Палітвязня Эдуарда Бабарыку зноў будуць судзіць за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
Палітзняволенага Эдуарда Бабарыку ўтрымліваюць у зняволенні ўжо больш за чатыры з паловай гады. У ліпені 2024 года яму дадалі да васьмі гадоў пазбаўлення волі яшчэ два гады паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Для адбыцця тэрміна Эдуарда перавялі ў ваўкавыскую калонію № 11, дзе менш чым за паўгода па ініцыятыве адміністрацыі супраць яго ўзбудзілі другую запар справу па ч. 2 арт. 411 КК. Суд над ім распачнецца ўжо 20 лютага.
Эдуарда ў ліпені 2023 года асудзілі да васьмі гадоў зняволенні. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковаму абвінавачванню — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тэрмін палітвязень спачатку адбываў у бабруйскай калоніі № 2. Там на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя калоніі: змяшчала яго ў ШІЗА і ПКТ.
9 ліпеня 2024 у Бабруйску над Эдуардам адбыўся суд паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Павел Карцінін прызнаў Эдуарда вінаватым і прызначыў яму яшчэ два гады зняволення.
У верасні ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Эдуарда. Пасля гэтага яго перавялі ў папраўчую калонію строгага рэжыму ў Ваўкавыск. За пяць месяцаў утрымання там Эдуарда адміністрацыя калоніі ініцыявала ўзбуджэнне ўжо другой справы паводле ч. 2 арт. 411 КК. Працэс над палітвязнем пачнецца 20 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна. Суддзя — Мікалай Сяргейка, які летам 2024 года асудзіў па гэтым жа артыкуле анархіста Аляксандра Францкевіча. Эдуарду Бабарыку могуць дадаць яшчэ два гады калоніі.
Напачатку студзеня Раман Пратасевіч апублікаваў відэа з палізняволеным бацькам Эдуарда — Віктарам Бабарыкам, які знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада больш за 700 дзён. Пратасевіч перадаў яму лісты ад родных, а Бабарыка праз яго перадаў лісты сваім сваякам.