viasna on patreon

"Сітуацыя з хатнім гвалтам пагоршылася". Афіцыйная справаздача Беларусі ў КЛДЖ вачыма праваабарончай Кааліцыі

2025 2025-02-12T17:46:55+0300 2025-02-13T11:16:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bazar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэс-канферэнцыя Кааліцыі арганізацый, якія аказваюць дапамогу жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту, прайшла па выніках справаздач дзяржаўнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь і беларускай праваабарончай супольнасці ў Камітэце па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

Спікеркамі выступілі прадстаўніцы Кааліцый жаночых арганізацый Станіслава Цярэнцьева і Наста Базар.  Спасылка на справаздачу праваабарончай супольнасці ёсць на рускай, беларускай і англійскай мовах.

bazar.jpg
Наста Базар

Як ўсё адбываецца

Кожны раз, калі дзяржава-удзельніца Канвенцыі падае афіцыйную справаздачу, можна падаваць і ценявыя справаздачы ад НДА-сектару. У гэтым годзе іх было пяць: адзін быў ад Кааліцыі арганізацый. 

Хоць НДА-сектар разгромлены, заўважыла Наста Базар, а жаночыя арганізацыі, якія дапамагалі жанчынам у сітуацыях хатняга гвалту ў Беларусі, таксама ліквідаваны, тым не менш вялікая колькасць з іх працягвае працу.

“І ў гэтым годзе з'явілася прапанова напісаць ценявую справаздачу ад арганізацый, ініцыятыў, актывістак, якія працягваюць займацца сітуацыяй хатняга гвалту, каб разам падаць ценявую справаздачу”, — распавяла Наста Базар.

“Гендарная роўнасць” і хлусня

Частку сваёй прамовы дзяржаўная дэлегацыя прыкрывала прыгожымі словамі, такімі як "гендарная роўнасць", адзначае Базар:

“У прыватнасці, яны казалі, што ў школах будзе семейная і гендарная адукацыя. Пытанне толькі, ці будзе там слова "гендар" гучаць. [Але] у некаторых момантах яны проста аб'ектыўна хлусілі”.

З гэтым пагадзілася і Станіслава Цярэнцьева:

"У цэлым, на некаторыя пытанні яны хлусілі, на некаторыя не адказвалі, а на некаторыя, якія задаваліся некалькі разоў у рознай канфігурацыі, проста сыходзілі ад адказу. Мне запомнілася: па пытанні прадстаўленасці жанчын у палітыцы адна з спікерак апелявала да свайго вопыту – я жанчына, я займаю значную пазіцыю ў палітыцы, пра якую дыскрымінацыю можа ісці гаворка? Таму некаторыя адказы зводзіліся да асабістага досведу або проста прапускаліся і не агучваліся далей, нягледзячы на настойлівае жаданне прадстаўніц і прадстаўнікоў Камітэта атрымаць адказ."

Гендарны гвалт

Кааліцыя зярнула ўвагу на тое, што дзяржаўная дэлегацыя сказала пра ахоўнае прадпісанне (гэта тое прадпісанне, якое даецца ў сітуацыі хатняга гвалту агрэсару) —маўляў, яно працуе вельмі добра.

“Але яны не называлі колькасць дзён, — адзначае Наста Базар.  — А ў гэтым ёсць праблема, бо гэтае ахоўнае прадпісанне зараз дзейнічае на 30 дзён і яго не магчыма падоўжыць, а насамрэч гэта вельмі мала для таго, каб вырашыць сітуацыю. Пры гэтым яны сказалі, што такіх ахоўных прадпісанняў было больш за 30 000 (за апошнія год ці два), і гэтыя лічба нас вельмі здзівіла, таму што па статыстыцы каляжанкі, якія працавалі да 2020 году ў гэтай тэме, казалі, што ў сярэднім гэта было 7 000 такіх прадпісанняў у год. То бок нешта з лічбамі не тое”.

З таго, што Кааліцыі было невядома — гэта тое, што делегацыя ўладаў Беларусі казала пра крызісныя і пра аранжавыя паком.

“Праблема крызісных пакояў да 2020 года была ў тым, што па-першае, каб туды патрапіць, жанчыне трэба было мець доказы, заяву ў міліцыю, прайсці нейкую там камісію, каб яе туды засялілі. І другая праблема: гэта менавіта крызісныя пакоі, то бок для людзей у крызіснай сітуацыі, а не для жанчын у сітуацыі хатняга гвалту. То бок магла быць сітуацыя, калі ў адной прасторы мог быць мужчына, у якога згарэў дом у вёсцы, і ў суседнім пакоі будзе жанчына з дзіцём, якую збіў муж, — кажа Наста Базар. —  [Падчас пасяджэння ў ААН] беларуская дэлегацыя заявіла пра тое, што зараз па заяўляльнаму прынцыпу, то бок не трэба доказаў, і што жанчына можа сама прыйсці і сказаць, што ёй патрэбна, і яе заселяць. У нас няма пакуль што няма мажлівасці гэта праверыць, але варта. І вось пра аранжавыя пакоі--не зусім зразумела, што гэта, але нешта такое пачало працаваць”.

Як адзначыла Станіслава Цярэнцьева, акрамя недаверу і іншых фактараў, у крызісныя пакоі мала звярталіся і раней, бо ў цэлым інфармацыя пра іх была вельмі цяжкадаступная.

“Найчасцей трапіць туды можна было толькі праз зварот у органы, а непасрэдна звярнуцца было немагчыма. [Яны былі цяжкадаступныя ў раённых цэнтрах], а ў некаторых меншых населеных пунктах іх наогул не было. І ўвогуле, яшчэ да гэтага яны не выкарыстоўваліся як шырокая практыка — існавала шмат бар’ераў і прычын, чаму людзі не звярталіся нават у вельмі цяжкай сітуацыі. Паводле водгукаў людзей, якія давалі зваротную сувязь нашай ініцыятыве, яны часам аддавалі перавагу таму, каб начаваць з дзіцём на вакзале, чым ісці ў крызісны пакой і атрымліваць такую дапамогу”, сказала Цярэнцьева.

Наста Базар дадала, што у ценявой справаздачы быў такі акцэнт:

“Зараз, калі жанчына падае заяву ў міліцыю па пытаннях хатняга гвалту, найперш ідзе сканаванне жанчыны на палітычную актыўнасць, а ўжо толькі потым на сітацыю, у якую жанчына патрапіла.

Таксама важна сказаць, што дзяржаўная дэлегацыя расказвала, наколькі добра працуе сацыяльна небяспечнае становішча (СНС) — гэта структура, якая павінна дапамагчы прайсці сям'і праз крызіс, але варта ўзгадаць, што і да 2020 году гэта была таксама праблема, чаму жанчын не падаюць заявы — таму што пры падачы заяваў сітуацыі хатняга гвалту сям'ю аўтаматычна ставяць на гэты статус і выпісваюць штраф, які звычайна трэба выплаціць з бюджэту сям'і, што зноў з'яўляецца прычынай для агрэсіі”.

Дыскрымінацыя і ЛГБТК+

На думку беларускай дэлегацыі, ніхто ў Беларусі дыскрымінацыі не адчувае. Бо па выніках даследавання, праведзеным уладамі, толькі 0,1% людзей адчувалі дыскрымінацыю па прызнаку сексуальнай арыентацыі. 

“Да гэтай тэмы было таксама дапаўненне да кваліфікацыі парнаграфіі ў Міністэрстве культуры, што выйшла ўвесну. І Камітэт пытаўся пра ціск на ЛГБТК+ людзей, таму што там з'явіўся такі допіс, што да парнаграфіі далучаюцца нетрадыцыйныя стасункі. На гэта дэлегаця сказала: канешне ж гэта ніяк не пра ЛГБТК+. І гэта хлусня, бо ў верасні заведзена дзве крымінальныя справы на трансгендарных людзей менавіта па гэтай прычыне”, — адзначыла Базар.

Ліквідацыя НДА сектара

Падчас пасяджэння КЛДЖ у беларускай дэлегацыі спыталі пра тое, чаму да напісання яе справаздачы не далучаныя НДА.

“Адказ быў такі, што ў былы раз НДА удзельнічалі ў напісанні былой справаздачы, успамінае Базар. І важна сказаць, што так, былі: пяць НДА прымалі ўдзел, і на дадзены момант чатыры з іх ліквідаваныя, адна арганізацыя прыняла рашэнне аб самаліквідацыі.

На пытанне пра незалежны НДА сектар быў адказ, што ў гэтым яны не бачаць патрэбы ў незалежных НДА і што ёсць развітая структура ў дзяржаве”.

Яшчэ адзін момант: гарачая лінія Гендерных перспектываў  існавала дзевяць год (за гэты час яны прынялі 15 000 зваротаў), ва сховішчы "Радзіславы" для жанчын і дзяцей, пацярпелых ад хатняга гвалту за час існавання пражыло 555 чалавек. І таксама меншыя, раённыя арганізацыі, у Беларусі таксама прымалі вялікую колькасць жанчын.

“Гэтага зараз няма,  кажа Базар. — І наўрад ці тыя арганізацыі, якія засталіся, могуць пакрыць такую колькасць запытаў. Таму гэта дадае нам роздумы да высновы, што сітуацыя з хатнім гвалтам пагоршылася, і дапамогі як такой стала меней. І жанчынам стала менш куды звярнуцца”.

Палітзняволеныя жанчыны

Кааліцыя праваабарончай супольнасці таксама заяўляла пра пытанне палітзняволеных жанчын.

“За дзень да справаздачы дзяржавы была закрытая сустрэча чальцоў і чалінь камісіі Камітэта з НДА, распавяла Наста Базар. Яны спецыяльна робяць яе закрытай, каб мы не перасякаліся з дзярждэлегацыяй. І што важна: усё, што было агучана на гэтай сустрэчы, усё гэта камісія Камітэта падчас справаздачы дзяржаўнай дэлегацыі агучвала і задавала пытанні тымі фразамі, якімі мы казалі.

Але нажаль за ўсё пасяджэнне было, здаецца, каля пяці разоў пытанне пра палітзняволеных жанчын, і дзярждэлегацыя ні разу на гэтае пытанне не адказала. Не кажучы пра тое, што яны ў прынцыпе не называлі слова "палітзняволеная". Таксама было пытанне пра ліквідацыю, знішчэнне [НДА], на што дэлегацыя сказала, што гэта не так, што ў 2020 годзе была спроба захопу ўлады, у якой прымала ўдзел вялікая колькасць НДА, і лідары НДА панеслі адказнасць. То бок яны апелююць паўсюль да таго, што ўсё па законе, і ў турмах сядзяць людзі, якія парушылі закон”.

Рэкамендацыі Кааліцыі

Сярод рэкамендацый, якія зрабіла Кааліцыя, былі наступныя.

Большасць крымінальных справаў па хатнім гвалце на дадзены момант па-ранейшаму застаюцца справамі прыватнага абвінавачвання.

“То бок уся адказнасць за падачу заявы, за справы ляжыць па факце на жанчыне, і адна з рэкамендацый: перавесці на прыватна-публічнае альбо на публічнае заяву, каб гэта насамрэч была не толькі справа жанчыны, якая пацярпела ад хатняга гвалту, якая і так мае шмат прычын не падаваць заяву ў міліцыю”,  адзначыла Наста Базар.

Статыстыка па хатнім гвалце хаваецца, распавяла Станіслава Цярэнцьева:

“Здаецца, у 2023 годзе была петыцыя з патрабаваннем апублікаваць гэтыя дадзеныя, якія перасталі публікавацца. На яе адказалі, што гэта інфармацыя для службовага карыстання.

Тое, як у Беларусі змагаюцца з хатнім гвалтам, нагадвае спробу тушыць пажары — на наш погляд, гэта не вельмі эфектыўна. Для прафілактыкі робіцца вельмі мала, акрамя нейкіх фармальных акцый, якія праводзяцца толькі дзеля таго, каб згадаць пра іх у справаздачах. Вельмі важна, каб у гэтым кірунку вяліся сістэмныя дзеянні — напрыклад, навучанне супрацоўнікаў і супрацоўніц, якія працуюць з людзьмі ў уразлівым становішчы і з пацярпелымі, альбо не праводзіцца зусім, альбо праводзіцца неякасна.

Раней гэта таксама была важная частка працы грамадскага сектара, які пераймаў міжнародныя практыкі, арганізоўваў трэнінгі, семінары і навучальныя мерапрыемствы.

Яшчэ адзін важны момант — у нас не працуюць з агрэсарамі ў плане карэкцыі іх паводзін. Няма тыпавых праграм для агрэсараў. У выніку чалавек можа атрымаць штраф, у выпадку цяжкіх фізічных пабояў — тэрмін, але пасля вяртаецца, і з яго паводзінамі нічога не робіцца”.

"Няма закона аб гендарнай роўнасці". Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады

У ААН прайшло 2124-е пасяджэнне Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ, англ. CEDAW). Камітэт разгледзеў дзявяты перыядычны даклад Беларусі. Распавядаем, што там было.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства