viasna on patreon

На волю выйшлі палітзняволеныя журналіст Андрэй Кузнечык, шматдзетная маці Алена Маўшук і грамадзянін ЗША Мікалай Шугаеў Дапоўнена

2025 2025-02-13T10:54:18+0300 2025-02-24T16:13:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/elena_movshuk_120225.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 12 лютага стала вядома, што на волю выйшлі палітзняволеныя журналіст "Радыё Свабода" Андрэй Кузнечык, шматдзетная маці з Пінску Алена Маўшук і грамадзянін ЗША Мікалай Шугаеў. Яны ўжо пакінулі Беларусь і знаходзяцца ў бяспецы. Вызваленне стала магчымым дзякуючы спрыянню ЗША. Дзяржаўны сакратар заклікаў беларускі рэжым вызваліць астатніх амаль 1300 палітвязняў, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі.

elena_movshuk_120225.jpg
Фота з тг-канала Франака Вячоркі

"Удзячная ЗША за супольныя намаганні" 

Увечары 12 лютага дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская паведаміла:

"Цудоўныя навіны. Сёння мы сустракаем на волі трох закладнікаў рэжыму – журналіста Андрэя Кузнечыка, актывістку Алену Маўшук і грамадзяніна ЗША, імя якога пакуль не раскрываецца. 

Мне паведамілі, што ўсе трое ўжо ў бяспецы, у Вільні. Ім дапамагаюць прадстаўнікі амерыканскай амбасады, а Алену Маўшук прадстаўнікі Офіса і Кабінета ўжо вязуць у бяспечнае месца, дзе яна атрымае ўсю неабходную падтрымку.

Я вельмі ўдзячная прэзідэнту Трампу, дзяржсакратару Рубіа і дзярждэпартаменту ЗША за супольныя намаганні, якія зрабілі гэта магчымым. 

Радая, што зняволеныя зноў змогуць пабачыць сем’і і блізкіх пасля доўгіх дзён за кратамі. Нарэшце кожны абдыме сваіх родных. Мы будзем змагацца за вызваленне кожнага!"

Што вядома пра вызваленых?

Падрабязнасці вызвалення CNN раскрыў Крыс Сміт, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Еўропе.

“Гэта была спецыяльная аперацыя: мы перасеклі беларускую мяжу, сустрэліся ў Мінску з прадстаўнікамі ўладаў, якія перадалі нам трох затрыманых. Мы забралі іх і вывезлі праз Літву”.

Паводле Сміта, гэта быў “аднабаковы жэст” з боку беларускіх уладаў, якія імкнуцца палепшыць адносіны з ЗША.

“Лукашэнка не атрымаў нічога ўзамен”, – адзначыў ён.

Алена Маўшук была затрыманая ўначы 10 жніўня 2020 году ў Пінску ў межах крымінальнай справы аб «масавых беспарадках». Паводле абвінавачвання, жанчына нібыта з палкай замахваліся на супрацоўнікаў міліцыі. Пазней яе асудзілі да шасці гадоў калоніі. Яе мужа — Сяргея Маўшука — асудзілі на 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма, ён утрымліваецца за кратамі. Алена ўтрымлівалася ў гомельскай калоніі № 24.

Былая палітзняволеная распавяла "Люстэрку" падрабязнасці свайго вызвалення:

"Усё гэта было спантанна. Я працавала на фабрыцы, вярнулася пасля першай змены, і мы ўсе пайшлі на вячэру. Да мяне падышоў кантралёр і сказаў: "Маўшук, пойдзем з намі". Мы прыйшлі ў атрад, мне сказалі вынесці ўсё — ўсе свае рэчы.

Дзяжурны памочнік начальніка калоніі павёў мяне ў штаб. Там быў пракурор, які сказаў: «Уладзіміраўна, ваша памілаванне разглядалася». Я вельмі знервавалася, таму што не зразумела: ці то яно разглядалася, ці то яшчэ толькі будзе разглядацца. Затым пракурор сказаў, што яно ўжо разгледжана, але з умовай, што мне трэба пакінуць Беларусь. Ён спытаў, ці былі ў мяне такія намеры. Я адказала, што ўжо прагаварыла тое, што не хачу жыць у Беларусі. Вось і ўсё. Я на волі".

Жанчына адзначыла, што яна выйшла па памілаванні, якое яна напісала ў ліпені 2024 года. Умовай вызвалення стаў выезд з Беларусі.

"Адразу пасля вячэры мяне з рэчамі забралі. Я крыху пачакала, прыехала машына, і мяне павезлі ў Мінск. Уначы я знаходзілася ў СІЗА КДБ. Не ведаю, колькі я там часу правяла. Потым мяне забралі.

Пакуль мяне везлі да мяжы, я нічога не бачыла. Калі я выйшла з памяшкання, на мяне надзелі маску, і таму я нічога не бачыла".

47-гадовы Андрэй Кузнечык правёў за кратамі больш за тры гады. 12 лютага ён прыбыў у Вільню, дзе яго сустрэлі жонка і дзеці — пяцігадовы Мацвей і 11-гадовая Яніна. Журналіста асудзілі за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" (арт. 361-1 КК) да шасці гадоў калоніі. Тэрмін ён адбываў у наваполацкай калоніі № 1.

Мікалай Шугаеў правёў за кратамі ў Беларусі пяць месяцаў. Яго затрымалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — і ў суме прызначылі 60 сутак арышту. Умовы ў ізалятары Наваполацку Мікалай назваў "катавальнымі". Пасля арыштаў Мікалая перавялі ў СІЗА Мінска па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі ў каментарах у Instagram. На допытах мужчыну пыталіся аб тым, ці працаваў ён калі-небудзь на разведку, ці займаўся вярбоўкай. 

12 лютага Мікалаю апранулі мяшок на галаву, вывезлі на мяжу з Літвой. Там яго сустрэлі супрацоўнікі амерыканскай амбасады.

Цяпер мужчына знаходзіцца на рэабілітацыі ў медыцынскай клініцы, размешчанай на ваеннай базе ў Тэхасе (ЗША). За пяць месяцаў зняволення "ён страціў 20 кг вагі, страціў зрок, ёсць падазрэнне на сухоты", паведамляла "Люстэрка".

ЗША заклікала вызваліць астатніх палітвязняў

У Злучаных Штатах віталі вызваленне дваіх палітычных зняволеных у Беларусі. Інфармацыйнае паведамленне дзяржаўнага сакратара Марка Рубіё Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў на сваім сайце:

"Моцнае кіраванне прэзідэнта Трампа прывяло да вызвалення амэрыканца, несправядліва затрыманага ў Беларусі, і дваіх палітычных зняволеных. Я хачу асабліва падзякаваць ураду Літвы за супрацоўніцтва і дапамогу — яны застаюцца сапраўдным хаўруснікам і сябрам. Я таксама хачу падзякаваць сваёй камандзе ў консульскіх справах, офісу спецыяльнага ўпаўнаважанага прэзідэнта ў справах закладнікаў і Бюро ў справах Эўропы і Эўразіі за ўсю цяжкую працу, якая была праведзена для забеспячэньня гэтых вызваленняў.

Мы па-ранейшаму адданыя справе вызвалення іншых грамадзян ЗША ў Беларусі і ў іншых месцах. Мы заклікаем вызваліць амаль 1300 палітвязняў, якія застаюцца ў турмах па ўсёй Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства