viasna on patreon

Рэпрэсіі, якія не ведаюць межаў: сярод палітзняволеных Беларусі – 36 замежнікаў

2025 2025-01-27T16:25:04+0300 2025-01-27T17:29:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zamezhniki_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле палітычных матываў рэжым Лукашэнкі пераследуе не толькі беларусаў, але і грамадзян іншых краін. Нядаўняй рэзананснай справай замежніка з'яўляецца пераслед грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, якому прызначылі расстрэл, а праз тыдзень яго памілавалі і вызвалілі па абмене. У канцы чэрвеня 2024 года ўкраінскім уладам удалося вызваліць пяць палітвязняў сваёй дзяржавы з беларускіх месцаў несвабоды. 26 студзеня стала вядома, што Беларусь вызваліла грамадзянку ЗША Анастасію Нуфер, якая была за кратамі ў нашай краіне, але падрабязнасці яе пераследу невядомыя. Пры гэтым, у беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Украіны, Японіі, Польшчы, Швецыі, ЗША, Расійскай Федэрацыі, Латвіі і Літвы, Арменіі, Казахстана і Узбекістана. Па звестках Праваабарончага цэнтра "Вясна", у беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 36 палітзняволеных замежных грамадзян. Агулам не меней за 75 замежнікаў зазналі палітычны пераслед у Беларусі пасля 2020 года. "Вясна" распавядае, за што ў Беларусі пераследуюць замежнікаў і ўзгадвае гісторыі некаторых з іх.

zamezhniki_2.jpg
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Паводле якіх артыкулаў пераследуюць замежнікаў у нашай краіне?

Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх пераследуюць замежнікаў, з'яўляюцца "агентурная дзейнасць" (арт. 358-1) і "шпіянаж" (арт. 358). У Беларусі з 2020 года паводле гэтых артыкулаў асудзілі не меней за 23 грамадзян іншых дзяржаў. Сярод іх — асуджаны да 12 гадоў зняволення за "шпіянаж" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр, якога пасля этапу па прысуду знайшлі памерлым у калоніі № 15.

shlethauer.jpg
Дзмітрый Шлетгаўэр

Паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе асудзілі не менш за 19 замежнікаў. Сярод іх — грамадзянін Расіі Аляксандр Геджадзэ. Гэта адзіны палітвязень, якога ў судовым парадку перавялі ў Расію адбываць свой тэрмін.

Паводле дыфамацыйных артыкулаў — арт. 368 (абраза Лукашэнкі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожнасці, 367 (паклёп на Лукашэнку) КК — асудзілі не меней за 35 грамадзян іншых дзяржаў.

Паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акты тэрарызму) ў Беларусі асудзілі сем замежнікаў. Гэта грамадзяне Расійскай Федэрацыі Аляксей Кулікоў, Андрэй Паднябенны, украінцы Мікалай Швец, Сяргей і Павел КабарчукіІван Ліхалат, немец Рыка Крыгер.

71 асуджаны за "тэрарызм" у Беларусі: ад жанчын да замежнікаў

З іх налічваецца восем жанчын, сем — замежных грамадзян, дзевяць — асуджаных завочна.

Таксама ў Беларусі выкарыстоўваецца завочнае асуджэнне замежнікаў. Так, 4 кастрычніка 2024 года завочна прызначылі 25 гадоў калоніі Мікалаю Швецу па "справе дыверсіі ў Мачулішчах".

За кратамі ўтрымліваецца беларус, які мае амерыканскае грамадзянства

zyan-q8xtt.jpeg
Юрый Зянковіч у прапагандысцкім фільме

26 студзеня стала вядома, што Беларусь вызваліла грамадзянку ЗША Анастасію Нуфер, якая была за кратамі ў нашай краіне, але падрабязнасці невядомыя.

З красавіка 2021 года за кратамі ўтрымліваецца юрыст і палітолаг Юрый Зянковіч. Ён беларус, але мае грамадзянства ЗША. Па "справе змоўшчыкаў" Юрыю прызначылі 11 гадоў калоніі і адправілі ў бабруйскую калонію адбываць тэрмін. У калоніі яго асудзілі яшчэ паводле двух крымінальных справаў.

З канца лета 2024 г. Юрый знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Апошні год яго ўтрымлівалі ў турме ў Магілёве, там яму не дазвалялі атрымліваць ніякіх перадач, таксама яму нельга было мець грошы на рахунку для набыцця прадуктаў. Вядома, што на Юрыя цісне адміністрацыя, ён не выходзіць з ШІЗА, аб'яўляў некалькі разоў галадоўкі. Мог мець зносіны толькі са святаром, адваката з сакавіка 2024 года таксама да яго не дапускалі.

У Юрыя вялікія праблемы са здароўем, гэта ціск, ад якога трэба пастаянна прымаць лекі. Таксама ў палітвязня анемія і авітаміноз, вялікая страта ў вазе ад знясілення, аблазіць скура праз недахоп вітамінаў, ён вельмі бледны, і мае нездаровы выгляд.

У студзені 2025 года прапаганда паказала палітвязня Юрася Зянковіча, не згадаўшы, што ён асуджаны. У 20-хвілінным роліку паказалі беларускага палітыка і амэрыканскага адваката Юрася Зянковіча. Яго таксама распытвалі пра "Радыё Свабода". Адказу на пытанне, які цяпер статус у Зянковіча, у сюжэце АНТ няма. Ён быў прадстаўлены, як амерыканскі адвакат, палітолаг і экспэрт.

13 украінцаў асудзілі за "шпіянаж" і "агентурную дзейнасць"

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі некалькі грамадзян Украіны. Сярод іх – Міхаіл Феранец, Раман Гузінскі, Ірына КовальАксана Лакоза. Пасля адбыцця пакарання іх дэпартавалі ў трэція краіны.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі. На памежных пунктах іх дасканала дапытвалі, а некаторых не ўпускалі ў краіну без тлумачэнняў прычын. У Беларусі пачалі затрымліваць грамадзян Украіны за "агентурную дзейнасць", "шпіянаж" і "спробы дыверсій". Іх падазраюць у супрацы з украінскімі спецслужбамі. Так, за "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) і "шпіянаж" (арт. 358 КК) асудзілі мінімум 13 грамадзян УкраіныСяргея БойкуЛюдмілу ГанчарэнкуМіхаіла СталярчукаДзмітрыя ГудзікаПаўла КупрыенкуАндрэя ШмаяНаталлю Захаранку, Арцёма МакавеяСяргея і Паўла Кабарчукоў, Мікалая Швеца, Івана Ліхалата, Вячаслава Бародзія.

28 чэрвеня 2024 года з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній і ізалятара пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі апынуліся Наталля ЗахаранкаПавел КупрыенкаЛюдміла ГанчарэнкаКацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец

Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене. Распавядаем, што вядома пра іх

"Вясна" распавядае пра вызваленых палітвязняў.

Напрыканцы сакавіка 2024 года паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса да пяці гадоў калоніі асудзілі ўкраінца Аляксандра Катовіча. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі). Тэрмін Аляксандр адбывае ў шклоўскай калоніі.

Грамадзянка Літвы асуджаная да шасці гадоў калоніі 

Алена Раманаўскене
Алена Раманаўскене на судзе

У Мінскім гарадскім судзе 11 чэрвеня 2023 года загадчыцу маркетынгавай службы санаторыя "Беларусь" Алену Романаўскіене асудзілі да шасці гадоў калоніі за "агентурную дзейнасць". Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як пісалі дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына "неаднаразова падавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў". Паведамляецца, што яе нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы больш за 10 гадоў таму. Алена адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.

Чатыры грамадзяніна Латвіі ўтрымліваюцца за кратамі

У кастрычніку 2023 года асудзілі 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку. Яе абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" паводле арт. 358-1 КК. Справу ў закрытым рэжыме разглядала Анастасія Папко. Ёй прызначылі пазбаўленне волі, але дакладны тэрмін невядомы.

У прапагандысцкім фільме, дзе паказвалася і затрыманне жанчыны, паведамлялася, што "Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі".

Жанчына адбывае свой тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.

У "спісе экстрэмістаў" таксама адзначаецца, што ў Беларусі быў асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзмітрый Сіўко. У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля яго асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.

У снежні 2022 года да чатырох гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Латвіі Дмітрыйса Міхайлаўса. Яго абвінавацілі ў "закліках у сацыяльных сетках да мераў абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі"(ч. 3 арт. 361), "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 2 арт. 130), "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369) і "абразе Лукашэнкі" (ч. 1 і ч.2 арт. 368). Вядома, што Дмітрыйса на месяц змяшчалі ў закрытую псіхіятрычную клініку дзеля правядзення экспертызы. На суд не пусцілі прадстаўнікоў амбасады. У сакавіку 2023 г. стала вядома, што палітвязня этапавалі ў ПК № 3 у Віцьбе.

У жніўні 2024 года быў затрыманы грамадзянін Латвіі Юрыйс Ганінс. Яго пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе 12 лістапада 2024 году. Мужчыну абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК). Юрыйсу пагражала да дзесяці гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Вынік суда праваабаронцам невядомы.

За кратамі чакае суда меркаваны заснавальнік дабрачыннага фонду 

Са студзеня 2024-га году ў зняволенні ўтрымліваецца грамадзянін Эстоніі Алан Роя. 16 студзеня мінулага году КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні "экстрэмісцкім фармаваннем" фонду "Fund of Belarus Friend LTD". У рашэнні ведамства былі пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да фонду, сярод якіх — эстонец Алан Роя.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Алану інкрымінавана ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім). Мужчына ўтрымліваецца ў мінскім СІЗА.

Расейцы, асуджаныя да вялікіх тэрмінаў

sapeha_sofia.jpeg
Соф'я Сапега на судзе

Адным з самых гучных справаў пераследу грамадзянкі Расіі быў кейс Сафіі Сапегі, якую затрымалі з Раманам Пратасевічам у выніку пасадкі Ryanair у 2021 годзе. За адміністраванне праекта "Чорнай кнігі Беларусі" яе асудзілі да шасці гадоў калоніі. 7 чэрвеня 2023 г. Сафія была вызвалена па памілаванні.

Па "справе Ціханоўскага" да 16 гадоў калоніі быў асуджаны грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў. Яго абвінавацілі ў мадэрацыі сацыяльных сетак "Краіны для жыцця" і асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку 2022 г. стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым.

Першым асуджаным грамадзянінам замежнай дзяржавы за "акт тэрарызму" стаў Андрэй Паднябенны. Ён мае расійскае грамадзянства, але з шасці гадоў жыве ў Беларусі і мае від на жыхарства. У чэрвені 2022 года яму прызначылі 15 гадоў калоніі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле дзвюх частак арт. 289 Крымінальнага кодэкса. 

Таксама па "справе Ціханоўскага" быў асуджаны грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Новікаў. Ён цалкам адбыў тэрмін і 31 кастрычніка 2022 г. выйшаў на волю. Мужчыну адразу дэпартавалі ў Расію і перадалі ФСБ.

У Мінску да 11 гадоў калоніі асудзілі 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава. Хлопец затрымалі за тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Пасля затрымання ён сутыкнуўся з катаваннямі. Летам 2022 года яго перавялі з бабруйскай калоніі на турэмны рэжым. 

Ягор Дуднікаў на судзе 20 снежня. Фота
Ягор Дуднікаў на судзе. Фота "Белта"

У ваўкавыскай калоніі ўтрымліваецца асуджаны да дзевяці гадоў калоніі, збіты падчас жнівеньскіх пратэстаў, грамадзянін Расіі Максім Матырка.

Па "справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне" 11 красавіка 2024 года да 23 гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Расіі Аляксея КуліковаПа версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску.

У 2022 годзе за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) да 13 гадоў зняволення асудзілі 59-гадовага Сяргея Ботвіча

У чэрвені 2024 года да шасці гадоў калоніі асудзілі супрацоўніка стаматалагічнай паліклінікі і грамадзяніна Расіі Эдуарда КашэцянаЯго затрымалі ў верасні 2023-га за чат, у якім яны з сябрамі абмяркоўвалі розныя падзеі. Эдуарда абвінавацілі ў «распальванні варажнечы групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК), «рэабілітацыі нацызма, здзейсненая групай асобаў або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130-1 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Свой тэрмін мужчына адбывае ў магілёўскай калоніі № 15.

Чатыры грамадзяна Польшчы ўтрымліваюцца за кратамі ў Беларусі

На дадзены момант праваабаронцам вядома пра трох асуджаных па палітычных артыкулах грамадзян Польшчы, яшчэ адзін утрымліваецца пад вартай.

З ліпеня 2022 года за кратамі ўтрымліваецца ўраджэнец Жабінкі Раман Галуза, які мае польскае грамадзянства.

Вясной 2023 года за "агентурную дзейнасць" да чатырох гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Ежы ЖывалеўскагаЯму быў інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Ежы адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.

zhyvalevski01.png
Ежы Жывалеўскі ў фільме БТ

У красавіку 2023 года 54-гадовага грамадзіна Польшчы Роберта Тампалу асудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады). Тэрмін мужчына адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.

Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Яму прызначылі 14 гадоў калоніі.

Прапагандысты ў фільме "Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі" паказалі напрыканцы 2024-га года паказалі ў канцы 2024-га года яго затрыманне і распавялі падрабязнасці пераследу.

У эфіры БТ паказалі фільм пра палітвязняў палякаў і былога вайскоўца, асуджанага за "здраду дзяржаве"

На дзяржтэлеканале "Беларусь 1" 3 снежня прапагандысты апублікавалі фільм "Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі". 

Грамадзяне Японіі

Наканісі Масатосі

На дадзены момант за кратамі паводле палітычных матываў утрымліваюцца два грамадзяніна Японіі. Іх абодвух затрымалі за здымку чыгункі і абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці". Інфармацыі пра абставіны іх пераслед бракуе. Пра афіцыйнае абвінавачванне выкладчыку Наканісі Масатосі, над якім ідзе закрыты суд, паведамляла толькі дзяржаўнае тэлебачанне. Наканісі затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 года, але падрабязнасці яго пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына нібыта «ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару». Цяпер яго абвінавачваюць паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Грамадзяніну Японіі пагражае да сямі гадоў калоніі.

Прозвішча другога затрыманага японца пакуль невядомае.

Сфабрыкаваныя пераклады і ілжывыя абвінавачванні. Што пішуць японскія СМІ пра затрыманых грамадзян у Беларусі

"Вясна" папрасіла адваката Кена Сібата з Японіі распавесці, што пішуць пра затрыманых японскія выданні.

Беларуска, якая мае шведскае грамадзянства

Галіна Краснянская. Фота з сацыяльных сетак.

68-гадовую Галіну Краснянскую затрымалі ў Беларусі па вяртанні са Швецыі. Яе асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-3 КК (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях) за ахвяраванні беларускім вайсковым фармаванням, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі.

Вядома, што Галіна доўгі час жыла ў Швецыі, была адной з заснавальніц афіцыйнай суполкі беларускай дыяспары, актыўна ўдзельнічала ў яе жыцці. Жанчына мае шведскае грамадзянства. Пры гэтым перыядычна вярталася ў Беларусь да сваякоў. У адзін з такіх прыездаў, імаверна вясной 2023 года, яе затрымалі ў Мінску.

12 студзеня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе Краснянскай быў вынесены прысуд – пяць гадоў пазбаўлення волі. Жанчына адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.

Грамадзяніна Арменіі асудзілі да двух гадоў калоніі

У жніўні 2024 года да двух гадоў калоніі за "абразу Лукашэнкі" асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса 50-гадовага жыхара Віцебска і грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна.

Паводле версіі абвінавачвання, ён на падпітку, знаходзячыся ў службовым аўтамабілі ў прысутнасці супрацоўнікаў аддзела Дэпартамента аховы, неаднаразова негатыўна і абразліва выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі. 4 кастрычніка 2024 года яго ўнеслі ў "спіс экстрэмістаў".

Грамадзяне Узбекістана асуджаныя па пратэсных артыкулах

У "спісе экстрэмістаў" значыцца асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) 62-гадовы грамадзянін Рэспублікі Узбекістан Ільдар Таўхітаў. Па стане на жнівень 2023 года было пазначана, што ён адбывае пакаранне.

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2022 годзе асудзілі грамадзяніна Узбекістана Віктара Новіка з жонкай Вольгай. Суд Ленінскага раёна прызнаў іх вінаванымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Асуджаны за каментары грамадзянін Казахстана

У наваполацкай калоніі № 1 адбывае тэрмін жыхар Петрыкава, які мае грамадзянства Казахстана, Віталь Скударнаў. 11 лютага 2022 года яго асудзілі ў Гомелі паводле арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Меркавана, яго асудзілі за каментары. Тэрмін невядомы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства