Палітвязня, які заплаціў уладам 31 біткоін кампенсацыі і зняўся ў фільме БТ, асудзілі яшчэ на 9 гадоў
Палітзняволенага айцішніка Аляксандра Зіязэтдзінава восенню 2022 года ўжо асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. У сярэдзіне кастрычніка 2023 года яго знялі ў прапагандысцкім фільме, дзе ён распавёў, што пакрыў шкоду за новы выяўлены эпізод і напісаў памілаванне. Але негледзячы на гэта, у лютым 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе яго зноўку пачалі судзіць. Айцішніка абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Стала вядома, што суддзя Алена Шылько вынесла прысуд — дзевяць гадоў зняволення.
У сярэдзіне кастрычніка 2023 года выйшаў прапагандысцкі фільм "ПОСЛЕДНИЙ ПЕРЕВОД. БЕНЕФИЦИАР – ТЕРРОРИЗМ: разоблачение тех, кто спонсирует преступников", дзе ў тым ліку паказалі ў калоніі Аляксандра Зіязэтдзінава. У палітвязня была "жоўтая бірка" экстрэміста.
У фільме заяўлялася, што яго затрымалі — а пазней і асудзілі на тры гады — па адным эпізодзе пераводу грошай, але пазней выявілі яшчэ.
"Другі эпізод быў [знайшлі], калі я ўжо тут [у калоніі] знаходзіўся. Мне прапанавалі пакрыць шкоду",— кажа сам Аляксандр.
У фільме паказалі засакрэчанага аператыўнага супрацоўніка ДФР, які заяўляе, што Зіязетдзінаў "не быў да канца шчыры са следствам і схаваў пяць крыптавалютных плацяжоў на 16 тысяч рублёў". У выніку ён пералічыў на рахункі медыцынскіх установаў "круглую суму", абмяняўшы 31 біткоін. Акрамя гэтага, ён падаў хадайніцтва Аляксандру Лукашэнку аб памілаванні. У фільме, які выйшаў у кастрычніку, казалі, што ён чакае рашэнне. Відаць, яно апынулася адмоўным.