Анколаг, стаматолаг, шматдзетная маці: каго судзілі на гэтым тыдні
Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Пасля сёмых прэзідэнцкіх выбараў хваля рэпрэсій не спынілася: па ўсёй краіне працягваюцца палітычныя суды.
З 27 па 31 студзеня ў беларускіх судах разглядалі як мінімум 51 крымінальную палітычную справу, у межах якіх судзілі 69 чалавек. Мінімум дзесяць судовых працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме. У палітычных судах у згаданы перыяд прымалі ўдзел мінімум 43 суддзі. Найбольш распаўсюджаны палітычны крымінальны артыкул – "народны" артыкул 342 КК. Па ім судзілі 31 асобу. За "заклікі да санкцый" на гэтым тыдні судзілі мінімум восем чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 42 чалавекі. Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за мінулы тыдзень.
Мінімум 31 чалавека судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
У Глыбокім пачаліся першыя суды за пратэсты 2020-га
У судзе Глыбоцкага раёна 28 студзеня судзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) братоў Івана і Дзмітрыя Піскуновічаў. Справу разглядае суддзя Андрэй Тарасевіч.
Нагадаем, у верасні і кастрычніку 2024 года сілавікі зладзілі рэйд на жыхароў Глыбокага за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паведамлялася пра затрыманне мінімум 12 чалавек. Некаторым інкрымінавалі арт. 342 КК.
Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў
Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы тыдзень у Беларусі судзілі 13 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367КК). Па ім судзілі тры чалавекі. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) судзілі дзевяць чалавек. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 14 чалавек (арт. 130 КК).
Трэці месяц працягваецца суд па справе затрыманага на мяжы з Літвой беларуса
Напрыканцы траўня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманне двух беларусаў на беларуска-літоўскай мяжы: адзін з іх быў абвешчаны ў міжнародны вышук і спрабаваў нелегальна трапіць у Літву, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, а другі быў кіроўцам. Вядома, што Аляксандр доўгі час жыў у ЗША.
64-гадовы Аляксандр Судніковіч на "пакаяльным відэа" казаў, што ён у 2021 годзе пакідаў каментары з ухваленнем дзеянняў Андрэя Зельцэра, які загінуў падчас перастрэлкі супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком.
Аляксандра абвінавачваюць паводле арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суд над ім распачаўся 1 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Яўген Хаткевіч.
Сям’ю судзяць паводле пяці палітычных артыкулаў
Сёння ў Гродзенскім абласным судзе працягваецца разгляд справы мужа і жонкі Леаніда і Антаніны Церабей.
Іх затрымалі ў чэрвені 2024 году. Вядома, што ў іх ёсць дзіцёнак, таму маці пакідалі на волі да суда. Праўладныя каналы таксама сцвярджалі, што ёй, верагодна, вынесуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, а "вось галава сямейства пасядзіць".
Цяпер іх абодвух судзяць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК), удзел у мірным сходзе (арт. 342 КК), распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК), паклёп на Лукашэнку (арт. 367 КК) і здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Справу разглядае суддзя Мікалай Рачынскі.
Шматдзетную маці Юлію Лаптановіч 27 студзеня пачалі судзіць у трэці раз
Палітзняволеная Юлія Лаптановіч утрымліваецца за кратамі больш за тры гады і тры месяцы. Напачатку студзеня да "хатняй хіміі" асудзілі яе маці — Таццяну Васільеву, а муж Юліі Ігар Лаптановіч у 2023 годзе цалкам адбыў пазбаўленне волі.
Жанчыну ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных справаў, але цяпер яе зноў чакае суд. Гэтым разам Юлію абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу пачалі разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 27 студзеня, суддзя — Кацярына Груда.
Судзяць стаматалагіню, якая нібыта мае дачыненне да тэлеграм-канала "ШапитоДичь"
У Мінскім гарадскім судзе 28 студзеня пачынаюць судзіць 33-гадовую Алену Елькіну. Яе абвінавачваюць у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання" (ч. 1 арт. 361-1 КК) і "закліку да санкцый" (ч. 3 арт. 361 КК). Справу разглядае Алена Ананіч.
4 ліпеня 2024 года КДБ прызнаў тэлеграм-канал "ШапитоДичь" "экстрэмісцкім фармаваннем". Паводле ведамства, дачыненне да яго мае Алена Елькіна. Праз пошук гэтая суполка не вызначаецца.
Ініцыялы жанчыны цалкам супадаюць са стаматалагіняй з Віцебску — апошнія допісы ў яе сацыяльных сетках датаваныя траўнем 2024-га году.
Мінчука, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце “Мінск”, судзяць за "распальванне варожасці"
Анатолю Крупіну 65 гадоў. Паводле інфармацыі "Белпола", у 1993-2015 гадах мужчына працаваў у аэрапорце "Мінск-2" інспектарам службы бяспекі. У 2016 годзе ён згадваўся як начальнік змены авіяцыйнай бяспекі і рэжыму — тады ў аэрапорце затрымалі грамадзянку Расіі за няўдалы жарт пра траціл у багажы. Сітуацыю каментаваў менавіта Крупін. У сацсетках апошні допіс мужчыны датуецца чэрвенем 2024 года.
28 студзеня Анатоля пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе за "распальванне варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК). Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рудэнка.
У Віцебску 29 студзеня пачалі судзіць палітвязня Міхаіла Лабаня
Міхаіл — гаспадар ювелірнай майстэрні "Самародак", які займаўся вырабам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў "паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 367 КК), абразе "Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК) і "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК)
У траўні 2022 года суддзя Віталь Лапко асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. Тэрмін Міхаіл адбываў у івацэвіцкай калоніі № 22. Але ў траўні 2024 года яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
У Віцебскім абласным судзе 29 студзеня Міхаіла пачалі судзіць за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Справу разглядае суддзя Аляксандр Абашын.
Дзіцячую анкалагіню з Беларусі 30 студзеня пачалі судзіць за палітыку
У Першамайскім судзе Мінска 30 студзеня пачалі судзіць Алену Шарафановіч. Гэта адна з найлепшых дзіцячых анкалагіняў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках немагчыма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў.
Алене Шарафановіч інкрымінуюць "народны" артыкул 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Судзіць лекарку намесніца старшыні суда Першамайскага раёна Наталля Дзядкова.
Шарафановіч скончыла Мінскі медыцынскі інстытут і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “анкалогія”. Шэсць разоў праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Германіі і ЗША.
13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ 3 гады ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова вяла прыём у "Ладэ", Цэнтры лазернай дэрматалогіі "HappyDerm".
Аўдытара і бізнэс-трэнера Дзмітрыя Цімафіевіча 30 студзеня пачалі судзіць за ўдзел у пратэстах
Дзмітрый — адзін з самых публічных беларускіх аўдытараў. У 2013-2020 ён працаваў у аўдытарскай кампаніі KPMG, з 2020 года кіруе аўдыторскай кампаніяй IQT. Актыўна дае каментары, праводзіць семінары і трэнінгі. Дзмітрый актыўна абнаўляў свае сацсеткі, аднак тры месяцы таму прапаў з іх.
Мужчыну пачалі судзіць 30 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Яму інкрымінуецца ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя — Анастасія Ачалава.
Лаўрэата конкурсаў вакалістаў і ўдзельніка пеўчага хору працягваюць судзіць за пратэсты
У судзе Маскоўскага раёну Мінска 22 студзеня распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Даніэля-Ландсея Кейты. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 342 КК. Працэс узначальвае суддзя Таццяна Пірожнікава. На гэтым тыдні суд над вакалістам працягваецца.
Пра затрыманне хлопца стала вядома ў чэрвені — на "пакаяльным відэа" ён "прызнаваўся" ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў негатыўныя каментары пра міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама дрэнна ставіўся да расійскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.
Вядома, што затрыманы — лаўрэат I ступені рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна і лаўрэат III ступені міжнароднага конкурсу юных вакалістаў ім. Шаляпіна.
У Мінскім гарадскім судзе паўторна судзяць палітвязня
У Мінскім гарадскім судзе 31 студзеня распачаўся суд над палітзняволеным Арцёмам Ліцевічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава.
Раней яго ўжо асудзілі за заклікі да сакцый (арт. 361 КК) і ўдзел у мірным сходзе (арт. 342 КК). Вынік суда быў невядомы. Напрыканцы студзеня 2025 г. Арцём унесены КДБ у "спіс тэрарыстаў".
Працягваецца суд па справе палітзняволенага японца Наканісі Масатосі
Наканісі — грамадзянін Японіі. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына "ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару".
Судовы працэс у дачыненні да японца пачаўся 10 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Наканісі інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Працэс у закрытым рэжыме прызначана весці суддзя Анжэла Касцюкевіч. Грамадзяніну Японіі пагражае да 7 гадоў калоніі.