Шасцёра суддзяў Берасцейшчыны, якія судзяць палітвязняў амаль пяць гадоў
Па стане на 14 лютага 2025 года "Вясне" вядома не меней за 6619 асуджаных паводле крымінальных "пратэсных" артыкулах. Імёны некаторых суддзяў, якія датычныя да рэпрэсій, вядомыя з 2020 года, а некаторыя — яшчэ раней. "Вясна" распавядае пра шасцёх самых рэпрэсіўных суддзяў Берасцейшчыны, якія ўжо амаль пяць гадоў вядуць крымінальныя палітычныя справы.
![]()
Пяць суддзяў Мінска, якія працягваюць "канвеер" судоў над палітвязнямі ўжо больш за чатыры гады
Яўген Брэган – мінімум 82 асуджаныя
Паводле даных Праваабарончага цэнтру “Вясна”, найбольш рэпрэсіўны суддзя Берасцейшчыны – Яўген Брэган. Ён асудзіў мінімум 82 чалавекі паводле палітычных матываў, за што ў снежні мінулага году трапіў у санкцыйны спіс Еўразвязу.
Яўген Брэган — суддзя Брэсцкага абласнога суда. Раней ён быў суддзёй Маскоўскага раённага суда Брэста і суддзёй горада Баранавічы Брэсцкай вобласці. Вынес прысуды ў дачыненні да вялікай колькасці грамадзян Беларусі, абвінавачаных, сярод іншага, ва ўдзеле ў акцыях пратэсту супраць беларускага рэжыму ў жніўні 2020 года.
Менавіта Брэган асудзіў да вялікіх тэрмінаў фігурантаў “пінскай справы”. 14 палітвязняў ён адправіў у калоніі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў. Сярод тых людзей была Алена Маўшук, якую днямі вызвалілі пры дапамозе Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.
Суддзя Яўген Брэган таксама разглядаў гучную справу супраць мясцовай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк. Ён прызнаў яе вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса і адправіў у калонію на два гады — гэта быў першы суд над палітзняволенай актывісткай. Падчас апошняга слова Паліна звярталася асабіста да суддзі Брэгана:
“<…> Я ведаю: вы проста гаворачая галава (звяртаючыся да суддзі — заўв.) Крэсла, на якім вы сядзіце, і тое больш сумленнае за вас, спадар Брэган. Тыя прысуды, якія тут абвяшчаюцца, заснаваныя не на сіле закона, а на сіле беззаконня. Усе прысуды падпісаныя і размеркаваныя загадзя. Таму ў сувязі з поўнай нелегітымнасцю ўсіх вашых так званых структур, усе прысуды, у тым ліку, мой, не маюць юрыдычнай сілай, не з'яўляюцца законнымі: я іх не прызнаю".
Яўген Брэган стаў тым, хто вынес прысуды 13 фігурантам “справе карагодаў”. Гэта была ўжо пятая група абвінавачаных. У 2023 годзе ён адправіў у калонію на год 67-гадовага пенсіянера Аляксея Афанасьева – нібыта за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.
У лістападзе 2024 году ён прызначыў сем гадоў пазбаўлення волі 41-гадоваму Віталю Чопіку, якога затрымалі за наведванне палітычна матываваных судоў. Вядома, што пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь са слядамі моцнага збіцця. Таксама, паводле прысуду Брэгана, Чопік мусіць выплаціць 40 тысяч рублёў штрафу.
Аляксандр Семянчук – мінімум 60 асуджаных
41-гадовы Аляксандр Семянчук працуе ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Яшчэ да падзей 2020 году ён разглядаў адміністратыўныя справы ўдзельнікаў “маўклівага пратэсту”, акцыі недармаедаў, праціўнікаў акамулятарнага заводу.
З 2020 году ён разглядае палітычна матываваныя крымінальныя справы і адпраўляе людзей за краты: з 60 асуджаных ім чалавек 34 былі пазбаўленыя волі. Сярод іх – 19 удзельнікаў мірных пратэстаў у Брэсце. Некаторыя з іх ужо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле гэтай справы, нягледзячы на тое, што пакаранне адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю за адное і тое ж дзеянне забаронена законам — на гэта суддзя Семянчук не звярнуў увагі. Адзін з фігурантаў справы казаў у апошнім слове:
“У чарговы раз задаю сабе пытанне: за што нас судзяць? Судзяць нас не за камяні, якія мы кідалі, спрабуючы абараніцца. Судзяць нас за тое, што гэтая ўлада баіцца, калі народ становіцца адным цэлым. Я лічу, што судзіць павінны не нас, а людзей, якія збівалі мірны народ Беларусі”.
Аляксандр Семянчук пакараў 10 фігурантаў справы за вывешванне пудзілаў міліцыянтаў і блакаванне чыгункі. Тады перад пачаткам спрэчак ён, абвясціўшы завяршэнне стадыі судовага следства, абвясціў слухачам: "Бярэм ваду, валідол". Пасля ён патлумачыў прысутным, што меў на ўвазе працягласць мерапрыемства. Тады ж ён абвінаваціў адну з фігурантак справы ў тым, што яна “нагаварыла на аператыўнікаў, што яны здзейснілі злачынства”.
У жніўні 2024 году Семянчук асудзіў да васьмі гадоў калоніі лекара — анестэзіёлагам-рэаніматолагам медцэнтра ЛАДЭ Цімура Лозку нібыта за фінансаванне тэрарызму.
Вера Філонік – мінімум 46 асуджаных
Вера Філонік – суддзя Брэсцкага абласнога суда, унесеная ў санкцыйны спіс Еўразвязу. Выносіла прысуды вялікаму грамадзян Беларусі, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў акцыях пратэсту супраць беларускага рэжыму ў жніўні 2020 года. Раней працавала ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Жанчына асудзіла мінімум 46 чалавекі за іх грамадзянскую пазіцыю, з якіх мінімум 27 адправіла ў калонію. Яна ўзяла ўдзел у самых гучных справах рэгіёна – “брэсцкія беспарадкі”, “пінская справа”, “справа карагодаў”.
Менавіта Філонік распачала ў брэсцкім рэгіёне практыку судовых канвеераў. У сакавіку яна асудзіла першую групу берасцейцаў за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), адправіўшы дзевяцёх чалавек у калоніі на тэрміны ад трох да чатырох з паловай гадоў. Таксама Вера Філонік разглядала рэзанансную “пінскую справу”. Яна вынесла прысуды 11 чалавекам – усіх асудзіла да пазбаўлення волі тэрмінамі ад чатырох да пяці з паловай гадоў.
70-гадовага пенсіянера Барыса Вітко, які перанёс у няволі інсульт, яна асудзіла да сямі гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі, а таксама вялікага штрафу — 12 тысяч рублёў. 54-гадовага Валянціна Колба з інваліднасцю па захворванні сэрца, у якога пасля затрымання здарыўся сардэчны прыступ, яна асудзіла да пяці гадоў калоніі. Да чатырох гадоў “хатняй хіміі” яна асудзіла маладую маці Вольгу Буян за фота з вайсковай тэхнікай. 36-гадовага праграміста Леаніда Райчонка яна адправіла ў калонію на шэсць гадоў за данаты беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны.
Андрэй Грушко – мінімум 40 асуджаных
Суддзя Ленінскага раёна Брэста Андрэй Грушко таксама трапіў у сакцыйны спіс Еўразвязу за вынясенне палітычна матываваных прысудаў.
Менавіта ён асудзіў да тэрмінаў ад трох да пяці гадоў у калоніі 13 фігурантаў справы “масавых беспарадкаў” за удзел выбарчых акцыях пратэсту. Сярод іх – непаўнагадовыя Аляксандр Вінярскі і Эдуард Кудынюк. На чатыры гады ў калонію Грушко адправіў 18-гадовую Віталію Бандарэнку.
Гэты суддзя таксама вынес прысуд у дачыненні да актывісткі прафсаюза РЭП Зінаіды Міхнюк. Ён асудзіў яе да двух гадоў калоніі нібыта за абразу Лукашэнкі. Паводле звестак, Міхнюк абвінавачвалі на падставе матэрыялаў з праслухоўвання, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюза РЭП.
Святаслаў Каліна — мінімум 39 асуджаных
Як і Семянчук, Святаслаў Каліна пачаў разглядаць палітычна матываваныя справы яшчэ да падзей 2020 году. Напрыклад, ён штрафаваў праціўнікаў акумулятарнага заводу.
Пасля падзей 2020 году менавіта ён распачаў судовы канвеер па “справе карагодаў” і вынес прысуды першай групе яе фігурантаў. Таксама Каліна вынес прысуд паводле крымінальнай справы пра "скрадзеную рацыю" на акцыі пратэсту 20 верасня.
У 2022 годзе Святаслаў Каліна агучыў прысуд 23-гадоваму палітвязню Алегу Ардзюку. Каліна прызнаў хлапца вінаватым паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і прызначыў тры з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя прызнаў яго вінаватым у тым, што Ардзюк "кінуў палку і жменю зямлі" ў бок міліцыянтаў. Хлопца затрымалі 15 верасня мінулага году ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу — да дэмбеля яму заставаўся ўсяго месяц.
У 2024 годзе Каліна працягнуў судзіць удзельнікаў мірных пратэстаў у 2020 годзе ў Брэсце, сярод якіх быў прафесійны шахматыст Дзмітрый Буланаў, які ўваходзіць у трыццатку найлепшых шахматыстаў Беларусі.
Апроч крымінальных справаў, Каліна разглядае і адміністрацыйныя. У жніўні 2023 году ён прызначыў маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача Іне Калацкай штраф.
Сяргей Маручак — мінімум 37 асуджаных
Сяргей Маручак — суддзя Брэсцкага раёну, які агучыў прысуды мінімум 37 людзям паводле палітычных матываў. 15 з іх ён адправіў у калонію. Як і ягоныя калегі, ён быў вядомы яшчэ да пратэстаў. Так, у чэрвені 2020 году ён прызначыў блогеру Аляксандру Кабанаву 15 сутак адміністрацыйнага арышту — пасля гэтага блогер выйшаў толькі ў снежні 2022 году, бо быў затрыманы ў межах крымінальнай справы.
Сярод асуджаных ім — фігуранты “справы карагодаў”, у тым ліку — цяжарная жанчына. Тады 12 чалавекам ён прызначыў пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Падчас разгляду справы ён адказаў у змене меры ўтрымання адной з абвінавачаных, якая была вельмі хворая і штохвілінна кашляла падчас суду.
У 2024 годзе Маручак працягнуў судзіць людзей за ўдзел у мірных сходах у 2020 годзе. У верасні ён вынес прысуд адразу 11 людзям, якіх асудзіў ад “хатняй хіміі” да паўтара года калоніі. Разглядае Маручак і справы паводле дыфамацыйных артыкулаў. Да двух гадоў калоніі ён асудзіў Івана Бацюка, які нібыта абразіў Лукашэнку. Брэсцкага нарколага-псіхіятра Максіма Зайцава ён адправіў у калонію на два гады за два каментары ў бок Лукашэнкі і брэсцкага чыноўніка.
Акрамя таго, да гэтага часу таксама судзяць паводле палітычных матываў у крымінальным парадку Дзмітрый Шурын (мінімум 35 палітычна матываваных судоў), Іна Клышпач (33), Марыя Аліферук (31), Мікалай Кміта (30), Таццяна Лаўранюк (29).