viasna on patreon

"Ты проста глядзіш, як жыццё, што ты будавала, рассыпаецца", — былая палітзняволеная пра тры гады няволі

2025 2025-02-04T15:31:00+0300 2025-02-04T21:07:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zurauleva_jana_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ветэрынарку Яну Жураўлёву затрымалі проста на працы пасля аперацыі котцы ў лістападзе 2021 года за ўдзел у нядзельных Маршах. Ёй прызначылі максімальныя тры гады пазбаўлення волі — яна трапіла ў другую хвалю палітвязняў, якіх адправілі ў гомельскую жаночую калонію № 4. Больш за ўсё дзяўчына перажывае за страчаны час у зняволенні, які магла б прысвяціць прафесійнаму развіццю і дапамозе жывёлам. Яна называе рэпрэсіўны досвед, што ёй давялося перажыць, "бяздушнай машынай", а калонію — серыяй "Чорнага люстэрка" і "Алісай у Залюстроўі". Цалкам адбыўшы тэрмін у канцы лета 2024 года, яна выйшла на волю і ўжо праз некалькі дзён пакінула Беларусь, таму што адразу зразумела, што "ў цяперашняй сітуацыі нічога добрага Беларусь ужо не рыхтуе" для яе. Былая палітзняволеная Яна Жураўлёва распавяла "Вясне" пра адаптацыю пасля вызвалення і складанасці вяртання ў прафесію, тры гады зняволення і жаночую калонію.

Дапамога ветэрынарнай лекарцы пасля 3 гадоў турмы вярнуцца ў прафесію

Я буду ўдзячная кожнаму, хто зможа хоць трохі мне дапамагчы стаць на ногі!

"Самае цяжкае цяпер — прызнаць, што ты ўжо не такая клёвая, якой была"

birka_jana-2.jpg
"Жоўтая бірка" Яны

Да затрымання Яна працавала ў ветэрынарнай клініцы ўстановы "Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі" ў Ратамцы, дзе яе і затрымалі 23 лістапада 2021 года. Дзяўчына вельмі любіць сваю працу, таму на пытанне аб аднаўленні пасля заключэння адразу пачынае распавядаць пра сваю любімую справу:

"Першапачаткова ў мяне была матывацыя хутчэй вярнуцца ў прафесію — гэта для мяне важна. Я была добрая ў сваёй справе, а цяпер адчуваюцца, вядома, гэтыя тры гады [зняволення]. Гэта быў няпросты перыяд. Напэўна, самае цяжкае цяпер — прызнаць, што ты ўжо не такая клёвая, якой была. Ёсць псіхалагічныя моманты — няўпэўненасць у сабе, таму што доўга не займалася сваёй справай. Гэта досыць цяжка — разумець, што ты нешта страціла, што за гэты час ты магла стаць яшчэ больш добрым спецыялістам, а цяпер трэба нагнаць тое, што ўпусціла".

Былая палітзняволеная выйшла на волю напрыканцы жніўня 2024 года і ўжо праз некалькі дзён пакінула Беларусь. Яна ўзгадвае першы час на волі як няпросты этап:

"Як толькі я вызвалілася, было больш энергіі, а потым, напэўна, арганізм разняволіўся. Калі я выехала з Беларусі, зняла кватэру і трохі выдыхнула, то проста спала па 12-15 гадзін у дзень. У мяне не было сіл хадзіць на нейкія стажыроўкі. Мне нічога не хацелася рабіць — я проста спала і перыядычна плакала. Раней такога ніколі не было: убачу нейкі мілы відосік з коткамі — і ўсё, раву. Гэты перыяд быў да Новага года, спадзяюся, гэта ўжо прайшло. Але, напэўна, мне гэта трэба было... Я ўсё ж такі жывы чалавек".

Цяпер дзяўчына жыве ў Гданьску са сваімі любімымі коцікамі, якія чакалі яе з-за кратаў. Пасля цяжкіх трох гадоў яна вяртаецца ў прафесію.

"Усё, дарагая, страчана, гэта ўжо не твой дом!"

zurauleva_jana_9.jpeg
Яна пасля вызвалення

Яна распавядае, што першыя думкі пра тое, каб пакінуць Беларусь, узніклі з моманту затрымання, хоць раней у яе такой мэты не было:

"Непрыемна, што давялося з'ехаць з Беларусі. Але цяперашняй, сучаснай Беларусі я не патрэбная... Я думала так: выйду [пасля зняволення] і зразумею, ці трэба мне тут заставацца, або не. І вось я зразумела, што там я нафіг не патрэбная. Нічога добрага ў цяперашняй сітуацыі для мяне Беларусь ужо не рыхтуе. Я выйшла з калоніі, і ў мяне было адчуванне, што я ўжо не дадому трапіла..."

Дзяўчына ўзгадвае свае студэнцкія гады, калі з Віцебска прыязджала пасля трохмесячнага расстання дадому, у Мінск, і вельмі сумавала. А цяпер пасля трох гадоў зняволення "нічога не войкнула":

"Я выходжу і разумею, што ўжо, падобна, гэта не мой дом. Гэта было не тое, каб балюча. Гэта было як дадзенасць — я нават не адчула нічога і не здзівілася гэтаму. Не было радасці ні ад вызвалення, ні ад таго, што я ўжо дома. Толькі была думка: "Усё, дарагая, страчана, гэта ўжо не твой дом!"

Пасля перажытага хочацца ўжо не погляд у спіну адчуваць, або мець дадатковы кантроль, а ўсё ж выдыхнуць. На знаходжанне ў турме было шмат рэсурсаў мною затрачана — на тое, каб гэта ўсё перажыць, прайсці. І я не ўяўляю, каб яшчэ так у прафесію вяртацца. Таму Беларусь для мяне цяпер, на жаль, страчанае месца".

"На Акрэсціна я ўвесь час прасіла адвакатку даведацца, як там котка"

Дома Яна бавіла каля тыдня — і ў пачатку верасня 2024 года з'ехала з Беларусі. Распавядаючы пра сваё затрыманне ў 2021 годзе на працы, Яна кажа, што "гэта было яшчэ па-боску", узгадваючы гісторыі іншых зняволеных са збіццём і "пысай у падлогу":

"У мяне быў пацыент пасля аперацыі — котачка. І я супрацоўнікам кажу: "Дайце я пацыента адпушчу". Яны былі незадаволеныя, але дазволілі пры ўмове, што будуць прысутнічаць пры гэтым. І сапраўды, яны стаялі чакалі, пакуль я раскажу кліентцы, што трэба рабіць з коткай. Пасля гэтага мяне забралі. Прынамсі, у параўнанні з тым, што я чула ад іншых, у маім выпадку не "зажасцілі" хоць бы. У той сітуацыі, якая склалася, у той жорсткасці, тое, што мне далі адпусціць пацыента — для майго псіхалагічнага стану было вельмі важна".

Адразу Яну затрымалі ў адміністрацыйным парадку і адправілі на "суткі", пасля якіх на волю яна ўжо не выйшла. Супраць яе распачалі крымінальную справу за ўдзел у Маршах па ўжо "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса:

"На момант затрымання ў мяне на лекаванні была котка добрай знаёмай. Мяне затрымалі ў аўторак, а я мусіла агледзець яе швы пасля аперацыі ў сераду. На Акрэсціна, дзе я правяла два месяцы, першы час я ўвесь час прасіла адвакатку даведацца, як там гэтая котка. Мяне вельмі хвалявала гэтае пытанне. Толькі праз тры месяцы даведалася, што з коткай усё ў парадку, і толькі тады выдыхнула".

"Старалася, як кажуць ў тых месцах, "бадзёрыць"

zurauleva_jana_1.jpg
Малюнак, які Яна намалявала ў зняволенні

Яна распавядае, што сум у зняволенні "вельмі заразны", таму яна старалася падбадзёрваць людзей вакол сябе, жартаваць і рацыянальна думаць:

"Такое больш за ўсё на Акрэсціна было. Я заўважыла, калі ў перапоўненых камерах камусьці становіцца сумна, то гэта можа перадацца 10-14 людзям. У зняволенні не ўсе імкнуцца трымаць сябе ў руках. Некаторым трэба выплюхваць негатыў — камусьці складана было, хтосьці прывык, каб навакольныя іх падтрымлівалі. А ў мяне па жыцці была роля чалавека, які сам падтрымлівае або спрабуе паўплываць на становішча. Таму я старалася, як гаворыцца ў тых месцах, бадзёрыць. Я ўвесь час прапаноўвала нейкія гульні, напрыклад, і наогул падтрымліваць больш здаровую атмасферу, таму што гэта ўплывае на ўвесь калектыў. Напэўна, таму што я таўстаскурая, таму так".

"Добра сяджу — не бывае так, у чым жа падвох?"

Сем месяцаў Яна правяла ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску. Цяпер, успамінаючы ўмовы ўтрымання ў гомельскім СІЗА і калоніі, Яна, як і многія палітвязні з падобным досведам, жартам называе "Валадарку" санаторыем.

"Там сябе я адчувала на адпачынку. У нас у камеры былі амаль адны палітвязні, таму заўсёды было з кім мець зносіны. Наша камера была забяспечаная смачнай і свежай ежай з перадач. Заўсёды была падборка класных кніг, таму што ў камеры быў чалавек, які разбіраўся ў гэтым. Улічваючы, што да затрымання я працавала проста без выходных, часам не з'язджаючы нават з працы, для мяне гэта было, як адпачынак. У супрацоўнікаў, мабыць, не было запыту, каб рабіць нешта дрэннае са мной, таму да мяне былі лаяльнымі. Але, падкрэслю, што гэта мая асабістая гісторыя, таму што сустракалася, што яны да іншых зняволеных ставіліся так, як не мусілі. Я тады проста задумалася, нешта добра сяджу — не бывае так, у чым жа падвох? І калі мне далі тры гады калоніі — я ўсё зразумела".

У судзе Ленінскага раёна суддзя Анастасія Ачалава прызначыла дзяўчыне максімальныя тры гады паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Яна ўзгадвае, што прызнала віну і не адмаўляла свой удзел ва ўсіх Маршах:

"Я зрабіла ўсё, што мне раіў следчы і адвакат. З самага пачатку я паказала следчаму на каляндарыку, у якіх нядзельных Маршах удзельнічала. Я нават на дваровыя пратэсты не хадзіла — нічога асаблівага. Не ведаю, чаму мне прызначылі тры гады. Адвакату казала, што буду прасіць "хатнюю хімію", бо мне на працу трэба, але, як адчувала, нешта не пройдзе...".

"Ты што такое зрабіла там, напэўна, аўтобус спаліла?"

Гомельскае СІЗА, куды Яну змясцілі перад этапам у калонію, яна называе адным з самых жорсткіх месцаў:

"Там супрацоўнікі пыталіся, ці ёсць у мяне штраф. А ў нас жа былі велізарныя салідарныя штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту. І калі я супрацоўнікам называла суму, то пачыналі галасіць: "Гэта ж што трэба было зрабіць такое?" І пакуль цябе вядуць у камеру па калідоры, слухаеш іх маналог. На "Валадарцы" нават не пыталіся такія рэчы — усім усё было зразумела. А супрацоўнікі гомельскага СІЗА дзівіліся: "Ты што такое зрабіла там, напэўна, аўтобус спаліла?" Гэта людзі, якія, напэўна, паверылі прапагандзе з тэлевізара і нават не дапускалі думкі, што ў рэальнасці ўсё інакш. Вядома, паводле тэрміну і па выстаўленым пазове можна падумаць, што я адна ўвесь транспарт Мінска спыніла.

У гомельскім СІЗА было складаней з перадачамі, чым на "Валадарцы". Напрыклад, яны не хацелі перадаваць крэм для мыцця твару, таму што не звычайны крэм для твару і "напісана не па-руску". Але ў зняволенні такія моманты ўплываюць на твой стан... У гомельскім СІЗА супрацоўнікі больш імкнуцца выканаць гэты рэжым".

"У калоніі размаўляеш ужо не з абезаблічанай рэпрэсіўнай машынай, а з адушаўлёнымі шрубкамі гэтай сістэмы"

zurauleva_jana_4.jpg
Яна пасля вызвалення

У жаночую калонію № 4 Яна трапіла ў ліпені 2022 года. Дзяўчына адзначае, што гэта была "другая хваля" палітвязняў там, таму яна магла адсачыць, як са з'яўленнем асуджаных паводле палітычных артыкулаў узмацняюцца ўмовы:

"Калі я трапіла ў калонію, і зразумела, што там дупа, то старалася пражыць сваё жыццё так, каб выйсці з найменшымі стратамі для сябе і выцягнуць максімум з часу, які я там буду знаходзіцца. Я ў жыцці не шыла, таму вырашыла навучыцца рабіць гэта добра. Каб мець нейкі голас, як і ў любым калектыве, ты мусіш нешта з сябе ўяўляць. У калоніі наадварот: калі ты ўжо адразу маеш нейкі статус, неяк па-разумнаму размаўляеш, адзенне лепш ці ежы больш, то табе там зайздросцяць. Я вырашыла ў калоніі зрабіць, каб да мяне там ставіліся так, як я прывыкла на волі. На працы мяне шанавалі, таму што я добрая спецыялістка, нягледзячы на мае спазненні, рэзкія словы і дзеянні. Я хацела стаць такой жа спецыялісткай на швейнай фабрыцы, але гэтаму амаль усе шляхі былі зачыненыя. Так, у палітычных закрытыя разнарадкі. Але пры гэтым у мяне нібыта ўсё атрымалася. Я тлумачыла іншым дзяўчынкам, як і што шыць".

Яна параўноўвае рэпрэсіўны досвед, які ёй давялося перажыць, з "бяздушнай машынай":

"Цябе кідаюць ад следчага да пракурора і суддзі. Ад іх — у апеляцыйны суд, у які цябе нават не выклікаюць. Але, калі ты трапляеш у калонію, дзе на этапе ты не адна, а вас — сто, то бачыш ужо людзей у ёй. Там ты ўжо маеш зносіны не з абезаблічанай рэпрэсіўнай машынай, а з адушаўлёнымі шрубкамі гэтай сістэмы. Трэба было збалансаваць, каб і адміністрацыя да цябе пытанняў не мела, і калектыў ты не раздражняла. Для мяне асабіста таксама важна было рабіць такія ўчынкі, каб потым не сорамна было сабе ў вочы глядзець. Ёсць рэчы, якія нават там не варта рабіць. Ніколі здзелкі з сумленнем добра не сканчаюцца. Гэта ж пытанне балансу: дзесьці ты можаш наступіць сабе на горла і падумаць на пару крокаў наперад, а дзесьці лепш адгрэбсці, але заставацца чалавекам. У такім выпадку ў цябе ёсць шанец больш ці менш адэкватна правесці там час".

На швейнай фабрыцы, са словаў Яны, жанчыны шыюць форму для сілавых структур і ўнутраных войскаў, у якой ходзяць таксама супрацоўнікі калоній, замовы для дзяржаўных устаноў.

"Фабрыка — старая. Калі паказаць на нешта, што не працуе, яны нават спрабуюць штосьці зрабіць. Мяне адразу пасадзілі на машынку, якая не працавала. Механік не змог яе паправіць, таму мяне перасадзілі на іншую машынку, якая апынулася нават лепшай. На ёй я шыла да канца тэрміну".

Яна ўдакладняе, што атрыманыя на фабрыцы грошы цяжка назваць заробкам, бо з усімі вылікамі ў калоніі можна было ў месяц атрымаць толькі 15-20 рублёў.

"Мне маглі пераводзіць грошы, таму я не асабліва глядзела ў свой разліковы рахунак. Мне ўжо было проста смешна ад таго, што за шэсць дзён на тыдзень на фабрыцы я атрымліваю гэтыя капейкі. Але ў мяне не было мэты зарабіць грошы, мне трэба было нешта рабіць. Гэта ж усё адно нейкі досвед".

"Чым ты лепшы ў калоніі — тым ты горшы"

zurauleva_jana_6.jpg
Яна пасля вызвалення

Былая палітзняволеная называе гомельскую калонію серыяй "Чорнага люстэрка", дзе прысутнічае татальны кантроль, абсурднасць таго, што адбываецца і скажоная рэальнасць, у якой апынуліся зняволеныя. У калоніі дзейнічаюць жорсткія, часам нелагічныя правілы, жыццё там падпарадкаванае строгаму распарадку, а любая праява індывідуальнасці або нязгоды душыцца.

"Жоўтай катэгорыі" адразу кажуць, што будуць дзяўбаць за ўсё, што заўгодна. І, натуральна, мы нічога не рабілі з таго, што нельга, таму што не хацелі ні сабе праблем, ні іншым. Гэта значыць, калі нас змясцілі ва ўмовы, дзе мы пакутуем крыху больш, то мы гатовыя гэта несці, абы не пакутавалі ад нас усе астатнія. У маім атрадзе была калектыўная адказнасць. Напрыклад, калі сядзіш п'еш гарбату з дзяўчаткамі-"экстрэмісткамі", то трэба сядзець так, каб ні ў каго нават думак не ўзнікла, што мы нейкай шакаладкай можам абмяняцца. У калоніі заўсёды прысутнічае адчуванне позірку ў спіну — там усе агенты, усе "стукаюць". І, калі паставілі камеры ў нашым атрадзе, то, з аднаго боку, была нават палёгка, каб іншыя зняволеныя не маглі ілжыва данесці на цябе. Іх можна было выкарыстоўваць для сваёй бяспекі. Я спецыяльна садзілася перад камерамі, каб мяне было добра відаць. Наогул лепшы камплімент на зоне — гэта калі на цябе не звяртаюць увагі. Гэта перакулены свет, гэта серыя "Чорнага люстэрка", гэта "Аліса ў Залюстроўі", якая не зразумее, куды ўпала. Чым ты лепш у калоніі — тым ты горш. Чым больш ты магла на волі — тым менш можаш тут. Калі на волі цэніцца твая індывідуальнасць і твае адрозненні, то тут наадварот. Там трэба зраўняць сябе з травой, груба кажучы. Трэба стаць настолькі кругленькім, каб не было за што зачапіцца. Гэта рэальнасць той турмы, у якой я была".

"У калоніі заўсёды прысутнічае адчуванне позірку ў спіну: там усе агенты, усе стукаюць"

jana_zuravleva_2.jpg
Малюнак, які Яна намалявала ў зняволенні

"Зона — адрыжка савецкай ідэалогіі, дзе чалавек чалавеку воўк. І галоўнае, там культывуецца тэма раз'яднання ды імкнення зламаць чалавека. Там нічога нельга рабіць у адкрытую. Любое такое тваё дзеянне будзе расцэньвацца, як дзеянне насуперак адміністрацыі. Я не магу сказаць, што кожны выпадак, калі хтосьці заступаецца за кагосьці, меў наступствы, але ўсё запамінаецца і далей вас імкнуцца з гэтым чалавекам пасварыць. Там не любяць сяброў. Калі цябе ў калоніі пытаюцца, з кім ты сябруеш, трэба адказваць: "На зоне сяброў няма". Але там усё адно ведаюць, з кім маеш зносіны. Калі оперу трэба, то ён будзе ведаць твой кожны крок — усё данясуць. У калоніі заўсёды прысутнічае адчуванне позірку ў спіну: там усе агенты, усе "стукаюць". Але трэба правільна адказваць і быць экстрасэнсам, каб загадзя ведаць, дзе можа вылезці праблема. Чым хутчэй ты пачнеш разумець зону з яе законамі, тым хутчэй там адаптуешся. Я старалася разглядаць свой вопыт як квэст або кампутарную гульню. Але часам там бывае, што накрывае дзікая дэпрэсія ці падаеш у эмацыйную яму, калі не ведаеш, дзе ўзяць моцы, каб зрабіць крок. Увесь астатні час там ёсць, чым загрузіць мазгі. Напрыклад, прадумваць сцэнары і алгарытмы: "Што будзе, калі..."

Відэакамеры вонкавага назірання ў атрадзе, дзе ўтрымлівалася Яна, усталявалі вясной 2024 года. Пры гэтым у некаторых атрадах ды іншых месцах калоніі камеры ўжо былі ўсталяваныя.

Але пры гэтым Яна адзначае, што для яе нават было плюсам, што з "жоўтай катэгорыяй" не хочуць або асцерагаюцца мець зносіны іншыя зняволеныя:

"Я не хацела з імі мець зносіны. Я хацела чытаць кніжкі — мне больш нічога не трэба было.

У калоніі я чытала Салжаніцына, і ў мяне быў 5D-кінатэатр з такім паглыбленнем... Я не ведаю, навошта яго чытаць на волі, бо ты нічога не зразумееш. Калі трапіш у беларускую турму, то зразумееш, пра што пісаў Салжаніцын. За столькі гадоў змяніліся толькі дэкарацыі, а сістэма тая ж".

Былая палітзняволеная згадвае, што ў 2024 годзе з бібліятэкі калоніі пачалі вымаць літаратуру на замежнай мове. Акрамя гэтага, канфіскоўвалі "няправільную літаратуру", сярод якой — "Архіпелаг ГУЛАГ".

"Ты глядзіш, як жыццё, якое ты будавала, рассыпаецца"

zurauleva_jana_2.jpg
Малюнак, які Яна намалявала ў зняволенні

З самага складанага ў зняволенні Яна называе адсутнасць свабоды дзеянняў і тое, што нельга ні на што паўплываць:

"Ты проста глядзіш, як жыццё, што ты будавала, ціха рассыпаецца. Увесь час, які я там была, магла займацца чымсьці карысным, а не псаваць здароўе і хістаць сваю менталку. Там ты даведаешся, што хтосьці з'ехаў, хтосьці звольніўся, хтосьці з пацыентаў памёр. Вось неяк усё ідзе-ідзе, а ты нічога з гэтым зрабіць не можаш. Мне, як чалавеку дзейнаму, гэта, напэўна, было самае складанае.

Але пры ўсёй трагічнасці таго, што адбылося, у зняволенні я сустрэла столькі цікавых, адукаваных ды інтэлігентных людзей. На волі я з імі пазнаёмілася б, калі б яны да мяне толькі прывялі сабаку або котку на прыём. А ў такіх умовах адразу відаць, хто ёсць хто. Я не ведаю, пра што думалі беларускія спецслужбы, калі засунулі нас усіх на зону, каб мы ўсе перазнаёміліся".

"Былі атрады, дзе заўгасы з штаноў гатовыя былі выскачыць, каб дагадзіць адміністрацыі"

Распавядаючы пра ўмовы ўтрымання, Яна адзначае, што кожны атрад у калоніі — свая асобная дзяржава з уласнымі правіламі:

"У нашым атрадзе палітычным забаранілі хадзіць у спартзалу, пры гэтым, у іншых — можна было. Лісты аддавалі толькі ад блізкіх сваякоў, запісаных у асабістыя справы. Уключаным у "спіс тэрарыстаў" забароненыя грашовыя пераводы — і гэта вялікая праблема. Яны не могуць нават на фабрыцы зарабіць.

У калоніі існуюць "інвентарныя спісы" — там тыя, хто дрэнна працуе на швейцы. Напрыклад, маглі прыцягнуць да разгрузкі гародніны або перанесці цэглу. У нашым атрадзе не цягалі прынцыпова палітвязняў на такія працы. Але былі атрады, дзе заўгасы з штаноў гатовыя былі выскачыць, каб дагадзіць адміністрацыі, адпраўлялі жанчын з жоўтымі біркамі ўсюды. Таксама шмат у атрадзе залежыць ад актыву — жанчын, што выконваюць адміністрацыйныя функцыі, і супрацоўнічаюць з адміністрацыяй".

"Тое самае, што па целіку, толькі гэта ім самім не трэба"

У калоніі, як успамінае Яна, зняволеных вадзілі глядзець прапагандысцкія праграмы:

"Таксама вадзілі ў клуб на лекцыі пра патрыятызм. Наогул я не магу сказаць, што ў калоніі моцна звярталі ўвагу на ідэалагічнае выхаванне. Усё рабілася толькі паводле нормаў прагляду тэлеперадач, наведвання ў клубе мерапрыемстваў, малявання насценных газет.

Зняволеным абавязкова трэба было выпісваць газету "Трудовой путь", якая выдаецца сумесна з МУС. У ёй распавядаюць пра жыццё ў калоніях, пра розныя конкурсы. Гэта значыць тое ж самае, што па целіку, толькі гэта ім самім не трэба".

Яна распавядае, што ёй самой наўпрост не прапаноўвалі здымацца ў прапагандысцкіх фільмах, але ў ліпені-жніўні 2023 года выклікалі і пыталіся пра гатоўнасць напісаць памілаванне, палітзняволеная сказала:

"Гатовая, але ні ў якіх прапагандысцкіх фільмах для тэлевізара я здымацца не буду. На гэта мне сказалі: "Вы што!? Ніхто нікога ніколі ні ў якіх фільмах не прымушае здымацца! Гэта чыста ваша жаданне!" Я стаю і думаю: "Ну так, вядома..."

Але дзяўчыне так і не прапанавалі выйсці па памілаванні. Як яна адзначае, такія прапановы паступаюць не ўсім палітвязням.

"Дыхаць стала цяжэй"

spravka_ob_osvobojdenii_1.png
Даведка аб вызваленні Яны

Яна адзначае, што за яе час знаходжання ў калоніі ўмовы сталі больш жорсткімі:

"Забаронаў стала больш — дыхаць стала цяжэй. І гэтыя забароны, па выніку, датычацца ўсіх. Да 2020-га ў калоніі была свая сістэма, потым туды заязджаюць першыя палітвязні, якіх трэба караць. Для "жоўтых катэгорый" мяняюць усю сістэму".

Дапамога ветэрынарнай лекарцы пасля 3 гадоў турмы вярнуцца ў прафесію

Хачу пазычыць усяго найлепшага вам і здароўя вашым гадаванцам!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства