Паліна Шарэнда-Панасюк: "Цяжка было і псіхалагічна, і фізічна вытрымліваць усе гэтыя катаванні"
Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая пасля вызвалення з ПК №24 з’ехала з Беларусі, 10 лютага распавяла пра умовы ўтрымання ў калоніі, пра рэпрэсіі ў дачыненні да яе і іншых палітзняволеных жанчын, адказала на пытанні журналістаў. Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ адбылася ў Вільні, у творчай прасторы Kropka.
Каардынатарка кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў зняволенні больш за чатыры гады, шмат разоў трапляла ў карцар і ШІЗА, супраць яе выкарыстоўвалі карную псіхіятрыю, а турэмны тэрмін ёй працягвалі тройчы, выкарыстоўваючы артыкул 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
“Здаецца, яшчэ ніводная жанчына-палітзняволеная не праходзіла праз такое пекла, праз якое прайшла Паліна”, – адзначыла на прэс-канферэнцыі рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна.
"Палітвязень – гэта ўвесь беларускі народ"
Паліна найперш звярнула ўвагу на сітуацыю з палітзняволенымі жанчынамі, якія разам з ёй адбывалі пакаранне ў калоніі ў Зарэччы.
“Палітвязняў у Беларусі вельмі шмат, іх тысячы і тысячы, не ўсіх мы ведаем, многія баяцца казаць пра свой пераслед, іх сваякі запалоханыя. Я лічу, што сёння палітвязень – гэта ўвесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках у гэтага тэрарыстычнага рэжыму. Тое, праз што я прайшла, гэта ёсць абсалютны тэрор, гэта катаванні і здзекі над людзьмі. Сёння я хачу сказаць пра жахлівы стан, уякім знаходзяцца ў калоніі палітвязні Вольга Маёрава, Ганна Гнаўк, Вікторыя Кульша:
"Вікторыя Кульша – гэта чалавек, перад якім нават я схіляю галаву, яна не здаецца нягледзячы на тое, што стан здароўя ў яе вельмі цяжкі, яна месяцамі трымала галадоўкі і за гэта патрапляла ў штрафны ізалятар, і там яна таксама галадала. Ну а ўмовы ў ШІЗА можна параўнаць з падваламі НКУС. Ана адмаўлялася ад вады і піцця. Яна ўскрывала сабе вены. Яна і ў ПКТ трымала галадоўкі і адмаўлялася ад дапамогі лекараў. Яна казала: “ Я пайду да канца, я не здамся. Яе супрацьстаянне тэрору працягваецца ўжо чатыры гады. У яе адмаўляюць ныркі, ёсць іншыя захворванні, а яна працягвае трымацца. Рэальна, яна можа стаць першай з жанчын, якая не вытрымае такіх умоў.
Цяжкі стан таксама ў Вольгі Маёравай , якой рэжым перакрыў усе магчымасці атрымаць з волі хоць якія рэчы. Пасылкі да яе не даходзяць, бо Вольга лічыцца “тэрарысткай”, яна не можа мыцца мылам, шампунем, бо не мае. Ходзіць у той рваніне, якую ёй выдалі, год за годам. Яшчэ Вольга размаўляе ў калоніі па-беларуску і за мову атрымлівае кпіны і здзекі ў свой адрас, і шмат яшчэ чаго. Такая вось дыскрымінацыя.
Алена Гнаук – чалавек сталага ўзросту і ёй вельмі цяжка. Ёсць у яе захворванні і няма сувязі з роднымі,як дарэчы, ва ўсіх трох жанчын.
Калі чалавек просіць спатканне, яму такой мажлівасці не даюць, не інфармуюць родных, ужо ёсць такі алгарытм, што напярэдадні спаткання за пару дзён па любому поваду выносяць парушэнне і адпраўляюць у ШІЗА, толькі каб ты не сустрэўся.
Я ведаю, што Вікторыя і Алена пераведзеныя з ШІЗА ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), гэта значыць, што рыхтуюць справу па 411 артыкуле.
Тут чалавека катуюць-катуюць, а ў пэўны момант просяць напісаць прашэнне аб памілаванні. Калі чалавек не здаецца, яго працягваюць катаваць далей. Тады ізноў вяртаюцца да памілавання. І ты можаш адсюль не выйсці. “Твае дзеці будуць расці без цябе”, – гэтыя словы чула я ад прадстаўнікоў ДВП. А заключны этап,– калі ўрэшце пагодзішся на іхняе інтэрв’ю, каб канчаткова цябе дыскрэдытаваць і зламаць, гэта падпісанне паперы аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве.
Паліна таксама падпісвала такую паперу, зрабіла такі тактычны ход, каб выйсці на волю. Першую паперу падпісала 24 снежня яшчэ ў калоніі, а ў Брэсце, калі прыйшла ў ГУБАЗіК пасля вызвалення. А на наступны дзень Паліна з’ехала.
![]()
Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі
270 сутак у карцары і штрафным ізалятары
Найбольш цяжкімі, па словах Паліны, былі маральныя катаванні і псіхалагічны стан. Асабліва ў ШІЗА.
"У пэўныя моманты ты адчуваеш, што пачынаеш траціць кантроль над сваім розумам, сядзіш напрыклад ў ШІЗА, разумееш, што ўжо фабрыкуюць 411 артыкул, і ты сядзіш дзесяць дзён, яшчэ дзесяць дзён, і ведаеш, што потым яшчэ накінуць. І ты не можаш проста так адключыць свой розум, і ўключыць яго ізноў праз месяц. Адчуванне бяссілля проста.
А калі ты месяцамі знаходзішся ў ШІЗА ці ПКТ, то ніякай інфармацыі да цябе не даходзіць. Адвакаты запалоханыя і нічога не могуць табе сказаць, моўчкі глядзяць у падлогу. Затое хапае дэзінфармацыі. Кожны раз нам кажуць – пра вас усе забыліся, на вас усім напляваць.
Яшчэ ў ПК №24 адбыўся “цудоўны” рамонт штрафнога ізалятара, у выніку якога драўляныя падлогі замененыя на каменныя, вялікія вокны замененыя на маленькія, нары цяпер важаць 70 кілаграм і жанчыны мусяць іх увесь час падымаць. І заўсёды вельмі здзеклівае стаўленне персанала. Яны сапраўды жадаюць зламаць волю, паставіць на калені, каб ты прасіла: “Выпусціце мяне з ШІЗА”.
ШІЗА ў калоніі №24 – гэта голае памяшканне ў якім абсалютна нічога няма. Табе выдаюць форму з надпісам “ШІЗА”, тая форма можа быць маленькая, на табе не зашпільваецца, гэта нікога не цікавіць. У правілах напісана, што ў ізалятары можна знаходзіцца ў кашулі з доўгім рукавом, але на меркаванне начальніка калоніі, можа знаходзіцца ў маечцы з брэтэлькамі. Вось і ўсё. Тады многія апранаюць проста піджак на голае цела. І вось у гэтым ты і ходзіш цэлы месяц і спіш, і не можаш змяніць адзенне.
ШІЗА – гэта яшчэ гарачая вада 20 хвілін на дзень (калі яна ёсць), а калі няма – мыйцеся халоднай. А не хочаце – не мыйцеся ўвогуле. Усе свае фізіялагічныя патрэбы даводзіцца спраўляць пад камерамі. Цяжка ад адсутнасці свежага паветра і сонца. І ніхто з гэтых “бажкоў” нават не падумае адкрыць у вакне фортку, прасі-не-прасі, бо для каго адчыняць? Для нікога. Пры гэтым, у камеры заўсёды вільгаць, а гэта спрыяльны асяродак для сухотаў.
І добра, калі ў цябе ёсць калготкі, у якіх можна спаць. А некаторыя спяць у абутку ўвесь час. Адна жанчына ў боціках спала, дуцікі называюцца.
Цяжка было і псіхалагічна і фізічна вытрымліваць усе гэтыя катаванні. Часам, узнікала думка, што мы гэтага не вытрымаем, часам з’яўлялася моцная дэпрэсія, асабліва пасля адмовы ў памілаванні," – распавяла Паліна.
"Кацярыну білі па галаве, білі па жываце"
Адказваючы на пытанні журналістаў, Паліна распавяла пра сустрэчу з журналісткай Кацярынай Бахвалавай і пра тое, як яе збівалі ў калоніі. Гэта было яшчэ ў лютым 2022 года:
"Яна прасіла лекара. Яна казала, што моцна збілі: "Мяне білі па галаве, паклічце лекара, паклічце лекара..." Зразумела, што ніхто ёй лекара не паклікаў. А 10 лютага яе вывезлі ў СІЗА ў Гомель. У мяне атрымалася пагаварыць з дзяўчынай, якая распавяла сітуацыю, што калі Кацю выклікалі і азнаёмілі з тым, што супраць яе ўзбуджаная чарговая справа, у яе проста здалі нервы. У яе здарылася гістэрыка. Што яна там рабіла — я не ведаю, але гэтая дзяўчына сказала, што яна была збітая. Яе збівалі чатыры чалавекі, білі па галаве, білі па жываце".
Паліна Шарэнда таксама закранула тэму карнай псіхіятрыі, з якой ёй давялося сутыкнуцца падчас зняволення:
“Калі ты нелаяльна ставішся да рэжыму, гэта ўжо трактуецца як псіхічнае адхіленне, а калі ты называеш сябе палітвязнем, тут ўжо “паранаідальнае засмучэнне асобы”.
![]()
Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк прызначылі яшчэ адзін год і адзін дзень пазбаўлення волі