лютага стала вядома, што з аднаго рэйсавага аўтобуса затрымалі адразу шэсць чалавек. Усіх затрыманых да суда змясцілі ў ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго некаторым прызначылі "суткі". Звычайна людзей, якіх затрымалі ў пункце пропуску, судзяць за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Выключэннем могуць стаць тыя, каго затрымлівае КДБ. У такім выпадку, калі допыт адбываецца ў Мінску, то там супраць іх складаюць пратакол за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП), або адразу змяшчаюць у СІЗА ў межах крымінальнай справы.
"Вясне" вядомыя выпадкі, калі чалавек шмат разоў перасякаў мяжы цягам апошніх некалькі гадоў і ніколі не сутыкаўся з дадатковымі праверкамі, падчас знаходжання ў Беларусі не затрымліваўся, але ў выніку пры чарговай спробе заехаць у Беларусь адразу пасля пашпартнага кантролю быў затрыманы. Таму варта адзначыць, што сітуацыя змяняецца ўвесь час і няма ніякіх гарантый, што чалавек, які раней заязджаў і выязджаў без праблем, не трапіць у поле зроку сілавікоў праз нейкія новыя факты яго пратэснай актыўнасці ў мінулым.
Затрыманне пасля вяртання ў Беларусь неабавязкова адбываецца адразу на мяжы. За некаторымі сілавікі прыходзяць праз некалькі дзён, альбо тэлефануюць і просяць прыйсці самастойна на размову.
Апроч усяго, на мяжы працягваюцца допыты ўкраінцаў, якія прыязджаюць у Беларусь. Размовы займаюць ад некалькіх хвілінаў да некалькіх гадзінаў. Таму рэйсавыя аўтобусы вымушаны чакаць па некалькі гадзінаў іх вяртання.
Таксама нядаўна BYSOL паведаміў пра ўзмоцненыя праверкі на мяжы пры выездзе з краіны.
Акрамя гэтага, нагадваем, што сілавікі адсочваюць удзельнікаў беларускіх акцый салідарнасці, якія адбываюцца за мяжой. Так, Генпракуратура напрыканцы студзеня паведаміла, што «ідэнтыфікавала 365 удзельнікаў акцый за мяжой». Усіх іх збіраюцца прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Большасць з ідэнтыфікаваных з Варшавы (203 чалавекі). Таксама ведамства згадала, што ва ўдзельнікаў акцыяў будуць шукаць маёмасць на тэрыторыі Беларусі, «у тым ліку зарэгістраваную на іншых асобаў». Вядома, што ў мінулыя гады сілавікі ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў замежных акцый.
![]()
Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю
"Вясна" распавядае актуальную інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.
Як праходзіць затрыманне на мяжы?
Былая арыштантка Акрэсціна патрапіла пад пераслед пасля вяртання з-за мяжы з краіны Еўрасаюзу напрыканцы 2024 года. Пасля пашпартнага кантролю ў адным з беларускіх прапускных пунктаў яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Паводле яе, затрыманні па вяртанні ў Беларусь — не адзінкавыя.
"Такіх гісторый шмат: мяне знялі з аўтобуса. Затрымліваў КДБ — такіх гісторый таксама шмат. У першай камеры ІЧУ нас такіх было трое. Насамрэч усё было "лайт", ніхто не збівае, не заломвае рукі. Проста гэта доўга цягнулася.
Калі праходзіш пагранічны кантроль то яны, відаць, прабіваюць па нейкіх базах, бо было ўсё зразумела па выразу твару мытніцы. Яна так пасміхнулася, што я адразу зразумела, што ўсё дрэнна. Раней мяне не было ў ніякіх спісах, бо я не тое каб спакойна, але ўязджала і ніколі не было ніякіх праверак.
Яны пытаюць, што рабілі за мяжой, куды ездзілі, з кім камунікавалі. Яны правяраюць перапіскі. У адной дзяўчыны знайшлі фразу: "Давай сустрэнемся, я перадам табе грошы". Проста яе сяброўка праз яе перадала грошы маці. І яны прычапіліся да яе, маўляў, якія грошы. То-бок "фінансаванне з-за мяжы" для іх — чырвоная ануча. І за любое згадванне кантактаў, грошай, перадач яны пачынаюць крычаць: "Ты сядзеш на 25 гадоў".
![]()
"Іх маглі абліць вядром вады, а потым ударыць электрашокерам". Гісторыі былых палітычных арыштантаў
Важна! Праваабаронцы нагадваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца штодзённа цягам амаль пяці гадоў. Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і па сёння: прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваровым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі ў фэйсбуку новы кліп любімага беларускага гурта, чые песні былі прызнаныя экстрэмісцкімі, то рызыкі пераследу па вяртанні ў Беларусь вельмі высокія. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку, а таксама не забывайце пра тых родных і знаёмых, чые паведамленні ці фота з пратэстаў, могуць знайсці ў вашым тэлефоне.
![]()
Праваабаронцы: перад вяртаннем у Беларусь варта пільна ацэньваць рызыкі затрымання
Улічваючы гэта, праваабаронцы перш за ўсё рэкамендуюць быць пільнымі: узважваць індывідуальныя рызыкі пры рашэнні вяртацца ў Беларусь, карыстацца правіламі бяспекі. Калі рызыкі вяртання высокія, лепш не вяртацца ў краіну ўвогуле. Калі нешта здараецца, варта папярэдзіць сяброў, сваякоў, каб яны маглі перадаць інфармацыю незалежным СМІ ці праваабаронцам, а таксама скарыстацца іх юрыдычнымі парадамі.
Калі вы сутыкнуліся з палітычна матываваным пераследам, былі асуджаныя па адміністрацыйнай ці крымінальнай справай, адбывалі пераслед у ІЧУ, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo. Дапамажыце зафіксаваць усе факты рэпрэсій, каб паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі! Атрымаць юрыдычную кансультацыю можна на @ViasnaSOS.