Двух беларусаў асудзілі да 12 і 23 гадоў калоніі за "падрыхтоўку дыверсіі пад Стоўбцамі" і "сувязі з украінскімі спецслужбамі"
У Мінскім абласным судзе шостага лютага агучылі прысуд нібы за спробу падрыву чыгункі пад Стоўбцамі. Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку прызналі вінаватымі, у тым ліку ў "падрыхтоўцы на акт тэрарызму" (ч.1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК) і "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). Ім прызначылі 23 і 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна і буйныя штрафы. У прапагандысцім фільме восенню 2023 года сцвярджалася, што іх затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, "якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ". Андрэй Зіненка ў фільме быў паказаны са слядамі збіцця на твары. Справу ў закрытым рэжыме з 12 снежня разглядаў Сяргей Епіхаў.
Згодна версіі абвінавачвання, на працягу 2023 года "ў межах злачыннага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі ўкраінскіх спецыяльных службаў збіралі і падавалі ім цікавыя звесткі, а таксама выконвалі іншыя супрацьпраўныя заданні, якія прычынілі шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".
Акрамя таго, як сцвярджае Генеральная пракуратура, Вабішчэвіч "атрымаў заданне ўсталяваць выбуховае прыстасаванне на чыгуначным шляху ўчастка Мінск-Баранавічы ў раёне перагону Стоўбцы-Гарадзея. Бліжэйшым па часе цягніком, які павінен быў прайсці праз названы перагон, з'яўляўся пасажырскі цягнік № 658 паведамленнем "Брэст – Мінск – Полацк", які перавозіў 358 пасажыраў, але Вабішчэвіча спынілі праваахоўныя органы". Дзеянні Вабішчэвіча і Зіненкі кваліфікаваныя як "незаконны абарот выбуховых рэчываў і выбуховых прылад" (ч. 4 арт. 295 Крымінальнага кодэкса) і "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК).
Дзеянні Вабішчэвіча кваліфікаваныя як падрыхтоўка да акта тэрарызму па ч.1 арт. 13, ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і падрыхтоўка да прывядзення ў непрыдатнасць сродкаў чыгуначнага транспарту па ч. 1 арт. 13, ч. 4 арт. 309 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Генеральная пракуратура. Шостага лютага судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда пастанавіла абвінаваўчы прысуд: Вабішчэвічу – на тэрмін 23 гады са штрафам у памеры 700 базавых велічыняў (29,4 тысяч рублёў), Зіненку – на тэрмін 12 гадоў са штрафам у памеры 600 базавых велічыняў (25,2 тысяч рублёў. Абодвум з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку, як сцвярджалася ў прапагандысцкім фільме АНТ, затрымалі ў ноч з 26 на 27 жніўня 2023 года на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункта Сінява. Іх змясцілі ў СІЗА КДБ.
- Павел Вабішчэвіч падчас следчага эксперыменту. Скрыншот з фільма АНТ
Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мінчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Сцвярджаецца, што ён устанавіў сувязь з СБУ "праз тэматычную групу ў месенджары". Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазней узяўся падарваць чыгунку.
40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які "працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак", падкрэсліваюць дзяржаўныя медыя. Такі акцэнт на "высокім заробку" нярэдкі ў лукашэнкаўскай прапаганды. У той жа час Вабішчэвіча малююць судзімым аматарам азартных гульняў. Зіненка на кадрах выглядае збітым.