viasna on patreon

Падкантрольныя выбары*2025: асноўныя падзеі дня Дапоўнена

2025 2025-01-26T11:27:53+0300 2025-01-27T10:23:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary_2025_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 26 студзеня, праходзіць асноўны дзень галасавання на цалкам кантраляваных уладамі выбарах* 2025. Сёмая прэзідэнцкая кампанія праходзіць ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій, а таксама зачышчанага палітычнага і інфармацыйнага поля. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць асноўны дзень галасавання. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Паведаміць праваабаронцам аб парушэннях падчас выбараў* можна праз Google форму

 Лукашэнку напісалі 86,82%

ЦВК агучыў папярэднія вынікі галасавання: варыянту «супраць усіх» далі 3,6%, Сяргею Сыранкову — 3,21%, Алегу Гайдукевічу — 2,02%, Ганне Канапацкай — 1,86%, Аляксандру Хіжняку —1,74%.


Кубракоў пахваліўся, што такіх спакойных выбараў ніколі не было

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што парушэнняў грамадскага парадку ў месцах правядзення выбарчай кампаніі не зафіксавана.

"Хачу падзякаваць суайчыннікаў за правапаслухмяныя паводзіны. Нягледзячы на тое, што з-за мяжы спрабуюць сказіць сітуацыю — такіх спакойных выбараў, выбарчых кампаній у нас яшчэ не было!" — адрапартаваў ён.

"На сёння абстаноўка кантраляваная, якіх-небудзь інцыдэнтаў мы не чакаем", — дадаў ён.

За некалькі месяцаў перад гэтымі выбарамі прайшло некалькі хваляў затрыманняў па ўсёй краіне, піша "Наша Ніва". Людзям давалі на подпіс паперу, што яны абавязуюцца не ўдзельнічаць у «экстрэмісцкай дзейнасці». На выхадныя пагоршылася праца інтэрнэту і доступ да ВПН-сэрвісаў. На тры дні абмежавалі доступ з-за мяжы да беларускіх сайтаў. А на Гомельшчыне адключылі на тры дні экраны ў грамадскіх месцах.


Праз 12 хвілін пасля закрыцця ўчасткаў сталі вядомыя вынікі праўладнага экзітпола

Праўладны экзітпол напісаў Лукашэнку 87,6% галасоў. Паводле даных экзітпола, за Алега Гайдукевіча прагаласавалі 1,8% апытаных; за Ганну Канапацкую — 1,6 %. Сяргей Сыранкоў набраў 2,7% галасоў апытаных выбаршчыкаў, Аляксандр Хіжняк — 1,2 %. Яшчэ 5,1 % апытаных прагаласавалі супраць усіх.

Паводле апошняй справаздачы ЦВК, у 18.00 на выбарах* прагаласавалі ўжо 81,50% выбаршчыкаў:

  • Магілёўская вобласць — 89,05%
  • Гомельская вобласць — 86,69%
  • Брэсцкая вобласць — 86,42%
  • Гродзенская вобласць — 83,53%
  • Мінская вобласць — 83,12%
  • Віцебская вобласць — 80,94%
  • Мінск — 66,83%

Усяго працавалі 5325 участкаў для галасавання. За выбарамі* ў Беларусі назіралі 486 замежных (міжнародных) назіральнікаў з 52 краін свету і 44361 нацыянальны назіральнік. Таксама ў краіне працаваў 331 замежны журналіст з 23 краін.


У Мінску заведзена каля 10 адміністратыўных справаў за здымку запоўненага бюлетэня

Пра гэта распавёў старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі Аляксандр Шчаковіч.

"Калі сям'я фатаграфуе адзін аднаго, мы загадзя просім перавярнуць бюлетэнь, каб яны не траплялі ў катэгорыю парушальнікаў. Але ва ўсіх зафіксаваных выпадках фотафіксацыя адбывалася не выпадкова. Гэта рабілася наўмысна", — распавёў ён.

Раней прадзяржаўныя медыя паведамлялі, што за такое парушэнне прадугледжаная адказнасць у выглядзе штрафу да 15 базавых велічынь.


Прапагандысты спрабуюць якасна ацаніць выбары*, цытуючы "італьянскага журналіста" 

Прадзяржаўныя СМІ спрабуюць даць якасную ацэнку выбарам* словамі міжнародных журналістаў. Напрыклад, яны пішуць, што журналіст з Італіі Андрэа Лучыдзі хваліць добрыя ўмовы для працы СМІ. Таксама ён нібыта робіць матэрыялы пра галасаванне і гутарыць з людзьмі, якія кажуць, што выбары праходзяць без парушэнняў.

Аднак БАЖ яшчэ ў кастрычніку 2024 году распавядаў, што Андрэа Лучыдзі сёння мае пасрэднае дачыненне да Італіі. Профіль карэспандэнта — стварэнне кантэнту ў аўтарытарных краінах. У яго сацсетках сумеснае фота з адыёзнымі дзеячамі Расіі, фатаграфіі з акупаваных рэгіёнаў Украіны і Грузіі, з Венесуэлы, Лівіі, Сірыі. Сваіх прыхільнасцяў карэспандэнт не хавае: адкрыта носіць Z-сімволіку расейскай вайны ва Украіне і патч з надпісам "Агент Крамля". З 2022 года пражывае ў акупаваным Луганску.


Сакратарка ЦВК распавяла аб спробах "сацыяльнага шантажу" на выбарах*

Алена Балдоўская распавялапра звароты людзей, якія тычыліся галасавання.

"Калі людзі казалі: я на выбары не пайду, бо ўлада не выконвае нейкія мае патрабаванні. Але такія звароты тычыліся нейкай сацыяльна-бытавой праблематыкі, чым арганізацыі працэсу галасавання", — сказала яна.


У Лоеве адзін чалавек прагаласаваў на двух участках

Гэта заўважыла "Радыё Свабода". У Лоеве адна і тая ж жанчына трапіла на здымкі, зробленыя ля скрыняў для галасавання на розных выбарчых участках. Публікацыі разьмясціла выданне "Лоеўскі край". 

Журналісты заўважаюць, што рэпартажы апублікаваныя з розніцай у паўтары гадзіны (у 10.04 і ў 12.20). Першы — з гарадскога цэнтру культуры, другі — з будынку сярэдняй школы № 2 імя Казлова. Паміж будынкамі каля 2 кіламэтраў, гэтую адлегласць можна пераадолець пешшу прыкладна за паўгадзіны.


Федарацыя прафсаюзаў паведаміла пра экзітпол

Федэрацыя прафсаюзаў справаздачылася пра тое, што экзітпол праводзіцца на 320 участках па ўсёй краіне. Гэта даследванне, пры якім апытваюцца грамадзяне, якія выходзяць з выбарчых участкаў пасля галасавання. У Беларусі на выбарах* у 2025 годзе гэтым займаюцца прадстаўнікі Беларускага камітэта моладзевых арганізацый.

Паводле ЦВК, апытанне праводзяць каля тысячы інтэрв'юераў.


ЦВК справаздачыцца пра парушэнні

Сакратарка ЦВК Алена Балдоўская сцвярджае, што на 14.00 двойчы бюлетэнь вынеслі за межы памяшкання для галасавання. Апроч таго, 34 разы на ўчастках заўважылі, як запоўнены бюлетэнь фатаграфавалі ці здымалі — нагадаем, у гэтым годзе амаль ва ўсіх участках вісяць аб'явы пра забарону здымак. 


ЦВК Беларусі ў 13:36 заявіў, што выбары Прэзідэнта Беларусі адбыліся

Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, выбары лічацца адбыўшыміся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах.

Так, ЦВК сцвярджае, што па стане на 13.00 на выбарах* прагаласавалі ўжо 56,64% выбаршчыкаў:

  • Гомельская вобласць — 62,84%
  • Брэсцкая вобласць — 61,34%
  • Магілёўская вобласць — 58,71%
  • Гродзенская вобласць — 54,96%
  • Віцебская вобласць — 54,40%
  • Мінская вобласць — 54,27%
  • Мінск — 51,29%

Сярод тых, хто прагаласаваў, — 69 грамадзян, што жывуць за мяжой. Большасць з іх — з Расеі. Таксама ЦВК справаздачыцца, што ў галасаванні бралі ўдзел беларусы Польшчы, Германіі, ЗША і Францыі. 

На 16.00, паводле ЦВК, яўка склала ўжо нібыта 75,49%. Сярод іх ужо — нібыта 97 грамадзян Беларусі, якія жывуць за мяжой.

  • Магілёўская вобласць — 83,12%
  • Гомельская вобласць — 80,91%
  • Брэсцкая вобласць — 80,88%
  • Мінская вобласць — 76,50%
  • Гродзенская вобласць — 75,18%
  • Віцебская вобласць — 74,31%
  • Мінск — 62,48%

Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак са сваім сабакам і адказаў на пытанні журналістаў

На пытанне, за каго ён прагаласаваў, Лукашэнка адказаў, што "аддаў голас за ўсіх". Ён раскрыў таямніцу галасавання і прызнаўся, што сапсаваў бюлетэнь. Потым кандыдат Лукашэнка даў вялікую прэс-канферэнцыю на некалькі гадзін, дзе прысутнічалі, у тым ліку журналісты вядомых замежных медыя. Трансляцыя вялася на прэзідэнцкім медыя-партале. Так, падчас прэс-канфэрэнцыі журналіст BBC Стыў Ротэнбэрг спытаў Лукашэнку, чаму той не адпусціць палітвязняў Марыю Калеснікаву і Сяргея Ціханоўскага:

"Турма гэта для тых, хто парушыў закон. Што, у Англіі ці ЗША няма турмаў? Хто парушыў закон, будзе сядзець, але нават там мы ім рот не закрываем. Марыя Калеснікава і іншыя, пра каго ты гаворыш. У Марыі Калеснікавай усё нармальна са здароўем. Яе паказалі народу. Не перабірай, Стыў, у любой дзяржава трэба несці адказнасць. Тыя, пра каго ты клапоцісся, па-мойму, не вельмі хочуць на свабоду", — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста.

Таксама Лукашэнка заклікаў не звяртаць увагі на рэакцыю заходніх краін, якія не прызнаюць выбараўу Беларусі: "Мне фіялетава, прызнаеце вы нашыя выбары ці не".

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў журналісту Стывену Розенбергу "з'ездзіць і паглядзець на Марыю Калеснікаву":

"Ты скажы, калі гэтага хочаш. Мы будзем думаць, як паступіць. З'ездзі, паглядзі. < ... > Задай ёй пытанне: "Марына, ты чаго тут сядзіш?" І яна табе павінна адказаць".


ЦВК заявіў, што ў Беларусі забяспечаны грамадскі парадак і бяспеку на ўчастках для галасавання

У чарговы раз Цэнтрвыбаркам нагадаў пра меры бяспекі на ўчастках для галасавання. Паводле іх, супрацоўнікі міліцыі знаходзяцца паблізу памяшканняў для галасавання "ў гатоўнасці зрэагаваць і аказаць камісіям неабходнае садзейнічанне ў падтрыманні парадку". 

"Прыняты меры па забеспячэнні бяспекі саміх членаў выбарчых камісій, а таксама пры працэдуры галасавання асобных катэгорый грамадзян па месцы жыхарства. У сваю чаргу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі забяспечваюць пастаянны кантроль дарожнай бяспекі паблізу выбарчых участкаў", — піша ЦВК.


ЦВК: У Брэсцкай і Гомельскай вобласці выбары ўжо адбыліся

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што па стане на 10.00 на выбарах у Беларусі прагаласавалі 47,56% выбарнікаў. У Брэсцкай і Гомельскай вобласці выбары ўжо адбыліся — там прагаласавалі больш за 50% выбарнікаў, сказаў ён падчас прэс-канфэрэнцыі. У іншых рэгіёнах, а таксама ў Мbнску выбары пакуль яшчэ не адбыліся.


Праваабаронцы паведамілі пра шэраг парушэння на этапе агітацыі

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" выдала аналітычную справаздачу па выніках назірання за перадвыбарчай агітацыяй. Яе асноўныя высновы:

  • Поўнасцю кантралюемыя ўладамі выбары*2025, уключаючы этап агітацыі, праходзяць у рэпрэсіўным клімаце, ва ўмовах зачышчанага палітычнага і інфармацыйнага поля;
  • Некаторыя выступы кандыдатаў (Гайдукевіч, Сыранкоў) змяшчалі прыкметы распальвання варожасці;
  • Большасць кандыдатаў не пазіцыянавалі сябе як рэальную альтэрнатыву Лукашэнку, а хутчэй агітавалі за яго, што добра адлюстравана ў заяве Сыранкова: «Не замест, а разам»;
  • У падтрымку Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і дзяржаўных СМІ;
  • Маштабная прапагандысцкая кампанія «Марафон адзінства», забяспечаная дзяржфінансаваннем (сума выдаткаў ацэньваецца ў больш за 3,5 млн рублёў), фактычна была перадвыбарнай кампаніяй Лукашэнкі.

Падрабязнасці


На "малой радзіме" Лукашэнкі датэрмінова прагаласавалі 75% выбарнікаў

Дзяржаўныя медыя сцвярджаюць, што ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну, на «малой радзіме» Лукашэнкі, датэрмінова прагаласавалі 75% выбарнікаў. Агулам на ўчастку зарэгістравана 400 чалавек


Дзяржаўныя медыя ў асноўны дзень галасавання праводзяць агітацыю за Лукашэнку, якая сёння забаронена

Агенцыя "Мінск-Навіны" падрыхтавала вялікі артыкул "Беларусы сёмы раз выбіраюць прэзідэнта. Успамінаем усе выбарчыя кампаніі найноўшай гісторыі". Ён аздоблены толькі фотаздымкамі Аляксандра Лукашэнкі, а сам матэрыял пабудаваны на яго ўсхваленні.

Таксама, як заўважыў "Флагшток, гомельскія прапагандысты выдумалі подзвіг Лукашэнкі. "Гомельская праўда" праводзіць выставу дасягненняў Лукашэнкі: паказвае "жахі", якія пануюць у Беларусі да яго прыходу. Але галоўны здымак выставы з чаргой па хлеб прапагандысты ўзялі не з Гомельскай вобласці і нават не з Беларусі, а з расейскага горада Пераяслаў-Залескі.


У асноўны дзень галасавання міліцыя нагадала пра мноства абмежаванняў

Паводле начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Аляксандра Купчэні, асабовы склад органаў унутраных спраў 20–27 студзеня нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме. Купчэня нагадаў пра забарону на фатаграфаванне бюлетэняў, а таксама папярэдзіў аб адказнасці за заклік і ”ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах”.

У суправаджальным тэксце да відэакаментарыю прэс-служба МУС напісала, што забаронена праносіць на ўчасткі "агнястрэльную, халодную, газавую зброю, таксічныя і выбуховыя рэчывы, боепрыпасы, піратэхнічныя вырабы".

Акрамя таго, нельга "выносіць выдадзены бюлетэнь па-за межы памяшкання для галасавання, а таксама ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня, умешвацца і ствараць перашкоды для працы камісіі".

Апошні дзень датэрміновага галасавання: праблемы з інтэрнэтам і справаздачы прапагандыстаў

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, як праходзіць пяты дзень датэрміновага галасавання. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства