viasna on patreon

Магілёўца, які з нажом адбіваўся ад губазікаўцаў, будуць судзіць за "замах на забойста". Яму пагражае прымусовае лячэнне

2025 2025-01-31T14:11:44+0300 2025-01-31T14:25:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kandrychyn.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёўскім абласным судзе 11 лютага ў закрытым рэжыме пачнуць разглядаць справу 62-гадовага жыхара Магілёва Аляксандра Кандрычына. Працэс будзе весці суддзя Васіль Галкоўскі. Магілёўца абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў "замаху на забойства". Судзіць Аляксандра будуць як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне». Гэта значыць, што яму не пагражае крымінальнае пакаранне, але да яго будуць прымяняць прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Разбіраемся з юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам, якое пакаранне могуць прызначыць Аляксандру.

Аляксандр Кандрычын — той самы магілёвец, які 23 верасня 2024 года адбіваўся з нажом ад губазікаўцаў, апранутых у цывільнае. Па версіі міліцыі, да яго падышлі "для прафілактычнай размовы! — далей Кандрычын нібыта дастаў нож і стаў адбівацца: «не менш за два [ўдары аднаму губазікаўцу] і пяць удараў [другому], у тым ліку ў вобласць грудной клеткі».

У выніку Кандрычыну выставілі абвінавачванне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), ч. 2 арт. 139 (забойства).

Судзіць Аляксандра будуць як «асобу, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне». Юрыст "Вясны" Павел Сапелка тлумачыць, што ў такім выпадку будзе прымяняцца ў дачыненні да абвінавачанага:

"У гэтым выпадку будзе разглядацца пытанне аб накіраванні яго на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Гэта значыць, што не будзе стаяць пытання аб прызнанні або непрызнанні яго вінаватым — ён альбо прызнаны недзеяздольным на момант здзяйснення злачынства, альбо захварэў пасля здзяйснення злачынства, і цяпер недзеяздольны".

Акрамя гэтага, Павел Сапелка дадае:

"Але, калі б ішла размова пра разгляд крымінальнай справы ў звычайным парадку, то адказнасць за замах на злачынства настае паводле таго ж артыкула, па якім прадугледжваецца адказнасць за скончанае злачынства з дадатковай спасылкай на ч. 1 арт. 14 КК. Арт. 67 КК устанаўлівае правілы прызначэння пакарання за няскончаныя злачынствы: пры прызначэнні пакарання ўлічваюцца характар ​​і ступень грамадскай небяспекі дзеянняў, здзейсненых вінаватым, ступень ажыццяўлення злачыннага намеру і абставіны, у сілу якіх злачынства не было даведзена да канца. Адзін з артыкулаў, які ставіцца ў віну А. Кандрычыну, прадугледжвае смяротнае пакаранне, аднак у гэтым выпадку яно не пагражала б абвінавачанаму: смяротнае пакаранне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаецца. Выключэнне складаюць замахі на здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 124, ч. 3 арт. 126, ч. 3 арт. 289 і ч. 2 арт. 359 КК. А ч. 2 арт. 139 КК сярод іх няма. Да ўнясення ў 2022 годзе зменаў у КК, якія пашырылі сферу прымянення смяротнага пакарання, выключэнняў з правіла наогул не было. Пашырэнне сферы прымянення пакарання смерцю стала істотным парушэннем Рэспублікай Беларусь Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".

Што такое прымусовыя меры бяспекі і лячэння? 

Адміністрацыйны корпус псіхіятрычнай бальніцы. Фота: sb.by
Адміністрацыйны корпус псіхіятрычнай бальніцы. Фота: sb.by

Прымусовыя меры бяспекі і лячэння — гэта від крымінальна-прававога ўздзеяння, які не з'яўляецца крымінальным пакараннем і ўяўляе сабой сістэму псіхатэрапеўтычных, медыка-прафілактычных і медыка-рэабілітацыйных, а таксама медыцынскіх мер па даглядзе і наглядзе за асобамі, якія пакутуюць на псіхічнае расстройства (захворванне), што пазбаўляе іх магчымасці ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў ці кіраваць імі, калі гэтыя асобы па характары ўчыненага імі дзеяння і сваім псіхічным стане ўяўляюць небяспеку для грамадства. Яны прызначаюцца «асобе, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане бессвядомасці або якая захварэла пасля здзяйснення злачынства на псіхічны разлад (захворванне)» (п. 13 арт. 6 КПК).

У залежнасці ад характару захворвання (расстройства) асобы, ступені небяспекі ўчыненага ёй грамадска небяспечнага дзеяння суд можа прымяніць наступныя прымусовыя меры бяспекі і лячэння:

  • прымусовае амбулаторнае назіранне і лячэнне ва ўрача-спецыяліста ў сферы аказання пісхіятрычнай дапамогі;
  • прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным, узмоцненым або строгім назіраннем.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства