viasna on patreon

Катуюць, абвяшчаюць у вышук, заводзяць крыміналкі: як пераследуюць праваабаронцаў у розных краінах

2025 2025-02-04T11:50:00+0300 2025-02-04T12:43:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dmitrieuski-1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў ў многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы застаецца складанай і напачатку 2025 года. Найбольш рэпрэсіўная палітыка з дачыненні да абаронцаў правоў застаецца ў Расіі, Азербайджане, Грузіі і некаторых іншых краінах. "Вясна" прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, юрыстаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Праваабаронцу Анару Мамедлі не аказваюць у СІЗА медычнай дапамогі

Нягледзячы на далейшае пагаршэнне стану здароўя азербайджанскага праваабаронцы Анара Мамедлі, які ўтрымліваецца ў Бакінскім СІЗА-1, яму не аказваецца адэкватная медычная дапамога.

Пра гэта агенцтву Turan паведаміў адвакат Эльчын Садыгаў, які наведаў Мамедлі ў СІЗА напачатку лютага.

anar_mammadli-2.jpg
Анар Мамедлі. Фота з сацыяльных сетак

Паводле яго слоў, у апошні час у Мамедлі пачаў адчуваць моцныя галавакружэнні. Нягледзячы на сур'ёзны рэгрэс здароўя Мамедлі адмаўляюць у належным лячэнні. Прадстаўнікі пенітэнцыярнай службы адмовіліся ад каментароў.

Анар Мамедлі быў затрыманы 29 красавіка 2024 года, а 30 красавіка абвінавачаны ў незаконным увозе грошай у краіну. У выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да васьмі гадоў турмы.

Шэраг міжнародных арганізацый, а таксама Дзярждэпартамэнт ЗША заклікалі ўрад Азербайджана неадкладна вызваліць Мамедлі і іншых арыштаваных.

20 лістапада суд падоўжыў тэрмін арышту Мамедлі яшчэ на 3 месяцы. Анар Мамедлі з'яўляецца кіраўніком НДА “Цэнтр маніторынгу выбараў і вывучэння дэмакратыі”, які займаецца выбарчымі правамі. Ён аўтар крытычных справаздач аб выбарах у Азербайджане, што вельмі раздражняе ўлады.

Грузія адмовіла ў прадастаўленні прытулку праваабаронцу Дзмітрыеўскаму

Грузія адмовіла ў прытулку расейскаму актывісту і праваабаронцу Станіславу Дзмітрыеўскаму, паведамляе Tbilisi Live.

Міграцыйная служба Грузіі мяркуе, што ў Расеі няма "ні ўнутраных, ні міжнародных канфліктаў", а таксама "парушэнняў правоў чалавека", якія ўяўляюць пагрозу для Дзмітрыеўскага пры вяртанні на радзіму.

dmitrieuski-1.png
Станіслаў Дзмітрыеўскі. Фота: "Новая газета"

У 2006 годзе ў Расіі Дзмітрыеўскага прысудзілі да двух гадоў умоўна з-за публікацыі зваротаў лідэраў непрызнанай "Рэспублікі Ічкерыя" з заклікамі да мірнага ўрэгулявання вайны ў Чачні. Яго неаднаразова затрымлівалі і арыштоўвалі за праваабарончую дзейнасць і ўдзел у акцыях. Станіслаў Дзмітрыеўскі — праваабаронца, які прысвяціў 36 гадоў жыцця барацьбе за справядлівасць у Расіі, уключаючы дакументаванне ваенных злачынстваў расійскіх салдат у Чачні і Украіне.

У дачыненні да праваабаронцы Сяргея Давідзіса распачатая справа, ён аб'яўлены ў вышук

Мяшчанскі раённы суд Масквы 29 студзеня завочна арыштаваў праваабаронцу і сустаршыню цэнтра абароны правоў чалавека "Мемарыял" Сяргея Давідзіса паводле справы аб апраўданні тэрарызму (частка 2 арт. 205.2 КК РФ), паведамляе "Медыязона".

davidzis-siargej.png
Сяргей Давідзіс. Скрыншот з відэа.

Нагодай стаў рэпост у Фэйсбуку публікацыі праекта "Падтрымка палітвязняў. Мемарыял" ад 12 студзеня 2024 года. Праваабаронца суправадзіў яго каментаром: "Украінцы, якія пераследуюцца за службу ў " Азове", — палітвязні".

Справа ў дачыненні да Давідзіса была распачатая 30 жніўня 2024 года, а другога верасня Давідзісу завочна выставілі абвінавачванне і абвясцілі яго ў вышук. 28 лістапада 2024 года імя Давідзіса ўключылі ў пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў Росфінманіторынгу.

Праваабаронца Азіза Абдзірасулава пакінула Кыргызстан праз пагрозы і пераслед

 З Кыргызстана вымушаная была з'ехаць вядомая праваабаронца Азіза Абдзірасулава: ёй паступалі пагрозы, а каля дома яе вартавалі невядомыя, паведамляе “Настоящее время”.

abdirasulava-1.png
Азіза Абдзірасулава. Фота: Радыё "Азаттык"

Азіза Абдзірасулава абараняла правы збітых у арміі салдат, якія падвергліся сямейнаму гвалту жанчын і нават палітыкаў: яна была грамадскай абаронцай Садыра Жапарава, калі 8 гадоў таму яго арыштавалі і асудзілі на 11,5 гадоў турмы.

Нядаўна Азіза з'ехала з краіны: яна неаднаразова затрымлівалася, ёй пагражалі, каля дома яе вартавалі невядомыя.

Праваабаронца Аляксей Сакалоў заявіў пра катаванні ў СІЗА

Расейскі праваабаронца Аляксей Сакалоў, якога ў студзені адпусцілі з СІЗА Екацярынбурга пад падпіску аб нявыездзе, заявіў пра катаванні супраць яго.

sakalou-pravaabaronca-1.png
Аляксей Сакалоў у судзе. Фота: Коммерсантъ

Аляксей Сакалоў, былы сябра Грамадскай назіральнай камісіі (ГНК), кіраўнік арганізацыі "Прававая аснова" знаходзіўся пад арыштам  з пачатку ліпеня 2024 года. Справу супраць яго распачалі за публікацыю лагатыпа Facebook - паводле артыкула аб "паўторнай дэманстрацыі экстрэмісцкай сімволікі" (ч.1 арт. 282.4 КК РФ).

Рэальнай прычынай пераследу стала праваабарончая дзейнасць Сакалова. Шмат гадоў ён дапамагаў зняволеным, публічна казаў пра катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека ў сістэме ФСВП, дамагаўся адказнасці для сілавікоў, якія ўжываюць гвалт да зэкаў.

Пры затрыманні Аляксея збівалі, перакрывалі кісларод, патрабуючы пароль ад тэлефона, доўга не давалі вады і магчымасці схадзіць у прыбіральню. Жорсткае абыходжанне было і ў СІЗА: праваабаронцу перашкаджалі спаць, у халоднае надвор'е змяшчалі ў карцэр без шыбаў, прымусова пакідалі на прагулцы пад дажджом, забіралі пітную ваду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства