У Лепелі мужчыну асудзілі да 1,5 года "хатняй хіміі" за сарваны дзяржаўны сцяг
У судзе Лепельскага раёна паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) да аднаго года і шасці месяцаў абмежававання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі") асудзілі 41-гадовага Аляксея Маладыка. Прысуд вынес Міхаіл Юрчанка.
Мясцовая раёнка "Лепельскі край" распавяла дэталі абвінавачвання. Знаходзячыся ў Лепелі і будучы на падпітку, як сцвярджае газета, мужчына навідавоку ў людзей падскочыў і вырваў рукамі прымацаванае на сцяне адміністрацыйнага будынка драўлянае дрэўка з дзяржфлагам. Пры гэтым ён сарваў кранштэйн з месца яго мацавання і пашкодзіў дрэўка, пасля чаго сцяг з дрэўкам аднёс на вуліцу Валадарскага ў г. Лепелі, дзе пакінуў на вуліцы і ўцёк.
На судзе мужчына віну прызнаў. Верагодна, да суда ён быў пад вартаў, бо з 23 кастрычніка 2024 года не з'яўляўся ў сацсетках. Прысуд быў вынесены яшчэ 23 снежня, але пра яго стала вядома толькі цяпер.
Агулам у Беларусі паводле артыкула 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў) асудзілі мінімум 215 чалавек.