"Страху ў школе значна паболела". Пасля размовы з КДБ у настаўніцы пачаліся панічныя атакі
Настаўніца матэматыкі з Ляхавічаў Таццяна Крапіневіч вымушаная была бегчы з Беларусі пасля паклёпніцкіх публікацый даносчыцы Вольгі Бондаравай. Зімою 2024 года да Таццяны на працу прыйшлі міліцыянты, калі тая знаходзілася ў мінскім шпіталі. Яны паказвалі скрыншоты пастоў у сацсетках жанчыны за 2020 год. Таццяна за суткі сабрала рэчы і з’ехала з краіны разам з дачкой. Некалькі месяцаў яны вымушаныя былі жыць у розных краінах, пакуль сёлета ў студзені не пераехалі ў Польшчу.
"Вясна" пагутарыла з Таццянай пра страх і немаўчанне, пра насаджэнне дзяржаўнай ідэалогіі ў школе і размову з КДБ. А таксама пра тое, з чым цяжэй за ўсё было развітвацца перад ад’ездам.
Напачатку размовы Таццяна адразу распавядае пра новыя паклёпы і абразы даносчыцы Вольгі Бондаравай пасля нядаўніх інтэрв’ю настаўніцы незалежным медыя.
"У мяне заўсёды ў галаве стаіць маральны выбар, ці правільна я паступіла, што з’ехала. Самае крыўднае, што я нічога не прыдумала, не аздобіла. Я кажу, як ёсць і кажу толькі пра тое, што было, не выкрываючы ані чыіх імёнаў. Калі я з’ехала, мы засталіся без грошай, без нічога. Я разумела, што патрэбныя нейкія сродкі. А цяпер гэта паказваецца, нібы мяне купілі (вядзецца пра фінансавую падтрымку, якую беларусы хутка сабралі для Таццяны праз фонд BYSOL). На самой справе нам проста былі патрэбныя грошы, каб выжыць. Я выехала з адным заплечнікам. Увесь час думаю, ці правільна я зрабіла і што будзе далей.
Здзіўляе, што ў Беларусі прапагандысцкія словы падаюцца, як праўда, а словы незалежных медыя – як лухта. Гэта вялікі дысанас. Напэўна, гэта можа адчуць толькі чалавек, які нядаўна прыехаў з Беларусі. Вельмі складана ўспрымаць гэтую розніцу".
"Я хацела кінуць сабе выклік". Праца настаўнікам
Напачатку 2020 года, пасля сямігадовай працы ў сферы лагістыкі ў буйной дыстрыб’ютарскай кампаніі, Таццяна выгарэла і вырашыла цалкам змяніць прафесію.
"Я ўбачыла вакансію і вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі настаўніцы. Раней у мяне была педагагічная адукацыя – настаўнік матэматыкі. Змяніць працу было чыста ўнутранным памкненнем. На той момант у Ляхавічах былі вельмі патрэбныя настаўнікі і дзецям было цяжэй за іншых. Я хацела кінуць сабе выклік. А ў Мінску, калі што, заўсёды можна было ўладкавацца. Да таго ж, тады былі кавідныя часы. Праца ў Ляхавічах была добрай магчымасцю схавацца ад вялікага горада. З такімі памкненнямі я туды і паехала".
У Таццяны быў 20-гадовы перапынак у выкладанні. Таму яна імкнулася хутка вучыцца новаму і прыўносіць гэтыя веды на новае месца працы.
"Першыя паўгоду працы мне далі вельмі цяжкі пяты клас. Я не магла іх усадзіць працаваць у групы. На адным майстар-класе я даведалася аб метадах працы ў групах па Сінгапурскай тэхналогіі. Калі я прывезла яе ў нашую гімназію, у маім класе запанаваў мір і пакой. Праца па гэтай сістэме даволі гарызантальная: там няма пэўных роляў і загадзя вызначаных лідараў. Усё карыснае, што я бачыла, усё цягнула на ўрокі да дзяцей.
Мяне такія станоўчыя змены вельмі натхнялі. Я пытала ў вучняў: "Якія вашыя чаканні ад уроку?". А для іх было шокам, што настаўнік задае пытанні на крытычнае мысленне. Дзеці мяне вельмі любілі і цяпер моцна падтрымліваюць. Магу толькі меркаваць, што там ім цяпер пра мяне кажуць", – распавядае жанчына.
Пасля некалькіх гадоў працы настаўніцай Таццяну паралельна прызначылі завучам па метадычнай працы.
"Да вас нам такое ніхто не казаў". Немаўчанне
"Я была па жыцці змагаром за справядлівасць. Калі мне навязвалі штосьці зрабіць без магчымасці выбару, я заўсёды пытала: "А чаму так?". Часта ў школе чула ў свой адрас: "А да вас нам такое ніхто не казаў", – кажа суразмоўца.
Пасля правядзення несумленных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе Таццяна апублікавала ў інстаграме фотаздымак пасцілы бел-чырвона-белага колеру. Але пасля таго, як напачатку 2021 года прапагандыст Андрэй Мукавозчык пачаў масава пісаць паклёпніцкія артыкулы пра нязгодных з дзеяннямі ўладаў, Таццяна выдаліла свае публікацыі. Пазней, у 2024 годзе, скрыншоты гэтых пастоў апублікавала ў сваім тэлеграм-канале прапагандыстка Вольга Бондарава.
"У пачатку 2021 года я адразу выдаліла публікацыі, вычысціла ўсе падпіскі, усё. Таму цвёрда ўпэўненая, што з маіх пастоў зрабілі скрыншоты. І яны ў кагосьці ляжалі да гэтага часу".
Нягледзячы на прагу да справядлівасці, Таццяна старалася не выказвацца ў школе на палітычныя тэмы, каб мець магчымасць працягваць вучыць дзяцей.
"Я заўсёды казала, што можна выйсці на самую вялікую гару Беларусі, падняць плакат або сцяг і праз хвіліну ты апынешся за кратамі. А можна ціха і спакойна рабіць сваю справу. Я настаўніца матэматыкі, па-за палітыкай. Я магу аказацца за кратамі за свае прынцыпы, дзеці застануцца без настаўніцы. Каму я зраблю горш? Таму даводзілася суіснаваць.
Мая сяброўка, якая з’ехала раней за мяне, падчас тэлефоннай размовы сказала мне: “Ты і так доўга пратрымалася ў Беларусі, да канца 2024 года".
"Думайце сваёю галавою". Ідэалогія ў школе
Таццяна распавядае пра насаджэнне дзяржаўнай ідэалогіі ў школе і рэакцыю на гэта вучняў.
"Усе гулялі ў гэтую гульню. Усе разумелі, што хадзіць на ідэалагічныя мерапрыемствы трэба, што ад гэтага нікуды не сыйдзеш. Да таго ж, за ўдзел ім прапаноўвалі розныя “плюшкі”: напрыклад, можна было не прыходзіць на заняткі ў суботу. Але ў вучняў ёсць сваё крытычнае мысленне і пазіцыя на гэты конт. Гэта не часы Савецкага саюза, калі ўсё было за "жалезнай заслонай". На ўроках я заўсёды ім казала: "Думайце сваёю галавою".
Канешне, у гімназіі былі розныя вучні, але мне падабаецца, што сярод моладзі большасць асобаў з унутраным стрыжанем. Іх можна ў чым заўгодна пераконваць, але яны ўсё адно будуць заставацца пры сваім меркаванні. Дзеці могуць пад цябе прагнуцца, калі ты вышэйшы за іх па іерархіі і націснеш. Але павагу да іх ты страціш назаўсёды.
Улады зараз імкнуцца запіхнуць у дзяцей гэтую ідэалогію, а яна ім не лезе. Пройдзе яшчэ 5-10 гадоў і гэтае пакаленне прыйдзе ім на змену. І калі ў цяперашніх дзяцей не будзе правільных, нармалёвых установак, вырасце згубленае пакаленне. У пэўны момант гэтыя дзеці прыйдуць да ўсіх тых, хто запіхваў у іх ідэалогію і спытаюць, чаму ім так казалі. Але ў школе гэтага не разумеюць. Там дзейнічаюць толькі пагрозы і забароны".
"Я ведала, хто з вучняў пісаў сачыненне праз чат-gpt"
Як распавядае Таццяна, існуе школьны стандарт, у якім прапісана, што тэлефонамі на ўроках карыстацца "не рэкамендуецца". Але настаўнікам спускалі гэты стандарт "зверху", як забарону на выкарыстанне тэлефонаў. Перад пачаткам заняткаў вучні мусяць здаваць іх настаўніку, які складае тэлефоны ў спецыяльную скрыню.
"Я не прымушала дзяцей здаваць тэлефоны, бо мы імі актыўна карысталіся. Цяпер у смартфонах столькі карысных аплікацый. Можна карыстацца qr-кодамі, чатам gpt. Зноў такі, выкарыснанне тэлефонаў забараняюць праз уласны страх.
Калі ёсць магчымасць прымяняць новыя тэхналогіі, то трэба вучыцца гэтым карыстацца. Забараняць тэлефоны – гэта як пачаць карыстацца матыгаю замест трактара.
Калі ты як настаўнік не будзеш развівацца, то прынясе табе вучань сачыненне, напісанае праз чат-gpt, а ты не адрозніш. Я та ведала, хто пісаў сачыненне такім чынам, а настаўнікі здзўляліся, якія добрыя працы прыносяць вучні. Дзеці мне настолькі давяралі, што распавядалі пра гэта.
Я бачу каласальную розніцу паміж настаўнікамі, якія не хочуць вучыцца новаму і забараняюць, і дзецьмі, якія ўсё гэта даўно засвоілі. Я сама прасіла дзяцей, каб мне дапамагалі разбірацца ў новых тэхналогіях".
"Такіх людзей называюць "падпісант"
Восенню 2023 года Таццяна брала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”. Але далей за фінал яе не прапусцілі, кажа суразмоўца. Яна звязвае гэта з выказваннем ёю грамадска-палітычнай пазіцыі.
"Я лічу, што гэта звязана з тым, што падчас прэзідэнцкіх выбараў я паставіла подпіс за альтэрнатыўнага кандытата Віктара Бабарыку. Такіх людзей у нас называюць "падпісант". Так, напрыклад, мяне называлі ў Мінскай раённай адміністрацыі. Да таго ж мая старэйшая дачка вучыцца ў Нямеччыне. Мяркую, гэта таксама была адна з прычынаў".
"Пасля размовы з КДБ у мяне пачаліся панічныя атакі"
Зімою 2024 года да жанчыны на працу прыйшлі супрацоўнікі КДБ са спісам супрацоўнікаў, якіх планавалі апытваць. Яны загадалі вызваліць кабінет завуча і сталі выклікаць на размову па аднаму, у тым ліку і Таццяну.
"У мяне да гэтага моманту не было досведу камунікацыі з КДБ. Пасля размовы з імі, якая цягнулася 1,5 гадзіны, ў мяне пачаліся панічныя атакі. Іх было двое: адзін граў ролю добра паліцэйскага, другі – злога. Яны нават не паказалі свае пасведчанні. Кдбшнікі адразу загадалі паказаць ім тэлефон. Сказалі так: "Мы канешне вас не прымушаем, але можам да шасці месяцаў затрымаць да высвятлення абставінаў". Прымусілі адкрыць Instagram. У акаўнце на аватарцы маёй сваячкі, якая даўно з’ехала ў Амерыку, яны ўбачылі жоўта-блакітнае сэрца на знак салідарнасці з Украінай. Таксама прычапіліся да дзіцячых украінскіх груп у Instagram. Сказалі, што ў мяне не мусіць гэтага быць у сацсетках, і прымусілі адпісацца.
Да 2019 года мы ездзілі ва Украіну і ў мяне заставаліся адтуль некалькі кантактаў, з якімі я даўно не камунікавала. Праз гэта мяне пачалі абвінавачваць у працы на ўкраінскія спецслужбы, нібы мяне завербавалі. Пачалі пытаць, колькі мне плаціць СБУ.
У выніку пасля допыту мяне адпусцілі. Я выйшла з кабінету і пачала рыдаць".
Лепш разбіць свой тэлефон, каб не было праблемаў
Пасля візіта КДБ настаўніц ангельскай і рускай моваў затрымалі за "распаўсюд экстрэмізму". Першую – за лайк пад пастом у "Аднакласніках" з вершам, які прачытаў актор Купалаўскага тэатру. Другу настаўніцу – за падпіску на "Белсат". Абедзьвум прызначылі велізарныя штрафы, распавядае Таццяна.
"Пасля гэтага я не раз чула, як калегі казалі: "Можа лепш купіць просты кнопкавы тэлефон ці ўвогуле яго разбіць, каб не было праблемаў".
Таццяна распавядае, што заўсёды імкнулася прыносіць у гімназію новыя адукацыйныя матэрыялы. Некаторыя з іх хутка прызналі "экстрэмісцкімі".
"Так было з канструктарам ад ініцыятывы "Адукаванка". Я прынесла раздрукоўку ў вучыцельскую, каб усе ёю карысталіся. Але неўзабаве вымушана была казаць усім настаўнікам, каб тэрмінова адпісваліся ад праекта ў сацсетках, бо праект прызналі “экстрэмісцкім”. Матэрыялы я не стала выкідаць, бо яны вельмі карысныя для навучання".
Аднойчы Таццяне патэлефанаваў супрацоўнік КДБ Аляксандр Васільевіч Пай і прапанаваў даносіць на іншых калегаў.
"Ён сказаў, што ведае, што я пакідала на выбарах подпіс за Віктара Бабарыку. "Да, было такое, што ў гэтым дрэннага". Ён мне даў зразумець, што калі я штосьці пабачу ці пачую падазронае, то магу ў любы час днём і ноччу яму патэлефанаваць. То-бок, ён мне прапанаваў данасіць на іншых".
Абавязковыя спевы гімна і прымусовы значок з дзяржаўным сцягам
Кожная вучэбная чвэрць у Ляхавіцкай гімназіі пачыналася і сканчвалася абавязковым спевам дзяржаўнага гімну. Такая практыка існуе па ўсёй Беларусі. Таксама падчас усіх дзяржаўных святаў настаўнікі мусілі ладзіць лінейку з выкананнем гімна, распавядае гераіня.
"Напрыклад, гімн свявалі на 17 верасня ці на Дзень канстытуцыі. За ідэалогію сярод вучняў і ўсяго персаналу школы адказвала завуч па выхаваўчай працы. Нас усіх прымушалі насіць значак са сцягам. Калі я яго забывала прышпіліць, мне пра гэта заўсёды нагадвалі. Таксама на класных уроках у нас была Школа актыўнага грамадзяніна (ШАГ). Мне пашчасціла яе не праводзіць".
Таццяна распавядае, што не баялася не падпарадкоўвацца ідэалагічным загадам. Але шмат хто пагаджаўся пад страхам звальнення.
"Страху ў школе значна паболела"
Суразмоўца параўноўвае працу ў гімназіі напачатку і перад самым ад’ездам з Беларусі.
"Я прыйшла ў гімназію на парыве "Я ўсё магу, я буду змяняць тут усё да лепшага". Канешне, за гэты час жыццё мяне паабчасала. Я зразумела, што калі я хачу працягваць там працаваць, трэба вучыцца прыстасоўвацца. Ну і страху ў школе значна паболела. Ён працінае ўсё. Ты баішся штосьці не тое сказаць. Сацсеткі настаўнікаў пастаянна манітораць на прадмет "экстрэмізму".
Цяжка было заставацца на адміністрацыйнай пасадзе і фільтраваць гэта ўсё, але выкладанне на ўроках мяне ратавала. Гэта давала мне рэсурс, крылы. Замыкаеш дзверы ў клас і застаюцца толькі дзеці і матэматыка. Я б ніколі не сышла з адукацыі. Я і тут спадзяюся вярнуцца да выкладання”.
"Я разумела, што з’язджаю назаўсёды"
Напрыканцы снежня 2024 года, калі Таццяна ляжала ў мінскай больніцы, настаўніцы патэлефанаваў дырэктар гімназіі і сказаў, што па яе на працу прыйшлі міліцыянты. Жанчына распавяла пра гэта старэйшай дачцэ, якая параіла эвакуявацца праз службу BYSOL. Хутка з Таццянай звязаўся праваднік фонда і сказаў, што трэба тэрмінова выпраўляцца.
"Я яму сказала, што мне патрэбны яшчэ тыдзень на зборы. Але праваднік адказаў, што ў мяне няма гэтага тыдня. Найпазней трэба выязджаць сёння-заўтра. Я сказала малодшчай дачцэ, што збіраюся з’язджаць. Яна адразу вырашыла ехаць разам са мною.
Я памятаю гэты дзень літаральна па хвілінах. Вечарам малодшая дачка прыехала з Ляхавічаў у Мінск. Мы ў мінскай кватэры сабралі рэчы, якія змяшчаліся ў адзін заплечнік. Можна было ўзяць не болей за пяць кілаграмаў. Заяву на звальненне я даслала дырэктару поштай. Паспелі толькі зайсці ў краму і купіць арэшкаў у дарогу. Я разумела, што з’язджаю назаўсёды".
Пасля 2020 году практычна кожны задумваецца пра пераезд, мяркуе Таццяна. У тым ліку і яна сама. Але суразмоўца спадзявалася на больш спакойны сцэнар.
"Каб адразу са шпіталю за дзве гадзіны сабрацца і пасля яшчэ паўтара месяцы бадзяцца па іншых краінах – такога я дакладна не планавала. Тыя некалькі гадзінаў у мінскай кватэры, пакуль мы збіралі рэчы, было вельмі страшна. Я не ведала, калі па мяне могуць прыйсці сілавікі. У той момант мяне падтрымлівалі толькі дочкі. Больш пра ад’езд ніхто не ведаў.
Вельмі балюча было пакідаць сваю кватэру, у якой я сама зрабіла ўвесь рамонт і любіла там кожны сантыметр. Гэта было адзінае роднае месца, з чым я паспела развітацца".
Як распавядае Таццяна, яе "адпусціла" на трэці дзень пасля пераезду. Па-за Беларуссю яна зразумела, што ідзе па вуліцы з высока паднятай галавою і выпрастанымі плячыма і не азіраецца па баках.
"Тут я не баюся сказаць або зрабіць штосьці не тое".
Упершныю за 20 гадоў сустракала Новы год без сям’і
За першыя дзесяць сутак дарогі Таццяна не бачыла нікога са сваіх, хто мог бы дапамагчы. Першы чалавек, які сустрэў яе з дачкой, быў дырэктар шэлтара ў Батумі. Новы год жанчына сустрэла таксама ў Грузіі.
"Раней на Новы год я заўсёды ладзіла сямейнае свята: розныя традыцыйныя стравы і падарункі пад ялінкай. Упершыню за 20 гадоў я сустракала гэтае свята ўдалечыні ад дому і ўсіх родных. Дзякуй богу, што дачка была побач. Канешне, бывала, што і сварыліся, бо доўгі час нам даводзілася дзяліць адзін ложак на дваіх. Але вельмі часта яна была маёй моцнай падтрымкай. Калі б не дачка, можа я б і вярнулася ў Беларусь, такі моцны быў адчай.
А наконт камісіі па вяртанні, пра якую пішуць улады – я ім проста не веру. Калі так лёгка можна сфабрыкаваць справу па паклёпніцкім даносе і асудзіць, то хіба можна верыць, што па вяртанні цябе не затрымаюць".
"У польскіх дзяржустановах я сустрэла спагадлівых людзей, гатовых дапамагчы"
Суразмоўца кажа, што вельмі ўражаная беларускай салідарнасцю, а таксама палякамі, якія імкнуцца ёй дапамагаць.
"Напрыклад, калі я хадзіла ў мясцовую адміністрацыю афармляць дакументы, то чакала такога ж стаўлення, як у некаторых беларускіх установах: абыякавасці ці варожасці. Тут у дзяржаўных установах я сустрэла вельмі спагадлівых людзей, гатовых дапамагчы.
Але ўсё адно пакуль нялёгка адаптавацца. У сваёй краіне ты чуеш на вуліцы выпадковыя размовы і адразу разумееш, аб чым вядзецца. А тут пакуль складана зразумець мову. Хочацца добра авалодаць польскай, каб адразу разумець, што табе кажуць".
Таццяна не адчайваецца і кажа, што кожнаму здарэнню прызначаны свой год.
"Я даю сабе гэты год пражыць тое, што здарылася. І веру, што налета мне ўжо будзе лягчэй".