"За пагрозу прымянення гвалту атрымаць чатыры гады калоніі – крыўдна": споведзь былога палітвязня
Жыхар Мінска Яўген Бароўскі браў удзел у акцыях пратэсту ў Мінску восенню 2020 года. Аднойчы, падчас разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская”11 кастрычніка, ён і яшчэ трое юнакоў перашкодзілі семярым амапаўцам затрымаць чалавека, і па матэрыялах следства, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Але, як устанавіў суд, дзеянні Яўгена кваліфікаваныя былі як “пагроза прымянення гвалту”. Нібыта ён станавіўся ў стойку і выказваў пагрозы ў іхні бок. Цалкам адбыўшы чатырохгадовы тэрмін, Яўген выехаў з краіны і пагадзіўся распавесці “Вясне” пра свой пераслед.
"Даю дзве секунды на адказ: дзе перакрываў дарогі?"
“15 кастрычніка мы вярталіся з сябрам дадому і на Уруччы зайшлі ў краму набыць прадуктаў. На выхадзе з крамы я проста аслупянеў – паварочваю галаву і бачу як на нас ляцяць пяцёра чалавек у балаклавах. Адчуваю моцны ўдар і тут жа падаю. Чую крыкі: “Вы затрыманыя!” Праз некалькі секунд мне чапляюць кайданкі, закідваюць у аўтобус, кладуць на падлогу. Усю дарогу да Следчага камітэта мяне, ляжачага, збівалі, асабліва дасталося нагам. Ну і пытанні сыпаліся: “Даю дзве секунды на адказ: дзе перакрываў дарогі?” Усё гэта чаргавалася з моцнымі ўдарамі. Пагражалі, што калі я, на іх думку, яшчэ раз схлушу, жывым з мікрааўтобуса не выйду.
Чатыры гадзіны мяне дапытваў следчы. Потым аглядзелі ўсяго, хацелі знайсці татуіроўкі. Затым адправілі на Акрэсціна, дзе я правёў суткі, а потым адразу адвезлі ў СІЗА на Валадарскага.Там я правёў да суда шэсць месяцаў”, – узгадвае Бароўскі.
Найбольш цяжка было ў магілёўскай следчай турме
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 2 красавіка 2021 года асудзіў Бароўскага на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 Крымінальнага кодэксу (пагроза прымянення гвалту над супрацоўнікамі міліцыі) і па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яшчэ траім маладёнам далі па пяць год. Пра справе праходзілі сем пацярпелых супрацоўнікаў АМАП.
![]()
Мінскай чацвёрцы, якая адбіла ад амапаўцаў чалавека, — ад чатырох да пяці гадоў калоніі і вялікая кампенсацыя пацярпелым
На судзе Бароўскі цалкам адмовіўся прызнаваць віну:
– Кажу суддзі, калі б ведаў, што мне столькі дадуць, дык хоць бы камень які кінуў у іх бок, а так за пагрозу прымянення гвалту атрымаць чатыры гады – крыўдна. Ды яшчэ кампенсацыю за “маральныя пакуты” амапаўцам.
Праз два тыдні Яўгена этапавалі ў следчую турму ў Магілёў да разгляду апеляцыйнай скаргі, дзе ён правёў паўтара месяцы.
Па ягоных словах, найбольш цяжкі час быў менавіта ў магілёўскай турме, дзе паўсюль віселі камеры і нават на хвіліну прылегчы не ўдавалася, а рапарты там складалі за любыя дробныя парушэнні.
Адбываць тэрмін Яўгена накіравалі ў папраўчую калонію №15 у тым жа Магілёве.
“У калоніі мяне адразу змясцілі ў каранцін, выдалі робу з жоўтай біркай, але праз дзве гадзіны зайшоў капітан, назваў маё прозвішча і яшчэ аднаго гомельскага, па прозвішча Няпомняшчы. Нас выклікалі ў кабінет і там адразу Няпомняшчаму далі пяць сутак, а мне сем сутак ШІЗА, пры гэтым яшчэ сказалі, каб падумаў, як ты хочаш сядзець. Але па выхадзе з ізалятара адразу накінулі яшчэ дзесяць сутак.
У далейшым мяне рэгулярна туды адпраўлялі за самае нязначнае парушэнне. Аднойчы чарговыя суткі ў ШІЗА я атрымаў праз тое, што выйшаў у тапачках пакурыць”, – кажа ён.
А ўсяго Яўген налічыў за свой тэрмін каля 70 сутак штафнога ізалятару.
"Я думаў, што памру нават"
“У студзені я тры тыдні быў хворы з гаймарытам. Балела моцна галава, і я думаў, што памру нават. А ў санчастцы выдавалі толькі пігулкі ад тэмпературы. Жонка спрабавала перадаць мне лекі, але доктарка сказала, што дапамагчы нічым не можа і адмовілася іх прыняць. Неяк я знаходзіўся тады ў ленінскім пакоі, калі зайшоў дзяжурны афіцэр. Пытаецца, чаму я не на працы. Адказваю, што я на бальнічным”, – успамінае Яўген. “Ну давай пройдзем у санчастку, разбярэмся, на якім ты бальнічным” – заявіў ён. Памералі тэмпературу, яна было крыху болей за 37 градусаў. Ну і адправілі зноў на працу цягаць металічныя трубы.
![]()
Палітвязень Яўген Бароўскі не атрымлівае лячэння ў калоніі
Тры тыдні Яўген Бароўскі хварэе, аднак нічога, акрамя "Ібупрафена", для лячэння яму не даюць.
"Паліце дрот, каб не было дыму"
У калоніі нейкі час напачатку Яўген працаваў падсобнікам на зварачным участку, цягаў розны метал, дапамагаў зваршчыкам. Затым яго перавялі на “паддоны”, а пазней ужо ён працаваў на спальванні ізаляцыі з меднага дроту, за што ім плацілі па некалькі рублёў на месяц.
“Памятаю, начальнік калоніі, які йшоў па тэрыторыі, заўважыў чорны дым ад ізаляцыі. За гэта на нас адразу склалі рапарты. Я пытаюся ў прапаршчыка: “Дык а як нам тады спальваць драты?” Той адказвае – паліце так, каб дыму не было.
На атаварку ў месяц мне, як “злосніку” і “экстрэмісту”, даваліся дзве базавыя, і зразумела, што гэтага не хапае ні на што. Ды яшчэ часта пазбаўлялі перадач. Ну але мы выручалі адзін аднаго, дзяліліся тым, што кожны меў з сабой”, – распавядае Яўген.
Да пачатку 2022 года ён яшчэ спадзяваўся, што можа выпусцяць на волю раней, а потым ужо нават і не заганяўся на гэтую тэму:
– Калі вызваляўся, то падумаў, што вось-вось павінна пачацца памілаванне. Ну так яно і здарылася, але не са мной. Думаю, што я б не падпісваўся на яго, бо тэрмін ужо прыходзіў да канца.
Яўген Бароўскі выйшаў на волю 15 чэрвеня 2024 года, цалкам адбыўшы свой тэрмін. Адразу пераехаў у іншы раён, дзе стаў на прафілактычны ўлік і напачатку яго амаль не чапалі. Але потым стаў на ўлік у Фрунзенскім РУУС і тут пачалося: “Чаму не працуеш?”
– Але куды пайсці, калі нідзе на працу не бяруць, такое вось замкнутае кола. Ды яшчэ выплочваць трэба больш за 20 тысяч рублёў за маральную шкоду пацярпелым АМАПаўцам.
Інспектар кажа: даю вам два тыдні і калі не знойдзеце працу, то давядзецца афармляць на 15 сутак. А як выйдзеце – то яшчэ 15 сутак.
Затым запрасілі на “гутарку” ў КДК, і я зразумеў, што жыцця тут не будзе. Прыняў рашэнне выехаць з Беларусі ў Польшу, нават з забаронай на выезд.
Было псіхалагічна цяжка. Напрыклад, праз некалькі дзён пасля вызвалення я напісаў аднаму добраму сябру. А той кажа, што нават у госці не прыходзь і забудзься на нас. Нам тваіх праблем не трэба, таму – прабач. І гэта было сапраўды цяжка. У некаторых момантах накрывала моцна і пасля ад’езду”, – рапавядае Яўген.
Сёння Яўген Бароўскі апынуўся ў матэрыяльна цяжкім, нават у адчайным становішчы. “Байсол” адкрыў для яго грашовы збор на першапачатковую арэнду жылля і цёплыя рэчы.