Міжнародная платформа па адказнасці для Беларусі перадала ў Гаагу матэрыялы супраць рэжыму Лукашэнкі
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) прадставіла доказы і юрыдычны аналіз у Канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) для папярэдняга вывучэння пытання аб тым, ці валодае Суд юрысдыкцыяй для расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненымі беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з першага траўня 2020 года. Адзначаецца, што база дадзеных Платформы змяшчае больш за 29 000 дакументаў, якія маюць дачыненне да 2 600 апытаных, і больш за мільён архіваваных матэрыялаў з адкрытых крыніц.
У паведамленні Платформы, прадстаўленым 31 студзеня 2025 года, выкладзены фактычны і юрыдычны аналіз доказаў, сабраных Платформай падчас інтэрв’ю са сведкамі і пацярпелымі, а таксама матэрыялаў з адкрытых крыніц, наяўных у калекцыі Платформы. Паведамленне было падрыхтаванае ў сувязі з перадачай Літвой пытання аб сітуацыі ў Беларусі Пракурору МКС 30 верасня 2024 года, і зваротам 13 праваабарончых арганізацый, разам з Платформай, да іншых дзяржаў-удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе.
Як адзначыла кіраўніца Платформы Андрэа Хубер, перадача Літвой справы ў МКС азначае сабой важную вяху на шляху да правасуддзя для пацярпелых ад злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі:
"Дзякуючы стойкасці і мужнасці беларускіх пацярпелых і праваабаронцаў, а таксама камандзе Платформы, цвёрда намеранай дамагчыся змены сітуацыі, мы змаглі перадаць Пракурору МКС істотную інфармацыю і доказы для разгляду”.
Паведамленне Платформы, заснаванае на артыкуле 15 (2) Рымскага статута, змяшчае фактычныя звесткі, у тым ліку аб грамадзянскіх пратэстах і рэакцыі дзяржавы, жорсткім абыходжанні падчас пратэстаў, затрыманняў, ператрусаў і ўтрымання пад вартай, іншых парушэннях асноўных правоў, прымусовым выездзе грамадзянскіх асоб з Беларусі і парушэннях правоў чалавека пасля выезду з Беларусі. Акрамя таго, быў прадстаўлены юрыдычны аналіз пытанняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці і прымальнасці справы, а таксама адпаведныя дадаткі аб месцах утрымання пад вартай і дзяржаўных структурах у Беларусі.
![]()
Платформа IAPB вітае накіраванне Літвой справы аб злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых беларускімі службовымі асобамі, у МКС
Заява Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB)
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці, кансорцыум беларускіх і міжнародных НДА, створаны ў 2021 годзе, займаецца зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Акрамя гэтага паведамлення ў МКС, Платформа прадставіла доказы, інфармацыю і аналітычныя матэрыялы пяці дзяржавам, механізмам ААН па прыцягненні да адказнасці і Маскоўскаму механізму АБСЕ, а таксама супрацоўнічала з юрыстамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці з мэтай прыцягнення да адказнасці асоб, якія здзейснілі міжнародныя злачынствы, і забеспячэння правасуддзя і кампенсацыі шкоды для пацярпелых у Беларусі.
"Акрамя магчымага расследавання Міжнародным крымінальным судом, захоўваецца вострая неабходнасць барацьбы з беспакаранасцю таксама шляхам правядзення нацыянальных расследаванняў і судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, з тым, каб забяспечыць перамогу правасуддзя. Платформа гатовая прадставіць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расследаванне парушэнняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі", – заявіла Хубер.
![]()
У Міжнародны суд у Гаазе перададзены матэрыялы па злачынствах рэжыму Лукашэнкі
Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) – гэта кааліцыя няўрадавых арганізацый на чале з DIGNITY, ПЦ “Вясна” і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. IAPB збірае, правярае і захоўвае інфармацыю, дакументы і доказы сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі са жніўня 2020 года.