"Прыйшоў час перагледзець пазіцыю жанчын". Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады
У ААН прайшло 2124-е пасяджэнне Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ, англ. CEDAW). Камітэт разгледзеў дзявяты перыядычны даклад Беларусі, які быў прадстаўлены паводле спрошчанай працэдуры прадстаўлення дакладаў. Беларусь як дзяржава-удзельніца Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын адсправаздачылася ўпершыню за апошнія дзевяць гадоў.
«Вясна» паглядзела пяцігадзіннае пасяджэнне і ў трох частках (адпаведных раздзелам Канвенцыі) распавядае пра тое, як дакладчыкі Камітэта крытыкавалі беларускія ўлады ў сваіх выступах і якія пытанні задавалі. Тут вы прачытаеце трэцюю частку гэтых выступленняў (артыкулы з 10 па 14 Канвенцыі), у якой гаворыцца аб адукацыі і ліквідацыі стэрэатыпнай канцэпцыі роляў мужчын і жанчын, праве на працу і роўных магчымасцях для яе, ахове здароўя і доступе да яе жанчын у сельскай мясцовасці.
«Шкодныя стэрэатыпы пра мужчын як здабытчыкаў і жанчын як тых, хто клапоціцца пра хатнюю гаспадарку»
Артыкул 10 Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын прысвечаны адукацыі. Эксперткай тут выступіла Рангіта дэ Сільва дэ Алвіс.
«Артыкул 32 Канстытуцыі Беларусі гарантуе, што мужчынам і жанчынам павінны быць забяспечаны роўныя магчымасці ў адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы. Канстытуцыйныя гарантыі роўных магчымасцяў з’яўляюцца фундаментальнымі, — адзначыла Рангіта дэ Сільва дэ Алвіс. — Аднак у Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца: артыкул 5.8: "Сямейная, гендарная адукацыя павінны быць накіраваныя на вызначэнне ролі і жыццёвай мэты мужчыны і жанчыны ў адпаведнасці з традыцыйнымі каштоўнасцямі беларускага грамадства". Адукацыйныя інструкцыі могуць адлюстроўваць шкодныя стэрэатыпы пра мужчын як здабытчыкаў і карміцеляў і жанчын як тых, хто клапоціцца пра хатнюю гаспадарку. Ці нельга замяніць аргумент пра традыцыйныя каштоўнасці больш эгалітарнымі каштоўнасцямі ў адукацыі? Магчыма, варта падумаць над тым, каб у заканадаўчай базе адлюстраваць роўную ролю мужчын і жанчын, у тым ліку як асоб, якія зарабляюць і робяць унёсак у сямейны бюджэт?»
Кіраўніца дэлегацыі Беларусі Ларыса Бельская адказала на гэта наступным чынам:
«Што датычыцца вашага здагадвання аб замене традыцыйных каштоўнасцяў у нашым Кодэксе аб адукацыі. Да традыцыйных каштоўнасцяў належыць моцная сувязь сям’і. Гэта частка нашай спецыфікі. І ад яе мы не павінны адыходзіць на карысць таго, што ў іншых рэгіёнах свету разглядаецца па-іншаму. Мы ўлічваем спецыфіку нашага гістарычнага развіцця. Прыбраць традыцыйныя каштоўнасці… гэта такая парадыгма [у нас], гэта не тое, што трэба зрабіць».
«Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь таксама патрабуе тлумачэння ролі і прызначэння мужчын і жанчын у сучасным грамадстве. Хаця традыцыйна навучальныя ўстановы робяць акцэнт на хатняй гаспадарцы для дзяўчат і прафесійнай падрыхтоўцы для хлопцаў, прыйшоў час перагледзець пазіцыю жанчын у грамадскім жыцці, у вядзенні бізнесу і фармаванні палітыкі», — сказала дэ Алвіс.
Прадстаўніца дэлегацыі Беларусі Алеся Іванова адзначыла, што ў беларускіх кампаніях падкрэсліваецца, што лідарства — гэта паняцце па-за гендарам.
Рангіта дэ Сільва дэ Алвіс таксама адзначыла, што ў Беларусі дзейнічала праграма бесперапыннай адукацыі дзяцей і моладзі на 2021-2025 гады. Яна дапамагла ўнесці некаторыя змены ў грамадскі дыскурс, у прыватнасці ў прадмет «Працоўнае навучанне» для 5-9 класаў быў уключаны новы раздзел: «Асновы дамаводства для хлопцаў» і «Рамонт дома для дзяўчат».
«І мы лічым, што гэта дастаткова пазітыўныя падзеі, — сказала дэ Алвіс. — Гэтая гендарная дынаміка, тым не менш, прывяла да таго, што толькі 23% дзяўчат, якія скончылі сярэднюю школу, могуць разглядаць перспектывы атрымання нейкай высокатэхналагічнай адукацыі».
Акрамя таго, дэ Алвіс закранула тэму жанчын у навуцы.
«Гендарны дысбаланс на ўзроўні прафесарскага складу дзівіць. Толькі 17,5% жанчын маюць такую ступень. Якія намаганні прадпрымаюцца для таго, каб новае пакаленне жанчын і дзяўчат выхоўвалася ў адпаведнасці з Агульнай рэкамендацыяй №42?»
На гэтае пытанне паспрабавала адказаць Ларыса Бельская:
«Так, дысбаланс у навуцы ёсць. Больш за 50% студэнтаў — дзяўчаты, але ў навуку не ідзе вялікая колькасць выпускнікоў. Тут ёсць шэраг прычын, і яны сацыяльна-эканамічныя […] Пэўныя меры прымаюцца і будуць прымацца».
Экспертка Камітэта таксама звярнула ўвагу на нізкі працэнт студэнтаў з ліку народнасці рома і іншых нацыянальных меншасцяў.
«Якія намаганні прадпрымаюцца для таго, каб забяспечыць парытэт у сістэме адукацыі?» — спытала дэ Алвіс.
Бельская пагадзілася з тым, што гэта з’яўляецца праблемай:
«Мы зыходзім з таго, што ўсе дзеці, у тым ліку рома, павінны атрымліваць адукацыю. У адносінах да вышэйшай адукацыі працэнт [сярод рома] не такі высокі. Ёсць свая спецыфіка, і яна характэрная не толькі для Беларусі […] Калі чалавек не хоча паступаць у ВНУ, то, напэўна, пытанні прымусу тут не будуць працаваць».
Дэ Алвіс таксама звярнула ўвагу на тое, што Канстытуцыя Беларусі, у артыкуле 35, гарантуе свабоду сходаў, у тым ліку для студэнтаў і выкладчыкаў. А артыкул 21 МПГПП таксама абвяшчае свабоду сходаў.
«Некалькі гадоў таму многія беларускія студэнты былі затрыманыя і арыштаваныя па крымінальных справах, — працягнула экспертка. — Іх прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у пратэстных рухах. Акрамя таго, выказваюцца асцярогі наконт крыміналізацыі студэнцкага жыцця. Мы апыталі 11 студэнтаў і аднаго прафесара з інстытутаў. 9 з 11 студэнтаў падвергліся пераследу за ўдзел у пратэстнай дзейнасці, а жанчына-прафесар была арыштаваная. Шэраг іншых жанчын-супрацоўніц універсітэта страцілі сваю працу».
Дэ Алвіс спытала ў дэлегацыі Беларусі пра цяперашняе становішча студэнтак і выкладчыц, якія былі пазбаўлены магчымасці працягваць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
«У вашым пытанні змяшчаецца і адказ, — сказала Бельская. — Пераслед за практыку свабоды сходаў — гэта не стандартная сітуацыя для Беларусі […] Застаецца толькі шкадаваць, што ў некаторых з іх былі паламаныя лёсы. Але такая ўжо жыццё, такі працэс».
Таксама Бельская нагадала, што ў Беларусі каля 55 000 студэнтаў, «і студэнцкае жыццё развіваецца».
У сваіх дадатковых пытаннях экспертка Камітэта вярнулася да тэмы традыцыйных каштоўнасцяў.
«Больш за ўсё мяне цікавіць такі аспект: ці можна інтэрпрэтаваць традыцыйныя каштоўнасці такім чынам, каб гэта было паслядоўна і адлюстроўвала эгалітарныя каштоўнасці, каб сама сістэма адукацыі прасоўвала гэтыя эгалітарныя каштоўнасці, падкрэслівала роўную ролю ў грамадстве і сям’і мужчын і жанчын?» — сказала дэ Алвіс і паўтарыла: — «Яшчэ раз: ці можна інтэрпрэтаваць паняцце "традыцыйныя каштоўнасці" больш у святле сучасных уяўленняў пра ролю мужчын і жанчын у грамадстве і сям’і?»
Бельская спаслалася на вынікі даследавання, праведзенага ў Беларусі, якія пацвердзілі, «што праблемы такой няма».
«Што вы маеце на ўвазе пад эгалітарнымі каштоўнасцямі? — задалася пытаннем Бельская. — Мы нідзе не прапагандуем, што мужчына — гэта кіраўнік сям’і, а жанчына — у яго на ўтрыманні. Гаворка ідзе пра парытэт. Так, ёсць асаблівая роля жанчыны ў нараджэнні дзяцей».
«Розніца ў заробках паміж мужчынамі і жанчынамі — 26%»
Артыкул 11 Канвенцыі прысвечаны эканамічнай незалежнасці жанчын. Пытанні па гэтай тэме дэлегацыі Беларусі задавала Марыянна Міка.
«Занятасць сярод мужчын склала 72%, а сярод жанчын — 63%. Нягледзячы на спіс прафесій, у якіх жанчынам не рэкамендавалася рэалізоўваць свой прафесійны патэнцыял, гэты спіс скараціўся. І тым не менш, ён працягвае існаваць. Ёсць спіс прафесій, у якія жанчыны не дапускаюцца. І гэта супярэчыць рэкамендацыям МАП (МІжнароднай арганізацыі працы).
Розніца ў заробках паміж мужчынамі і жанчынамі склала больш за 26%. Гэты паказчык павялічыўся, пачынаючы з 2016 года. І гэта сведчыць, што сітуацыя развіваецца не ў правільным напрамку. Жанчыны ў асноўным уладкоўваюцца на працу ў сферы адукацыі і медыцыны, а ў высокатэхналагічных прафесіях, у будаўніцтве і іншых яны недастаткова прадстаўлены. Найбольш недастаткова прадстаўленыя групы — гэта замужнія жанчыны з дзецьмі і жанчыны, якія не дасягнулі 25-гадовага ўзросту».
Экспертка таксама закранула тэму пераследаў і дамаганняў на працоўным месцы.
«Гэтая практыка па-ранейшаму распаўсюджаная, напэўна, з-за недастатковага развіцця механізмаў абароны. МАП адзначыў, што артыкул 170 Крымінальнага кодэкса недастатковы для вырашэння праблемы сэксуальных дамаганняў, бо не забяспечвае ўсебаковай абароны ахвяр».
Прадстаўніца дэлегацыі Беларусі, начальніца ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Белаш запэўніла, што ў Беларусі забяспечваецца роўнасць заробкаў:
«Так, у нашай краіне існуе розніца паміж заробкамі мужчын і жанчын […] Жанчыны, у сілу таго, што яны жанчыны, яны маці, часцей выбіраюць працу з больш лёгкімі ўмовамі працы. І часцей за мужчын карыстаюцца няпоўным працоўным тыднем, што ўплывае аб'ектынўна на заробак».
Белаш пагадзілася з меркаваннем Марыянны Міка аб тым, што ў Беларусі існуе спіс прафесій, у якіх жанчыны не дапускаюцца, назваўшы яго «спісам шкодных умоў працы».
«У жанчыны ёсць яшчэ адна функцыя — яна жанчына, маці. І таму ў краіне прымаюцца дадатковыя меры абароны», — сказала Святлана Белаш.
Акрамя таго, Міка звярнула ўвагу на тое, што ў Беларусі права на водпуск па доглядзе за дзіцем прадугледжана і для мужчын, аднак у асноўным ім карыстаюцца жанчыны.
«Мы працуем над гэтым», — запэўніла Белаш.
Экспертка Камітэта закранула і пытанне пенсійнай рэформы, якая была ўведзена ў Беларусі ў 2017 годзе. У выніку да 2022 года ўзрост выхаду на пенсію складаў 63 гады для мужчын і 57 гадоў для жанчын.
«Гэта прывяло да таго, што перыяд падрыхтоўкі да выхаду на пенсію быў значна павялічаны. У выніку многія жанчыны, асабліва сталага ўзросту, цалкам або часткова страцілі свае пенсіі з-за змянення працэдуры разліку пенсійнага забеспячэння», — адзначыла Міка.
Члены дэлегацыі Беларусі запэўнілі, што жанчыны сталага ўзросту цалкам ахоплены пенсійным забеспячэннем.
«Якія механізмы абароны існуюць у распараджэнні жанчын для недапушчэння сексуальных дамаганняў на працоўным месцы? Якія каналы існуюць для перадачы інфармацыі аб тым, што яны падвяргаюцца такому абыходжанню?» — спытала экспертка Камітэта.
Члены беларускай дэлегацыі адзначылі, што жанчына можа звярнуцца ў прафсаюз.
«У ліпені 2022 года ўсе незалежныя прафсаюзы былі зачынены ў Беларусі. Атрымліваецца, што ў краіне не засталося незалежных прафсаюзаў, здольных адстойваць працоўныя правы жанчын на працоўным месцы», — сказала падчас свайго выступлення Міка.
Кансультантка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Комлік адзначыла, што праца Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў была спыненая па рашэнні Вярхоўнага суда. Аднак у рэспубліцы функцыянуе Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
«Я хацела б пракаментаваць выказванне Міка, што ў Беларусі няма незалежных прафсаюзаў, — сказала ў сваю чаргу Ларыса Бельская і падкрэсліла, што дзякуючы ініцыятыве беларускіх прафсаюзаў былі зніжаныя падаткі, а асаблівую падтрымку прафсаюзы аказвалі жанчынам падчас пандэміі COVID-19.
Марыянна Міка закранула і тэму лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Так, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правапарадку» прадугледжвае, што людзі з алкагольнай або наркатычнай залежнасцю могуць быць накіраваны судом на прымусовае лячэнне і працу тэрмінам да аднаго года пасля фіксацыі шматлікіх выпадкаў умяшання сілавікоў.
«І гэтая практыка не адпавядае міжнародным праваабарончым стандартам, бо прадугледжвае прымусовую працу і абыходжанне», — адзначыла экспертка. — Па меншай меры два ЛПП для жанчын у Рэспубліцы Беларусь прымушаюць іх працаваць практычна бясплатна або атрымліваць толькі нязначную заработную плату. Гэта можна прыраўняць да абмежавання свабоды і злоўжывання карэкцыйнымі ўстановамі сваімі паўнамоцтвамі. Такім чынам, прымусовая праца становіцца неад’емнай часткай адбывання пакарання, і гэта можа быць ахарактарызавана як сучаснае рабства.
Калі дзяржава адмовіцца ад практыкі прымусовай працы для асоб, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП і іншых падобных установах?»
Дэлегацыя Беларусі не пагадзілася з Міка, заявіўшы, што асноўная мэта ЛПП — гэта медыка-санітарная рэадаптацыя грамадзян.
«Яны там не толькі працуюць, ім там аказваюцца паслугі. Праца ў ЛПП, так, прымяняецца, але гэта ўсяго толькі адна з мер выхаваўчага ўздзеяння», — сказала Бельская.
Стерылізацыя без згоды жанчын і дзяўчынак ва ўмовах псіхасацыяльнай інваліднасці
Артыкул 12 Канвенцыі прысвечаны ахове здароўя. Эксперткай тут выступіла Гансалес Ферэр.
«Доступ да лекаў, паслуг па ахове мацярынства і спадарожных паслуг большы ў гарадах, чым у сельскай мясцовасці, — адзначыла Ферэр. — На мясцовым узроўні колькасць кваліфікаваных медыцынскіх работнікаў скарацілася, а якасць медыцынскага абслугоўвання таксама пагоршылася, што непрапарцыйна ўплывае на жанчын, асабліва сталага ўзросту і з хранічнымі захворваннямі. Як урад вырашае гэтыя праблемы на мясцовым узроўні? Як размеркоўваюцца дзяржаўныя сродкі для забеспячэння належнага, даступнага, недарагога медыцынскага абслугоўвання для жанчын, асабліва з уразлівых груп?
У шэрагу паведамленняў адзначаецца, што жанчыны з інваліднасцю сутыкаюцца з перашкодамі пры доступе да паслуг у сферы сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, асабліва ў сельскай мясцовасці. Які прагрэс дасягаецца ў адаптацыі гэтых паслуг да канкрэтных патрэб гэтай групы жанчын і дзяўчынак?»
Адказы на гэтыя пытанні паспрабавала даць Ларыса Бельская:
«Мая мама жыве ў сельскай мясцовасці… ну, у маленькім горадзе, — сказала яна. — І я не хвалююся за яе […] Безумоўна, Беларусь, як і многія краіны, сутыкаецца з праблемамі з сярэднім медыцынскім персаналам, але дзяржава прымае мноства мер, каб іх вырашыць».
Што датычыцца доступу да лекаў, Бельская сказала наступнае:
«У сувязі з санкцыямі заходніх краін у нас ёсць праблемы з даступнасцю пэўных лекаў, якія патрэбны асобным катэгорыям пацыентаў […] Але мы актыўна працуем з іншымі рэгіёнамі, аднак гэтая праблема існуе, і мы таксама трымаем яе ў фокусе ўвагі».
Гансалес Ферэр звярнула ўвагу на распаўсюджанасць і смяротнасць ад раку малочнай залозы і шыйкі маткі.
«Гэта пытанні, якія патрабуюць неадкладнага рэагавання, паколькі гэта рак, які можна прадухіліць і вылечыць, — падкрэсліла экспертка і запытала: — Вы плануеце праінфармаваць нас аб графіку бясплатнай вакцынацыі ад віруса папіломы чалавека ў гэтым годзе? Ці будзе гарантавана, што ўсе групы насельніцтва будуць ахоплены, у прыватнасці жанчыны ў сельскай і аддаленай мясцовасці? Якія адукацыйныя мерапрыемствы праводзяцца для прадухілення абодвух відаў раку?»
У Беларусі праводзяцца медыцынскія агляды для дыягностыкі раку шыйкі маткі і малочнай залозы, запэўніла дэлегацыя.
«Ацэнкі СААЗ вельмі добрыя, і Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі па некаторых напрамках у свеце, — сказала Бельская. — Так што, спадарыня Ферэр, ацэнка, што сітуацыя ў нас пагаршаецца, некарэктная».
Гансалес Ферэр адзначыла, што аборты па медыцынскіх і сацыяльных паказаннях у Беларусі даступныя і бясплатныя, аборты без медыцынскіх і сацыяльных паказанняў з’яўляюцца законнымі і могуць быць праведзены на працягу першых 12 тыдняў цяжарнасці, аплачваюцца пацыентам.
«Аднак мы даведаліся, што ў дзяржаўных клініках існуюць абавязковыя кансультацыі перад абортам, — сказала экспертка. — У асноўным яны праводзяцца прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый, якія імкнуцца змяніць думку жанчын. Ёсць таксама «дзень» або «тыдзень цішыні». Якія ў вас планы па ліквідацыі гэтых перашкод для доступу да абортаў? Гэта падрывае рэпрадуктыўныя правы жанчын. Ці плануецца зрабіць паслугу па добраахвотным перапыненні цяжарнасці бясплатнай і даступнай для ўсіх жанчын?»
Камітэт па правах людзей з інваліднасцю таксама выказаў занепакоенасць у дачыненні да стэрылізацыі без згоды жанчын і дзяўчынак ва ўмовах псіхасацыяльнай інваліднасці пры дапамозе Закона «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі», адзначыла Гансалес Ферэр і спытала, ці ёсць планы змяніць гэты закон?
Намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальніца ўпраўлення спецыялізаванай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Інна Вазняк паспрабавала адказаць на гэтае пытанне, аб’яднаўшы яго з тэмай «перапынення цяжарнасці ўвогуле»:
«У Рэспубліцы Беларусь ахова мацярынства з’яўляецца прыярытэтным напрамкам.Адмысловая праграма ёсць — «Сям’я і дзяцінства». У сітуацыі змяншэння нараджальнасці, безумоўна, мы змагаемся за здароўе і жыццё кожнай жанчыны. Разам з тым артыкулам 27 Закона «Аб ахове здароўя» прадугледжана, што жанчына мае права самастойна вырашаць, ці будзе яна маці. Але, каб данесці інфармацыю пра шкоду абортаў і зразумець сапраўдныя матывы, у нас праводзіцца перадабортнае кансультаванне. Але яно праводзіцца выключна са згоды жанчыны. Калі мы яе не атрымліваем, перадабортнае кансультаванне не праводзіцца.
Мы адзначаем эфектыўнасць перадабортнага кансультавання: у 2024 годзе яго прайшлі 32% жанчын. Захавана 22 838 цяжарнасцяў — ну, 22 838 жыццяў».
![]()
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
Пазней, у сваіх дадатковых пытаннях, Камітэт зноў вярнуўся яшчэ раз да пытання, ці існуе інфармацыя аб стэрылізацыі жанчын і дзяўчынак з інваліднасцю:
«Адпаведна з Законам "Аб медыка-псіхіятрычным лячэнні" ці прадугледжана абавязковы агляд?»
На гэта дэлегацыя Беларусі адказала, што такой інфармацыі ў іх няма. Але ў любым выпадку ўсё праводзіцца са згоды жанчыны, а ў выпадку, калі яна не згодная, то са згоды апекуна. У дамах-інтэрнатах такім апекуном з'яўляецца дырэктар інтэрната.
Гансалес Ферэр падняла і тэму жанчын з ВІЧ і дзяцей ВІЧ-пазітыўных маці.
«У шэрагу паведамленняў гаворыцца, што гэтыя жанчыны сутыкаюцца з сістэматычнай дыскрымінацыйнай практыкай пры атрыманні дапамогі. Часта жанчыны атрымліваюць станоўчы вынік на ВІЧ падчас цяжарнасці, калі яны звяртаюцца ў афіцыйную сістэму аховы здароўя, і яны першыя такім чынам могуць быць абвінавачаныя згодна з артыкулам 157 Крымінальнага кодэкса, які санкцыянуе перадачу ВІЧ па-за залежнасці ад абставін. Якія дзеянні былі зроблены, каб прадухіліць дыскрымінацыю жанчын, якія жывуць з ВІЧ, асабліва ў галіне аховы мацярынскага здароўя?»
Дэлегацыя Беларусі падзялілася статыстыкай: прыкладная колькасць пацыентаў, якія жывуць з ВІЧ, 27 000.
«У дачыненні да крыміналізацыі цяжарных з ВІЧ у нас ідзе лібералізацыя заканадаўства, — сказала Іна Васілеўская. — Пры ненаўмысным перадачы віруса якое-небудзь расследаванне будзе пры заяве пацярпелай асобы. Аднак норма, якая прадугледжвае пакаранне за наўмыснае распаўсюджванне ВІЧ, захоўваецца для грамадска небяспечнага захворвання».
Таксама Гансалес Ферэр пажадала даведацца аб становішчы жанчын, якія павінны прадстаўляць абавязковую медыцынскую даведку ад гінеколага-акушэра ў рамках працэсу атрымання або абнаўлення пасведчання кіроўцы. Якая сітуацыя ў цэлым?
«Сапраўды, раней даведкі для кіравання жанчыны павінны былі прадастаўляць на ўсе катэгорыі. У цяперашні час у 2022 годзе адменена неабходнасць для жанчын-аматараў, засталося толькі для прафесіяналаў», — адказала Іна Вазняк.
«Да 57% жанчын сутыкаюцца са стэрэатыпнымі сцвярджэннямі, што тэхнічныя навукі даюцца мужчынам лепш»
Артыкул 13 Канвенцыі прысвечаны іншым абласцях сацыяльнага і культурнага жыцця. Эксперткай тут выступіла Эга Баньм'ян.
«Далёка не ўсе жанчыны, асабліва прадстаўніцы маргіналізаваных супольнасцяў, маюць гарантыю поўнага ажыццяўлення іх эканамічных і сацыяльных правоў, — адзначыла яна. — З розных крыніц вядома, што да 57% жанчын сутыкаюцца са стэрэатыпнымі сцвярджэннямі аб тым, што тэхнічныя навукі даюцца мужчынам лепш, а гуманітарныя лепш даюцца жанчынам. Улічваючы такую сацыяльную перспектыву, наколькі эфектыўна вядзецца работа па прыцягненні ў высокатэхналагічныя сферы навукі і тэхналогіі, уключаючы фінтэх і робататэхніку жанчын?»
На пытанне аб стэрэатыпах па тэхнічных прафесіях адказвала Ларыса Бельская:
«У нас у прынцыпе выбар адукацыі дзяўчынкамі не абмяжоўваецца. Калі дзяўчынка хоча паступаць на факультэт, звязаны з тэхнічнымі спецыяльнасцямі, гэта заахвочваецца і падтрымліваецца. Хлопчыкі туды паступаюць больш таму, што ім цікавая матэматыка — ну так яно складваецца».
Баньм'ян закранула і тэму спорту і адпачынку.
«Якія меры прымаюцца для павелічэння прадстаўленасці жанчын на кіруючых пасадах спартыўных і культурных арганізацыях? Якім чынам сацыяльныя нормы, якія могуць абмяжоўваць удзел жанчын у спорце, вольным часе і культурнай дзейнасці, нейтралізуюцца за кошт актыўнай пазіцыі дзяржавы?»
«Мы заахвочваем удзел жанчын у відах спорту, можа нават у традыцыйна мужчынскіх відах спорту. Напрыклад, у цяжкай атлетыцы», — адзначыла Бельская.
«Ёсць абмежаванні па працаўладкаванні жанчын з інваліднасцю»
Эксперткай па 14 артыкуле Канвенцыі выступіла Рангіта дэ Сільва дэ Алвіс. Яна падняла шырокі спектр праблем:
«Беларусь займае адно з першых месцаў у свеце з пункту гледжання колькасці крымінальных спраў, заведзеных у кантэксце ВІЧ / СНІД. Профільны даклад абвяшчае, што заражэнне іншай асобы наўмысна альбо па халатнасці чалавекам, які ведаў, што ён ці яна з'яўляюцца носьбітам ВІЧ/СНІД, можа пагражаць турэмным зняволеннем да пяці гадоў. Я заклікаю вас перагледзець гэтую норму. Крыміналізацыя ВІЧ / СНІД і негатыўнае стаўленне да носьбітаў віруса з'яўляюцца парушэннем правоў чалавека. Таму хацелася б папрасіць вас пераасэнсаваць гэтае заканадаўства».
Бельская на гэта адказалі так:
«Калі магчыма, падзяліцеся, калі ласка, даследаваннем, на якое вы спасылаецеся. У нас 9 жанчынам было прызначана пакаранне, у 2022 — 12. Калі ёсць гэтыя лічбы пакажыце, мы не лічым, што [праблема стаіць] настолькі востра».
Экспертка закранула тэму абмежаванняў па працаўладкаванні жанчын з інваліднасцю:
«Права на працу жанчын з інваліднасцю можа быць задзейнічана толькі пасля агляду медыцынскім спецыялістам, які можа выдаць рэкамендацыі па працаўладкаванні. Пытанне: Якія крокі робяцца ў забеспячэнні права на працу жанчын з інваліднасцю цалкам і на ўсебаковай аснове?»
На гэта Святлана Белаш распавяла, што ў Беларусі ёсць 550 000 людзей з інваліднасцю, з іх 330 000 жанчыны. І што яны займаюцца садзейнічаннем у працаўладкаванні жанчын з інваліднасцю на пастаяннай аснове.
Экспертка ўзняла тэму і жанчын у месцах пазбаўлення волі.
«Мяркуючы па ўсім, у краіне нямала жанчын-палітвязняў, якія апісваюць умовы ўтрымання ў турме як вельмі строгія. Ім часта адмаўляецца ад медыцынскай дапамогі, у сродках гігіены і санітарыі. Пры гэтым пасля ўступлення ў сілу новых правілаў, якія, напрыклад, абмяжоўваюць распаўсюджванне ў месцах пазбаўлення волі сродкаў асабістай гігіены, у тым ліку тампонаў і менструальных пракладак, робяць сітуацыю яшчэ больш цяжкай. Што робіцца для таго, каб не дапусціць сачэнне за жанчынамі-палітвязнямі з выкарыстаннем відэа-абсталявання і камер, якія ўстаноўлены ў камерах?»
Ларыса Бельская запэўніла, што ў Беларусі ёсць механізм грамадскага кантролю, у тым ліку за тымі ўстановамі, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя жанчыны.
«Нядаўна, гэта тычыцца дасудовага ўтрымання, у нас у красавіку 2024 года ўведзены новы комплексны будынак следчага ізалятара пад Мінскам, — нагадала Бельская. — Там умовы буду паляпшацца. Але тым не менш у дзеючых месцах ёсць нарматывы. Усе асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, маюць права звяртацца са скаргамі ў тым ліку ў суд».
Экспертка КЛДЖ у сваім выступе нагадала, што ў красавіку 2024 года Беларусь пашырыла вызначэнне парнаграфіі. Туды ўключаны выявы нетрадыцыйных сэксуальных сувязяў, сэксуальнага паводзінаў, і занепакоілася тым, як гэта можа паўплываць на ЛГБТК+ супольнасць.
Закранула яна і тэму клімату:
«Ёсць асцярогі таго, што бескантрольнае выкарыстанне атамнай энергіі можа прывесці да рызыкі захворванняў сярод насельніцтва. Ваш прэзідэнт абвясціў, што, магчыма, у краіне будзе адкрыта другая АЭС. Адпаведна, прыняцце WANO ў адпаведнасці з неабходнасцю абароны правоў жанчын-прадстаўнікоў карэннага насельніцтва і жанчын з інваліднасцю, пра што было сказана ў сумеснай заяве шэрагу праваабарончых камітэтаў, мы хацелі б пераканацца ў тым, што гэтая цэнтральная роля правоў чалавека, жанчыны, асабліва жанчын з інваліднасцю, будзе зафіксавана і прадугледжана ва ўсіх рашэннях прэзідэнта ў дачыненні да адкрыцця другой АЭС у краіне».
«Я была здзіўленая Вашаму пытанню аб бескантрольным выкарыстанні атамнай энергіі, — абурылася Бельская. — Так, мы збіраемся будаваць другую электрастанцыю, можа быць за выключэннем Літвы, якая палітызуе гэтую сістэму, у суседзяў пытанняў бяспекі няма. І, паверце, пытанне ўплыву на здароўе вельмі важнае для нашай краіны, мы забяспечваем высокія стандарты».
![]()
"Няма закона аб гендарнай роўнасці". Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады
![]()
"Пытанні гендару — гэта праблема". Як у ААН крытыкавалі беларускія ўлады
![]()
"Канстытуцыя не абараняе жанчын ад дыскрымінацыі". Беларускія НДА выступілі ў ААН з дакладам