Білі дубінкамі, ставілі на расцяжку, цкавалі сабакамі: як катавалі за намер удзельнічаць у антываенным мітынгу
Пасля памятных падзеяў 2020 года, калі тысячы беларусаў упершыню прайшлі праз затрыманні, арышты і рэпрэсіі з боку сілавых структур, жыхару Мінска Канстанціну (прозвішча ў мэтах бяспекі не публікуецца) нейкі час шанцавала – на той час яго мінуў гэты жахлівы досвед. Але 27 лютага 2022 года, у дзень рэферэндума, Ён сабраўся на антываенны мітынг супраць расійскага ўварвання ва Ўкраіну. З гэтай даты ў ягоным жыцці ўсё змянілася кардынальна. Канстанцін пагадзіўся распавесці “Вясне” пра свае ўражанні і перажаванні, якія і дагэтуль пакідаюць прыкметны адбітак на ягонае жыццё.
"Кожнага б сама вывела ў двор і застрэліла ўласнаручна"
У нядзелю, 27 лютага, кіруючыся на прыпынак грамадскага транспарту, Канстанцін заўважыў, як за ім следам ідзе падазроны мужчына ў цёмна-зялёнай куртцы. Ён сеў у транспарт, праехаў крыху і тады побач з’явіўся цёмны мікрааўтобус “Фольксваген”. У раёне вуліцы Чырвонай яго затрымалі трое амапаўцаў і адвялі ў аўтамабіль, у якім знаходзіліся яшчэ двое чалавек у цывільным.
– У мяне адразу адабралі тэлефон, праверылі заплечнік. Мужчына ў цывільным некалькі разоў ударыў мяне па твары і скроні. Недзе праз паўгадзіны мяне і яшчэ аднаго чалавека адвезлі ў Першамайскі РУУС, сталі апытваць і пісаць пратакол нібыта за ўдзел у неснкцыянаваным мерапрыемстве. Таксама быў пракурор, які запалохваў, каб не хадзіў на дэманстрацыі. А адна супрацоўніца у Першамайскім РУУСе крычала на нас за тое, што мы выйшлі супраць вайны, што кожнага б сама вывела ў двор і застрэліла ўласнаручна.
Калі ў бетоннай камеры ў аддзяленні міліцыі сабралася некалькі чалавек, вечарам нас павезлі ў “стакане” на Акрэсціна. Там двое сутак чакаў суда, – успамінае той дзень Канстанцін.
Суд адбываўся ў маленькім пакойчыку на другім паверсе, дзе стаялі два сталы з ноўтбукамі. Суддзя Максім Трусевіч праводзіў працэс па скайпу, было вельмі дрэнна чуваць і мужчына амаль нічога не разумеў. Увесь працэс доўжыўся каля 20 хвілін. Па двух пратаколах (арт. 24.23 і 24.3 КаАП РБ) яму прысудзілі 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Затым сабралі партыю арыштаваных і павезлі ў Жодзіна.
"У камеры на 8 чалавек змяшчаліся 32 арыштанты"
“Найбольш жорстка да нас ставіліся ў ізалятары ў Жодзіна. Выводзілі на калідор і збівалі. На праверках таксама можна было ні за што атрымаць. Здаралася, што многіх білі галавой аб сцяну. Сама болей любіў здзеквацца невялікага росту надзіральнік Сцяпан, які меў відаць садысцкія схільнасці. Позна вечарам ці ноччу ён мог вывесці каго заўгодна ў калідор і прымушаў адціскацца ад падлогі і наносіў удары. Бачна, што яму гэта спадабалася,” – распавядае субяседнік. – Яшчэ нейкі маёр перыядычна збіваў і пры гэтыў называў усіх фашыстамі”.
Перыядычна ў камерах ладзілі ператрусы, пад час якіх білі людзей галавой аб сцяну. Канстанцін прыгадвае, што збілі нават супрацоўніка Ваеннай акадэміі. Білі дубінкамі. Ставілі на расцяжку. А яшчэ на арыштаваных натраўлівалі аўчарак, якія не кусалі, толькі моцна гаўкалі. Была неяк сітуацыя, што на калідоры нейкі мужык штурхануў сабаку і за гэта яго моцна збілі.
“Камера была перапоўненая, амаль усе палітычныя. Святло гарэла кругласуткава. Памятаю, аднойчы да нас падсялілі дваіх звычайных арыштаваных, ад якіх добра смярдзела алкаголем. У іх быў і матрац, і коўдра, і падушка, а ў астатніх толькі голыя металічныя пласціны. Іх нават кармілі лепей чым нас. А “палітычным” – прэсная каша ды “чай”, светлая такая вадкасць”, – распавядае далей мужчына.
Канстанцін прыгадвае адзін выпадак, калі некалькі мужчын зачынілі ў душы і запырскалі памяшканне газам. Аднаму чалавеку гэта дапамагло прачысціць нос падчас Ковіду, а іншаму патрапіла на "адно месца” і ён курчыўся ад пякельнага болю.
“Перад вызваленнем аднаму з затрыманых калі ён забіраў свае рэчы, не вярнулі 3000 еўра, а грошы былі ўнесеныя ў спіс рэчаў. Гэта сур’ёзная праблема. Усе забегалі па калідорах, бо што цяпер рабіць, гэтага ж не схаваеш цяпер. Затым неяк выкруціліся, заявялі: “Едзь на Акрэсціна, там усё патлумачаць і знойдуць грошы. Зразумела, што гэта была адгаворка,” – распавядае Канстанцін.
Праз два тыдні мужчыну перавезлі ў ІЧУ ў Мар’іну Горку. Якраз набліжаўся Дзень Волі 25 сакавіка, таму тэрмінова пачалі вызваляць камеры, каб падрыхтаваць месца для будучых затрыманых.
ІЧУ ў Мар’най Горцы запомнілася дзікім холадам
Праз паўмесяца Канстанціна адвезлі ў аўтазаку ў Мар’іну Горку, у мясцовы РАУС, дзе быў ізалятар.
“Мар’іна Горка запомнілася сваім моцным холадам. Калі мы прасілі нешта з гэтым зрабіць, на гэта не звярталі ніякай увагі. Але там былі не амапаўцы, а звычайныя супрацоўнікі міліцыі і ім было ўсё адно. Яны выконвалі тое, што ім было загадана, але там, у адрозненне ад Жодзіна нікога не збівалі. У камеры на два чалавекі нас знаходзілася сямёра. Сярод нас – адзін сталага ўзросту, адзін сардэчнік, – кажа мужчына. – А калі нешта не падабалася, супрацоўнікі казалі: “Чамадан, вакзал, Варшава”.
Субяседнік распавядае далей, што лісты ад маці яму не перадавалі, не прынялі нават перадачу. Таму не было прадметаў гігіены і цёплага адзення. Нават у душ ніводнага разу не выводзілі. Таксама не дазвалялі днём спаць, а ўначы ад холаду было не заснуць.
"Я разумеў, што некалі за мной прыйдуць ізноў"
Наступствы гэтага арышту не прайшлі для Канстанціна цалкам і дагэтуль. Нават знаходзячыся ў бяспечным месцы ён працуе з псіхолагам, адчувае страх ад думкі вярнуцца ў Беларусь:
“Памятаю, неяк летам пасля таго арышту, сустрэліся з хлопцамі, з якімі разам сядзелі ў ІЧУ. Кажу: “Хутка дзень горада, давайце збярэмся разам, сходзім на свята!” А мне адказалі, што калі якія падзеі, альбо свята, то мы сядзім дома і ўвогуле нікуды ў такія дні не выходзім.
І яшчэ, калі ты бачыш аўтамабіль з танаваным шклом – у душы ўсё пераварочваецца, узнікае пачуццё страху. Нават зараз, калі знаходжуся ў бяспецы за мяжой, убачыўшы людзей у форме, хочацца перайсці на другі бок вуліцы, ці яшчэ дзе-небудзь схавацца.
А унутры і да гэтага часу засталіся гэтыя траблы. Я займаюся з псіхолагам, а некаторыя са знаёмых, якія прайшлі праз падобныя выпрабаванні доўгі час прымаюць таблеткі, настолькі ім дрэнна.
Псіхолаг неяк сказаў мне, што ўсе тыя перажыванні, увесь той боль, я заціснуў у сабе і гэта не дае мне спакою і дагэтуль. Яно псуе мне жыццё. Паволі ўсё гэта адмоўнае выходзіць з мяне, але на гэта трэба час.
Пасля вызвалення, я ўвесь час шукаў варыянты, як можна было з’ехаць з Беларусі. Ведаў, што некаторыя з тых, з кім я сядзеў, пакідалі ўсё і з’ехалі ў іншыя краіны,а дваіх ужо пасадзілі па крыміналцы. І я разумеў, што некалі за мной прыйдуць ізноў”.
![]()
"Лепей у Беларусь не вяртацца": гісторыя айцішніка, які ледзь не наехаў на амапаўца аўтамабілем