Затрыманні на беларускай мяжы і суд над віцебскім журналістам: хроніка пераследу 8-10 лютага
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8-10 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеных Алену Гнаук і Вікторыю Кульшу змясцілі ў ПКТ
Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк падчас прэс-канферэнцыі дзясятага лютага распавяла апошнія навіны пра жанчын:
"Пасля некалькіх тыдняў у ШІЗА яны былі пераведзеныя ў ПКТ. Гэта 99%, што супраць іх зноў будуць фабрыкаваць 411-ы артыкул (арт. 411 КК – злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі)".
Таксама Паліна дадала:
"У Вікторыі Кульшы ўжо, напэўна, адмовілі ныркі. Яна трымала галадоўкі проста месяцамі, яна адмаўлялася ад вады і піцця. Яна ўскрывала сабе вены. Яе кідалі з гэтым у ШІЗА – яна ў ШІЗА ўскрывала сабе вены. Яна ў ПКТ трымала галадоўкі. Яна адмаўлялася ад дапамогі лекараў".
Нагадаем, Алена і Вікторыя адбываюць тэрміны ў жаночай калоніі № 24 у Зарэччы, адкуль днямі выйшла Шарэнда-Панасюк. Жанчын раней асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". Увесь час адміністрацыя ўстановы жорстка цісне на палітзняволеных.
У Крычаве 10 лютага за "экстрэмізм" судзяць дзейную натарыуску
У натарыяльнай канторы Крычаўскага раёна дзейнічаюць усяго два натарыусы, калі верыць спісу Беларускай натарыяльнай палаты.
Адну з іх — Ірэну Янаўну Разанцаву — дзясятага лютага выклікалі ў суд Крычаўскага раёна з пратаколам па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі). Весці працэс прызначаная Вольга Салтыкова.
Як адзначыў тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!", у Ірэны Разанцавай на 14 лютага прызначаны выезд у аг. Чырвоная Буда, дзе яна будзе весці выязны прыём.
Знікла сувязь з брэсцкім журналістам Алегам Супрунюком
Паводле сяброў і знаёмых, Алег перастаў адказваць на тэлефанаванні пасля 22 студзеня. Не з’яўляецца журналіст і ў сацыяльных сетках, паведаміў дзясятага лютага БАЖ.
Спачатку калегі прытрымліваліся версіі, што ён можа быць затрыманы і асуджаны па адміністрацыйнай справе. Але прайшло ўжо больш за 20 дзён, а ў раскладах працы брэсцкіх судоў імя Супрунюка так і не з’явілася. Таму ёсць верагоднасць, што ён насамрэч затрыманы, але ў межах крымінальнай справы.
Падобным чынам брэсцкі журналіст быў затрыманы ўвечары 6 ліпеня 2021 года. Тады дома ў Алега Супрунюка правялі ператрус, забралі камп’ютарную тэхніку і іншыя лічбавыя носьбіты. Да наступнай раніцы ніхто нічога не ведаў пра далейшы лёс затрыманага. Назаўтра Супрунюка судзілі за распаўсюд "экстрэмісцкай інфармацыі" па ч. 2 арт. 19.11 КаАП і аштрафавалі на 20 базавых велічынь.
У Віцебску асудзілі вядомага журналіста і культуролага
У раскладзе суда Першамайскага раёна сёмага лютага з'явілася імя і прозвішча Георгія Каржанеўскага, журналіста і культуролага, які рабіў агляды мастацкіх падзей для розных рэгіянальных выданняў. Яго вінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмізму" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) і "прапагандзе нацысцкай сімволікі" (ч. 2 арт. 19.10 КаАП).
Адміністрацыйную справу разбірала суддзя Кацярына Цыбульская. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца, паведаміла "Віцебская Вясна".
Затрыманні на межах Беларусі працягваюцца
Праваабаронцам дзявятага лютага стала вядома пра ўзмоцнены кантроль і затрыманні на межах Беларусі з Польшчай і Літвой. Як і раней, у людзей правяраюць тэлефоны: сярод іншага, сілавікі глядзяць гісторыю пошуку Google — іх цікавіць, якія пошукавыя запыты пісаў чалавек.