У палітвязня, які цяпер у ШІЗА, памёр бацька: хроніка пераследу 6 лютага Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 6 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Віцебску за "распаўсюд экстрэмізму" судзяць студэнта ВДУ
Ёэль Юроўскі скончыў СШ №196 у Мінску, падчас навучання быў пераможцам прадметных алімпіяд, у якасці ўзнагароды быў накіраваны ў летнік "Зубраня" Пазней Ёэль паступіў на факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржаўнага універсітэта.
Хлопец браў удзел шмат у якіх ідэалагічных мерапрыемствах, якія праводзіліся ва ўніверсітэце. У мінулым навучальным годзе ён атрымаў падзяку ад адміністрацыі ВНУ за валанцёрскую працу ў мясцовым музеі, паведаміла "Віцебская вясна".
Справу ў дачыненні да хлопца ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбірае суддзя Алена Кот.
Гэта я ж суддзя разбірае сёння справу Уладзіслава Ліпорта, якога таксама судзяць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
У Гомелі за "распаўсюд экстрэмізму" судзілі брата і бацьку палітычнага ўцекача, якому пагражаў Азаронак
Як паведаміла "Гомельская вясна", у судзе Гомельскага раёна пятага лютага адбыліся адразу два судовыя пасяджэнні, падчас якіх разглядаліся адміністрацыйныя справы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненні да Дзмітрыя і Васіля Стагурскіх. Іх справы разглядала суддзя Інга Яцухна.
Вынік судовых пасяджэнняў пакуль невядомыя.
Нагадаем, чацвёртага лютага з’явілася інфармацыя пра затрыманне Дзмітрыя Стагурскага — брата палітычнага ўцекача з Беларусі, які ўзяў удзел у акцыі ў Ізраілі, прымеркаванай да выбараў. Пасля ўдзелу ў акцыі беларусу асабіста пагражаў праўладны прапагандыст Рыгор Азаронак.
У палітвязня Сяргея Ярашэвіча памёр бацька
З'явілася інфармацыя пра тое, што ў палітзняволенага Сяргея Ярашэвіча нядаўна памёр бацька. Сам Сяргей у калоніі знаходзіцца ў ШІЗА.
Сяргей — адзін з адміністратараў тэлеграм-каналу "Армія з народам", а таксама муж даверанай асобы Святланы Ціханоўскай і былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай. Ён вярнуўся ў Беларусь пасля затрымання жонкі, перад гэтым выехаў, бо адчуваў небяспеку.
Пазней яго асудзілі да 6 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Месца ўтрымання Сяргея: ПК №20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Сяргей Міхайлавіч Ярашэвіч