viasna on patreon

СНС і абноўленая пастанова Саўміна: фактычна без зменаў, але з новымі рызыкамі для сем'яў

2025 2025-01-24T13:44:00+0300 2025-01-25T10:16:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sop_kalazh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У пачатку студзеня Нацыянальны прававы партал апублікаваў абноўленую пастанову Савета міністраў "Аб прызнанні дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне". Цяпер улады могуць даваць статус СНС дзецям, чыіх бацькоў судзілі паводле такіх адміністрацыйных палітычных артыкулаў, як "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) або "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП).

Разбіраемся з юрысткай "Вясны" Святланай Галаўнёвай, ці сапраўды ў новай пастанове ёсць прынцыпова новыя змены, як дакумент суадносіцца з Канвенцыяй аб правах дзяцей і ў якіх выпадках дапушчальна раз'ядноўваць дзяцей з бацькамі.

sop_kalazh.jpg

Сацыяльна небяспечнае становішча – гэта абставіны, пры якіх не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці (дзяцей), не забяспечваецца нагляд за яго паводзінамі ды ладам жыцця, бацькі (бацька), іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у выхаванні ды ўтрыманні дзіцяці (дзяцей), вядуць амаральны лад жыцця, што аказвае шкоднае ўздзеянне на дзіця (дзяцей), злоўжываюць сваімі правамі і (або) жорстка абыходзяцца з ім, пакутуюць хранічным алкагалізмам або наркаманіяй альбо іншым чынам не належна выконваюць свае абавязкі па выхаванню і ўтрыманню, у сувязі з чым мае месца небяспека для яго жыцця або здароўя.

Каго паставілі або пагражалі паставіць на ўлік СНС праз палітычны пераслед

Праваабаронцам вядомыя выпадкі пастаноўкі на ўлік СНС беларусаў, што палітычна пераследваліся, яшчэ да прыняцця пастановы.

У сакавіку 2021 года ў Мядзелі на Дзень Волі затрымалі мясцовую жыхарку Таццяну. У яе ў руках былі шарыкі белага і чырвонага колераў. Жанчыну асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула, звольнілі з працы і паставілі на ўлік СНС.


iryna-suryhina_1.jpg

Шматдзетную жыхарку Бабруйска Ірыну Сурыгіну ў 2021 годзе затрымлівалі мінімум тройчы. Ей прызначалі адміністрацыйны арышт і больш чым 10 000 рублёў штрафаў за ўдзел у акцыях пратэстаў (арт. 24.23 КаАП). А пасля аднаго з судоў сям'і жанчыны далі статус сацыяльна небяспечнай. Міліцыянты пагражалі дзецям бабруйчанкі, што пасадзяць Ірыну за краты, а іх забяруць у прытулак. У красавіку 2024 года стала вядома, што 39-гадовая Ірына памерла.


halina-budai_1.jpg

Палітвязня Андрэя Будая ў верасні 2022 года асудзілі паводле гучнай справы ініцыятывы "Буслы ляцяць" на 15 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Пасля гэтага яго жонку Галіну Будай і траіх дзяцей прызналі сям'ёй, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яны былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Пра гэта Галіна распавядала "Медыязоне".


Елена Мовшук с дочерью Юлией. Фото из семейного архива
Алена Маўшук з дачкой Юліяй. Фота з сямейнага архіва

У 2022 годзе стала вядома, што палітзняволеную з Пінска Алену Маўшук, асуджаную ў 2021 годзе паводле абвінавачвання ў "масавых беспарадках" (арт. 293 КК) на шэсць гадоў калоніі, ужо ў калоніі пазбавілі бацькоўскіх правоў.


alena-lazarczyk-z-dziciom_1.jpg
Алена Лазарчык з сынам

Пасля выбараў 2020 года шырокі рэзананс атрымала гісторыя, калі сына палітзняволенай актывісткі "Еўрапейскай Беларусі" Алены Лазарчык на некалькі дзён забралі ў прытулак. Актывістку затрымалі днём 17 верасня 2020 года, калі яе сын Арцём быў у школе. Калі ўвечары жанчыну адпусцілі, яна даведалася, што педагогі выклікалі органы апекі, якія забралі хлопчыка ў прытулак Фрунзенскага раёна Мінска.

Праз два дні ў прытулак прыйшлі сотні людзей і вырашылі падтрымаць жанчыну. У выніку Алена вярнула сына.

Ці змянілася нешта істотна ў Пастанове

Як адзначае юрыстка, "распаўсюджванне экстрэмізму" з'явілася ў вызначэнні СНС яшчэ да прыняцця новай пастановы. А асноўныя змены закранулі працэдуры адабрання дзяцей з сям'і.

"Насамрэч ва ўмовах сацыяльна небяспечнага становішча (СНС) згадванне распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП) з'явілася ў канцы 2023 года. Новая пастанова Савета Міністраў у асноўным паўтарае існуючыя раней нормы адносна крытэрыяў і працэдуры прызнання таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Раней працэдура рэгулявалася Дэкрэтам прэзідэнта ад 24 лістапада 2006 г. № 18. У 2024 былі ўнесеныя дапаўненні ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і, нормы аб адабранні дзіцяці з сям'і перавандравалі з Дэкрэта ў кодэкс, і, адпаведна, Дэкрэт страціў моц. Пастанова Савета Міністраў прынята ў развіццё аднаго з артыкулаў Кодэкса аб шлюбе і сям'і, што тады з'явіліся, яны рэгулююць працэдуру адабрання дзіцяці з сям'і. Атрымліваецца, пастанова аб'ядноўвае нормы аб СНС, якія раней былі ўрэгуляваныя падобнай пастановай, і нормы аб адабранні дзіцяці з сям'і, якія раней былі ўрэгуляваныя толькі на ўзроўні дэкрэта і затым кодэкса", – тлумачыць Святлана.

Прыярытэт правоў дзіцяці і права дзіцяці быць у сям'і

Асноўны прынцып Канвенцыі аб правах дзіцяці (арт. 9) – дзіця не павінна быць раз'яднанае з бацькамі, калі гэта не ў яго найлепшых інтарэсах. Дзяржава мусіць забяспечваць падтрымку сям'і, а не выкарыстоўваць фармальныя падставы для ўмяшання.

"Аднак новыя правілы дапускаюць прызнанне дзіцяці, якое знаходзіцца ў СНС праз адміністрацыйныя правапарушэнні бацькоў, уключна з палітычна матываванымі абвінавачваннямі. Гэта стварае рызыкі для сем'яў, дзе бацькі ўдзельнічаюць у грамадскай або грамадзянскай дзейнасці, але не ствараюць рэальнай пагрозы дзіцяці. Такім чынам, дзяржава можа выкарыстоўваць і выкарыстоўвае СНС як інструмент ціску на бацькоў".

СНС азначае, што сям'і павінны дапамагаць, а не наглядаць

Статус СНС мусіць даваць сям'і магчымасць атрымліваць падтрымку для паляпшэння ўмоў жыцця і дапамогі ў вырашэнні розных бытавых і сацыяльных пытанняў, такіх як вучоба, бытавыя пытанні, праца і псіхалагічная падтрымка.

"СНС азначае толькі рэалізацыю органамі апекі ў дачыненні да сям'і шэрагу мерапрыемстваў па ліквідацыі прычын і ўмоў, якія прывялі да стварэння неспрыяльных для дзяцей абставін. Гэтыя мерапрыемствы могуць уключаць: аказанне сям'і дапамогі да навучальнага года, дапамога ў вырашэнні бытавых і жыллёвых пытаннях, аказанне псіхалагічнай і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі сям'і, прызначэнне матэрыяльнай дапамогі, бязвыплатная дапамога ў выглядзе тавараў і паслуг, садзейнічанне бацькам у працаўладкаванні, прафесійнай падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі, арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Гэта значыць, у ідэале статус СНС павінен даваць сям'і магчымасць запытваць у раённага аддзела адукацыі і выканкама дадатковай падтрымкі сям'і", – каментуе Святлана Галаўнёва.

Адабранне дзіцяці – самая крайняя мера

Адабранне дзіцяці з яго сям'і мусіць адбывацца толькі ў самых крайніх выпадках, калі ёсць наўпроставая даказаная пагроза псіхічнаму або фізічнаму здароўю дзіцяці.

"Па-першае, дзіця мае права расці ў сям'і. Згодна з Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці (артыкул 9), дзіця не павінна раз'ядноўвацца з бацькамі, акрамя выпадкаў, калі гэта абсалютна неабходна для яго бяспекі і дабрабыту. Родная сям'я – гэта найлепшае асяроддзе для развіцця дзіцяці, і ўмяшанне дзяржавы павінна быць мінімальным.

Па-другое, адабранне можа нанесці дзіцяці больш шкоды, чым знаходжанне ў сям'і. Нават калі бацькі сутыкаюцца з цяжкасцямі, важна разумець, што само па сабе адабранне – гэта падзея для дзіцяці, якая траўмуе. Страта бацькоў, разрыў эмацыйных сувязяў і траплянне ў дзяржустанову або прыёмную сям'ю могуць прывесці да сур'ёзных псіхалагічных наступстваў".

Таму, перш за ўсё, дзяржава мусіць імкнуцца падтрымліваць сям'ю, а калі бацькі сутыкнуліся з праблемамі – прапаноўваць рэабілітацыйныя праграмы, сацыяльную дапамогу, кансультацыі псіхолагаў і педагогаў, адзначае юрыстка.

Рашэнне аб адабранні павінна грунтавацца на канкрэтных фактах, а не на здагадках або фармальных прыкметах адсутнасці дабрабыту. Умяшанне дапушчальнае толькі ў выпадку даказанай пагрозы – гвалту, жорсткага абыходжання, сістэматычнай пагарды базавымі патрэбамі дзіцяці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства