Атрыманне доступу сілавікамі да бота "Беларускага Гаюна", песня "A.C.A.B." — "экстрэмісцкая" : хроніка пераследу 5 лютага Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" песню "А.С.А.В" гурта "Руки на одеяло"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Гомельскага раёну чацвёртага лютага.
Таксама "экстрэмісцкі спіс" папоўнілі TikTok-старонкі "onlineua", "belaruski_krok", а таксама старонкі ў Instagram "nina_a_sh", "belarusians.lietuva1", "leanidmyshlenik", "throughcameraprism".
У Мёрах сёння за "распаўсюд экстрэмізму" судзяць Алу Катлярэнка
Жанчына працуе загадчыцай сектара ў Беларусбанку, паведаміла "Віцебская вясна".
Разбіраць яе справу паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП прызначана суддзя Ірына Яскевіч.
Па гэтым самым артыкуле 7 лютага ў судзе Мёрскага раёна будуць яшчэ адну жыхарку — Алену Слуцкую (суддзёй прызначана Вераніка Кісляк). Старонкі Алы і Алены ў сацыяльных сетках ужо закрытыя.
Сілавікі атрымалі часовы доступ да бота Telegram-канала "Беларускі Гаюн"
Пра гэта паведаміла маніторынгавая ініцыятыва "Беларускі Гаюн".
"Мы не ведаем, які аб'ём дадзеных мог быць выгружаны за той час, пакуль у старонняга акаўнта быў доступ. Калі вы дасылалі інфармацыю, якая можа вас ідэнтыфікаваць, ці пісалі з акаўнтаў, якія могуць вас ідэнтыфікаваць, вы пад пагрозай.
Таксама настойліва рэкамендую ўсім, хто карыстаецца акаўнтам у тэлеграме працяглы перыяд, выдаліць яго і стварыць новы, і рэкамендуецца так рабіць хаця б раз у год.
У дадзены момант крытычныя ўразлівасці выпраўленыя, але я разумею, што, нажаль, мы не змаглі цалкам абараніць людзей".
BYSOL паведамляе пра ўзмоцненыя праверкі на мяжы
Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал STRYZHAK.
"Практыкай паглыбленых праверак на мяжы для тых, хто вяртаецца ў Беларусь, ужо нікога не здзівіш, але ж мы атрымалі інфармацыю пра тое, што сілавікі ўзмацнілі кантроль і праверкі і тых, хто выязджае з краіны. Будзьце пільныя і падрыхтаваныя — трымайце дэвайсы чыстымі, галовы халоднымі і памятайце што тэхніка бяспекі жыцця пры дыктатуры гэта, у першую чаргу. ваша асабістая адказнасць".
У Паставах за "экстрэмізм" асудзілі маладую сямейную пару
Дзесяць хвілін адвяла суддзя Наталля Максімовіч на разгляд пратакола ў дачыненні да 29-гадовага Яўгена Радзевіча. А неўзабаве яна разглядзела і справу Луізы Радзевіч.
І Яўгену, і Луізе ставілі ў віну "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), паведаміў тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю!".