Палітычнае затрыманне буйнога бізнэсоўца і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 4 лютага Дакумент
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4 лютага 2025 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Шаркаўшчыне 3 лютага судзілі мясцовага журналіста Андрэя Буку
Супраць Андрэя склалі пратакол паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне, здзейсненае паўторна цягам года), напісала "Віцебская Вясна". Справу разглядала суддзя Аксана Табола. Вынік суда пакуль невядомы.
За "несанкцыянаванае пікетаванне" Буку судзілі 28 кастрычніка мінулага года. Тады ён быў асуджаны да арышту на 5 сутак, але адбываць пакаранне адразу актывіста не забралі.
У сакавіку 2023 года Буку судзілі паводле арт. 19.10 КаАП (Прапаганда або публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Тая ж суддзя Аксана Табола пакарала мужчыну штрафам памерам 30 базавых велічыняў (на той час 1 110 руб). Перад гэтым у яго правялі ператрус і забралі ноўтбук.
15 траўня 2024 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" тэлеграм-канала Андрэя "Думкі ўслых".
У "спіс тэрарыстаў" дадалі Славу Камісаранку і яшчэ пяць беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці2 — там з'явіліся прозвішчы шасці чалавек.
Сярод іх Вячаслаў Камісаранка, Армэн Арзуманян, Дзмітрый Асіюк, Барыс Крыцкі, Валеры Мефадзіенка, Анастасія Жыльская.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1234 чалавекі, з іх больш за 500 — беларусы.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" фотальбом пра святкаванне стагоддзя БНР і кнігу пра забойства ў Курапатах
Гаворка пра альбом "БНР-100 сьвяткаванне 100-гадовага юбiлею ў Беларусi i ў замежжы" і выданне "НКВД забiваў у Курапатах…". Акрамя таго, у "экстрэмісцкі" спіс дадалі часопіс "Абажур № 3 (124), які выдаваўся ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", 2018".
Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі:
- Telegram-каналы і чаты "Приобрети ячмень в глазу", "Беларусы Анталии", "Гномоборея�";
- Instagram старонкі "vyraj.рl", "belarusfreetheatre", "stachkombelaruskalii", "chajkouskaya";
- Старонкі ў Facebook "Dżmitry Hurniević", "Белорусы Страсбурга";
- TikTok-старонкі "andronchik8", "bezumniibelarus", "belnel", "politzaklyhenibelarus".
Пасля пагроз Азаронка быў затрыманы брат палітычнага эмігранта з Гомеля
Як паведаміў "Флагшток", Мікалай Стагурскі, яго брат Дзмітрый, сёння раніцай быў дастаўлены ў Навабеліцкае аддзяленне міліцыі — у яго нібыта былі знойдзеныя "экстрэмісцкія" падпіскі. У дачыненні да хлопца склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Раней Мікалаю ў сваім тэлеграм-канале пагражаў прапагандыст Азаронак у сувязі з удзелам Мікалая ў акцыі, прымеркаванай да выбараў* у Беларусі.
Былому вайскоўцу Дзмітрыю Пазнякову збіраюцца ўзмацніць пакаранне
Дзмітрый — ураджэнец Узбекістана. Служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, потым працаваў намеснікам каменданта ў Брэсцкай ваеннай камендатуры, а таксама выкладаў на вайсковым факультэце БДУ. Яго затрымалі 9 жніўня 2023 года. Паводле прапагандыстаў, Пазднякоў быў завербаваны польскімі спецслужбамі. У лістападзе 2023-га палітвязня асудзілі за "здраду дзяржаве" да 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў наваполацкую калонію № 1.
Паводле інфармацыі "Вясны", у калоніі палітвязня катавалі з ужываннем электрашокера, прымушалі падпісваць дакументы і пустыя аркушы. Акрамя гэтага, яго неаднаразова адпраўлялі ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Дома Дзмітрыя чакаюць жонка і двое дзяцей.
Цяпер стала вядома, што 14 лютага ў Наваполацку адбудзецца суд па замене Дзмітрыю рэжыму на турэмны. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Хрыпач.
Палітычны арышт кіраўніка аўдытарскай кампаніі Ernst&Young Паўла Лашчанкі
Пра гэта паведаміла "Наша Ніва".
Па словах суразмоўцаў выдання, Лашчанку ўспомнілі 2020 год. Як высветліла выданне, Павел Лашчанка знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў адным з палітычных артыкулаў. Па якім менавіта артыкуле абвінавачваюць бізнэсоўца — невядома.
У 2020 годзе, у разгар збіцця грамадзян міліцыяй, за подпісам Лашчанкі выйшаў ліст да кіраўнікоў сілавых і дзяржаўных органаў, у якім ён выказаў сумнеў у агучаных Ярмошынай лічбах, а таксама заклікаў усіх адумацца і вярнуцца да законнасці.
EY (Ernst&Young) — аўдытарская кампанія з "вялікай чацвёркі". Працуе ў сферы аўдыту, падаткаабкладання, аказвае юрыдычныя паслугі для бізнэсу. Без ацэнкі EY у Беларусі не магла прайсці ніводная сур'ёзная ўгода па пакупцы або зліцці бізнэсу. EY быў адным з асноўных лакаматываў і тлумачальнікаў у справе прасоўвання перадавых фінансавых стандартаў і справаздачнасці.