viasna on patreon

Сяргей Коршун: "Я стаў дапамагаць тым, хто трапляў у калонію па палітычных артыкулах"

2025 2025-01-30T11:30:00+0300 2025-01-30T12:15:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/korshun-siargej-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Коршун. Фота з уласнага архіва суразмоўцы.

Сяргей Коршун. Фота з уласнага архіва суразмоўцы.

Пасля чатырох з паловай гадоў зняволення жыхар Мінска, блогер тэлеграм-канала “Армія з народам” Сяргей Коршун прыняў рашэнне выехаць з Беларусі, паколькі не адчуваў сябе ў бяспецы. Ён выйшаў на волю 17 ліпеня 2024 года з прэвентыўным наглядам як злосны парушальнік рэжыму ў статусе асобы, датычнай да “экстрэмісцкай” і “тэрарыстычнай” дзейнасці. “Вясна” паразмаўляла з былым палітвязнем пра падзеі 2020 года, гісторыю ягонага пераследу і ўмовы ўтрымання ў калоніі, дзе ён адбываў пакаранне.

Сяргея Коршуна затрымалі 21 ліпеня 2020 года, а пятага жніўня яму было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2021 года артыкул перакваліфікавалі на 293-ы Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі). 7 траўня 2021 года ў Мінскім абласным судзе былі вынесеныя прысуды фігурантам справы па телеграм-канале "Армія з народам". Сяргей Коршун быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама Коршун быў пазбаўлены спецыяльнага звання “капітан міліцыі запасу”.

Вынесеныя прысуды па справе "Арміі з народам"

Іх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, у падрыхтоўцы беспарадкаў, а Спарыша таксама ў тым, што перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркама.

Ад капітана міліцыі да блогера-актывіста

Былы палітзняволены Коршун раней служыў у міліцыі і мог бы зрабіць кар’еру, але каля дзесяці гадоў таму сышоў па ўласным жаданні, вучыўся на эканаміста, працаваў у гандлі. Ён узгадвае падзеі, якія паслужылі штуршком да пратэснай дзейнасці:

– Я заўсёды цікавіўся пытаннямі аб тым, як жывуць людзі ў Беларусі. У 2019 годзе стаў сачыць за рэпартажамі Сяргея Ціханоўскага, а ў 2020 годзе ўпершыню сустрэўся з ім у Мінску, ля Палацу Спорта. Тады ж я пазнаёміўся з іншымі хлопцамі, з якімі вырашылі стварыць свой уласны канал “Армія з народам". Гэты канал быў арганізаваны для аб'яднання былых і дзеючых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў для прыцягнення ўвагі да падзей, якія адбываліся ў краіне, для аказання тэарэтычнай і практычнай дапамогі пры затрыманні, а таксама забеспячэнне бяспекі вядомых асоб.

Сяргея затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК з-за падзей у Гродна 29 траўня, калі там быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.

“Падчас затрымання да мяне была ўжытая грубая фізічная сіла, мяне затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры падтрымцы спецназа. Затым адвезлі ў Мінск, у СІЗА на Валадарскага. Як былы міліцыянер, я знаходзіўся ў камеры, дзе ўтрымліваліся ваенныя, сілавікі, часам бізнесмены, многія падазраваліся па карупцыйных артыкулах, разбоях, але канфліктаў там паміж намі не здаралася.

На допыты ў СІЗА, дзе я правёў больш за год, прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, пагражалі мне і маім родным, наносілі ўдары па галаве, абяцалі зрабіць невыносным маё жыццё. Напачатку абвінавачвалі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса, а затым, недзе ў студзені 2021 года, следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на ч. 2 артыкула 293 КК РБ (масавыя беспарадкі). Там жа, у следчым ізалятары, я быў пастаўлены на прафілактычны ўлік як чалавек, які “схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці”, – узгадвае тыя падзеі Сяргей. – Самым цяжкім за цэлы год знаходжання на Валадарцы было чаканне і невядомасць, што будзе з табой далей. Ну вось, напрыклад, быў у мяне 342 артыкул і я ўжо бліжэй да 2021 года звыкся з гэтым, маўляў, усё зразумела, там максімум тры гады. Я адпаведна настроіўся. Але калі следчы ў студзені перакваліфікаваў яго на 293 артыкул я зразумеў, што тут трыма гадамі не абыйдзецца, можна атрымаць і да дзесяці год. Калі вярнуўся назад у камеру пасля допыту, у мяне проста ногі зрабіліся ватнымі. Не ведаў, што рабіць, адчуваў сапраўдны шок.

На Валадарцы Cяргею найбольш запомнілася паслявыбарчая ноч 9 жніўня, калі былі чутныя шум натоўпу і гучалі выбухі, падавалася тады, што вось-вось і ўсе выйдуць адсюль на волю. А самы яркі ўспамін у яго застаўся з верасня 2020 года.

– Неяк нас вывелі на прагулку і тут у суседнім дворыку пачуўся вокліч “Жыве Беларусь!” Гэта падхапілі ўсе прагулачныя дворыкі, сталі гучна скандаваць і я зразумеў, што нас шмат. Была эйфарыя, адчуванне, што нават за кратамі мы не зломленыя. Зразумела, тут жа выклікалі валадарскі спецназ, нас паставілі на расцяжкі і хуценька ўсіх разагналі па камерах. А потым дапытваліся ў кожнага, хто крычаў, але хто прызнаеццца.

Сяргей Коршун. Фота з уласнага архіва суразмоўцы.
Сяргей Коршун у Вільні. Фота з уласнага архіва суразмоўцы.

Арганізаваў сістэму па перадачы лістоў і паштовак на волю

У жніўні 2021 года Сяргея Коршуна этапавалі ў папраўчую калонію № 3 у Віцьбе. Да яго, як да “экстрэміста”, адразу адміністрацыя паставіліся прадузята:

– У калоніі са статусам "экстрэміста" да мяне было прадузятае стаўленне, праводзіліся рэгулярныя праверкі і асабістыя ператрусы, было немагчыма атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленне, або замену рэжыму ўтрымання на больш мяккае. Лісты мог атрымліваць толькі ад блізкіх сваякоў, нягледзячы на тое, што ў законе няма такіх абмежаванняў ні для адной катэгорыі грамадзян.

У 2022 г. КДБ унёс Сяргея Коршуна ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

"Ведаючы, як турэмная сістэма ламае людзей, я стаў дапамагаць тым, хто трапляў у “Віцьбу” па палітычных артыкулах. Я арганізаваў сістэму па перадачы лістоў і паштовак на волю, абмінаючы цэнзара і супрацоўнікаў адміністрацыі. Ідэя ўзнікла пасля прачытання рамана Аляксандра Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ”, дзе нешта падобнае рабілі на этапах і перасылках. Амаль год гэты ланцужок працаваў добра, але мяне ўсё адно вылічылі ў 2023 годзе. Памятаю, як аднойчы за тое, што паспрабаваў перадаць ліст на волю ў абыход адміністрацыі лагера, я быў змешчаны ў штрафны ізалятар у адзіночную камеру, дзе адзін правёў 37 сутак. У штрафным ізалятары ў мяне не было ніякіх спальных рэчаў, і я ўвесь час быў вымушаны спаць на драўляным насціле, які кожную раніцу прышпільвалі да сцяны і цэлы дзень сядзеў на зэдліку. Усё гэта адбывалася ў зімовы час, у ШІЗА ў мяне не было цёплых рэчаў і я быў вымушаны ўвесь час рухацца, каб не акалець. Акрамя таго, у камеру-адзіночку рэгулярна прыходзілі супрацоўнікі калоніі, спрабуючы мяне неяк закрануць або зняважыць", – распавядае Сяргей Коршун.

У калоніі супрацоўнікі рэгулярна аказвалі ціск на палітвязня: складалі фальшывыя рапарты, накладвалі разнастайныя спагнанні, пасля чаго  зрабілі злосным парушальнікам рэжыму.

–Тады я працаваў у дрэваапрацоўчым цэху, цягалі дошкі для паддонаў, бярвёны, а калі прыйшла зіма, пачаліся пакуты ад холаду. У зімовы час супрацоўнікі калоніі не дазвалялі апранаць дадатковыя цёплыя рэчы, а ў летні час, калі было вельмі горача, нельга было знаходзіцца ў майцы. Праз нейкі час мяне перавялі ў цэх разборкі металу, дзе мы чысцілі драты ад ізаляцыі, дабывалі медзь, алюміній, свінец. Нават прыдумалі спецыяльнае абсталяванне, каб аблегчыць гэты працэс і не сашкрабаць ізаляцыю нажамі, – кажа мужчына.

Сяргей Коршун. Фота з уласнага архіва суразмоўцы.
Сяргей Коршун у Вільні. Фота з уласнага архіва суразмоўцы.

"Пастаянныя начныя праверкі зрабілі маё жыццё невыносным"

17 ліпеня 2024 года Сяргей Коршун, цалкам адбыўшы пакаранне, вызваліўся з папраўчай калоніі №3 з прафілактычным і прэвентыўным наглядам. Але праблем меней не стала.

Мне давялося адзначацца два разы на месяц, але яшчэ праз месяц да мяне былі ўжытыя больш жорсткія меры, і мяне абавязалі адзначацца кожны дзень. Пастаянныя начныя праверкі і сфабрыкаванае парушэнне з боку міліцыі зрабілі маё жыццё невыносным. Узбудзілі новую крымінальную справу. Не было працы. А нервовае напружанне, якое заўсёды адчувалася ў калоніі, засталося і дагэтуль. Баючыся за сваю свабоду, я быў вымушаны ў тэрміновым парадку з'ехаць з Беларусі ў Польшчу.

Сяргею трэба аднаўляць здароўе, паколькі пасля калоніі з’явілася шмат праблем, асабліва з суставамі, наладжваць свой побыт. Патрэбна дапамога.

“Байсол” праводзіць для яго грашовы збор на першапачатковыя патрэбы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства