Instagram падляскага музыкі, які прайшоў у фінал польскага "Еўрабачання", прызналі "экстрэмісцкім": хроніка пераследу 11 лютага
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Футбольнага фаната з Оршы асудзілі на 7 сутак арышту за "распаўсюд экстрэмізму"
Як паведаміла "Віцебская вясна", дзявятага лютага ў судзе Оршы і Аршанскага раёна судзілі 25-гадовага Аляксея Сукорскага. Хлопца затрымалі на мінулым тыдні і змясцілі ў ІЧУ. Судовы працэс праходзіў у Аршанскім РАУС. Адміністрацыйны пратакол за «распаўсюд экстрэмізму», складзены па ч. 2 арт. 19.11 КаАП, разбірала суддзя Юлія Вяршыніна. На судовы разбор яна патраціла ўсяго 10 хвілін.
Што стала падставай для судовага разбору, пакуль не ясна, але вынік вядомы: хлопца асудзілі на сем сутак.
Упершыню пад увагу сілавых структур хлопец трапіў яшчэ ў 2018 годзе. Тады падставай для судовага разбору стаўся інцыдэнт, які здарыўся на аршанскім стадыёне падчас матчу паміж футбольнымі камандамі Оршы і Ліды. Дзяжурныя міліцыянты заўважылі на шапцы Сукорскага нашыўку з надпісам "A.C.A.B.".
Аляксея тады затрымалі. У выніку хлопец двое сутак правёў пад вартай, а судовы разбор скончыўся штрафам за "непадпарадкаванне міліцыянтам".
За "экстрэмізм" будуць судзіць уладальніка гандлёвага цэнтра, які згарэў у Віцебску
Разгляд справы вядомага ў Віцебску бізнэсоўцы Віктара Вялюгі, распачатай па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), прызначаны на 19 лютага, ён пройдзе ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска.
Суддзёй прызначана Кацярына Цыбульская — пераважна ёй у гэтым судзе аддаюць палітычныя «адміністратыўкі», паведаміла "Віцебская вясна".
Пасля пажару з ГЦ "Беларусь" у медустановы трапілі два дзясяткі пацярпелых. Будынак цэнтра прызналі непрыдатным для далейшага выкарыстання, яго мяркуюць знесці.
Неўзабаве пасля пажару ў гандлёвым цэнтры Віктар Вялюга быў затрыманы: афіцыйныя СМІ паказалі яго ў наручніках. Паводле папярэдняй версіі, пажар у гандлёвым цэнтры здарыўся праз няякасную праводку.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" сацсеткі расійскага журналіста Аляксандра Няўзорава
Гаворка пра ягоны Telegram-канал, старонкі ў Instagram, Facebook, YouTube, "X". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 7 лютага.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты "Połk Kalinoūskaha / Полк Каліноўскага", "Пул Францьй", "Глаза Минска - Юг", "Ямницкий флот";
- Instagram-старонкі "Беларуская кнiга | Жыветэка | Варшава", "Вольга Кавалькова", "Двiжбот", "ahdpusha";
- Старонкі праекту "UA Беглый в Украину2;
- Старонкі ва "Укантакце" "ВОЛАТ", "Маргарита Левчук".
Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі nstagram-старонку польскага музыкі і прадусара Swada. Сёлета Swada у дуэце з польскай вакалісткай Нікай Юрчук прайшлі ў фінал польскага конкурсу "Еўрабачанне". Гурт спявае песні на падляскім дыялекце, які па гучанні блізкі да беларускай мовы.
Адпаведнае рашэнне прыняў шостага лютага суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.