Новыя крымінальныя справы, відэа з палітвязнямі, памілаванні: агляд навінаў пра палітвязняў за студзень
Больш за чатыры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі сітуацыя ў краіне значна пагоршылася: сілавікі ладзяць "рэйды" па гарадах Беларусі, выклікаюць на размовы ў міліцыю, прэвентыўна затрымліваюць, у тым ліку і былых палітвязняў. Таксама праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя зняволеных за кратамі. Акрамя гэтага, за апошнія месяцы адбыліся ўжо некалькі хваляў масавых памілаванняў палітвязняў.
"Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.
Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 18 чалавекі. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1251 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што за мінулыя месяцы адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш за 21 палітвязня, у тым ліку Яўген Бабак, Рыгор Давыдаў.
За гэты час праваабаронцам стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах тром палітзняволеным:
- Мікалай Хіла — чатыры гады калоніі;
- Аляксандр Дарагакупец — пяць з паловай гадоў калоніі;
- Станіслаў Таспаеў — чатыры гады калоніі.
Новыя крымінальныя справы
У студзені праваабаронцы даведаліся пра новыя крымінальныя справы супраць шасці палітвязняў, якія раней ужо былі асуджаныя да пазбаўлення волі. Акрамя гэтага, стала вядома дата новага суда над фігурантам "справы Ціханоўскага" Уладзімірам Кнігай, які больш за год утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада.
Палітвязень Сяргей Франчук
У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 10 студзеня над палітвязнем адбыўся чарговы суд. На гэты раз яго абвінавачвалі ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Справу Сяргея разглядаў суддзя Андрэй Літвін. Вынік суда пакуль невядомы.
Нагадаем, Сяргей — стрыечны брат прадстаўніка АПК па абароне і нацбяспецы, былога намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.
Сяргея затрымалі 9 жніўня 2022 года. Летась яго двойчы запар асудзілі па крымінальных справах агулам да трох з паловай гадоў калоніі. Цяпер мужчына адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2.
Палітвязень Мікіта Емяльянаў, які больш за пяць гадоў знаходзіцца за кратамі
Актывіста анархічнага руху ўтрымліваюць у няволі з кастрычніка 2019 года — больш за пяць гадоў. У 2020-м яго асудзілі да сямі гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў, але апеляцыйны суд зменшыў тэрмін да чатырох гадоў. Пазней яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым, а таксама дадалі яшчэ два гады зняволення за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" (арт. 411 КК). Мікіту ў папраўчых установах месяцамі ўтрымлівалі ў ШІЗА, увесь час на яго аказваюць ціск.
А цяпер яго зноў судзяць паводле арт. 411 КК. Суд у Ленінскім раёне Гродна распачаўся 15 студзеня. Справу разглядае суддзя Кірыл Ефімовіч. Палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады пазбаўлення волі.
Палітвязень Міхаіл Лабань
Міхаіл — гаспадар ювелірнай майстэрні "Самародак", які займаўся вырабам упрыгожанняў для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў "паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 367 КК), абразе "Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК) і "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК).
У траўні 2022 года суддзя Віталь Лапко асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь. Тэрмін Міхаіл адбываў у івацэвіцкай калоніі № 22. Але ў траўні 2024 года яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
29 студзеня ў Віцебскім абласным судзе Міхаіла будуць судзіць за данаты паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Абашын.
Шматдзетная маці Юлія Лаптановіч
Палітзняволеная Юлія Лаптановіч утрымліваецца за кратамі больш за тры гады і тры месяцы. Напачатку студзеня да «хатняй хіміі» асудзілі яе маці — Таццяну Васільеву, а муж Юліі Ігар Лаптановіч у 2023 годзе цалкам адбыў пазбаўленне волі.
Жанчыну ўжо двойчы судзілі паводле крымінальных справаў, але цяпер яе зноў чакае суд. Гэтым разам Юлію абвінавачваюць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу пачнуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 27 студзеня, суддзя — Кацярына Груда.
Што менавіта ставіцца ў віну Юліі, невядома.
Палітвязень Арцём Ліцевіч
У кастрычніку 2024 года Арцёма асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводлеч. 3 ст. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 ст. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). З 18 па 24 кастрычніка 2024 года справу разгледзела суддзя Ананіч Алена. Дакладна невядома, што прызначылі палітвязню, але, верагодна, прысуд звязаны з пазбаўленнем волі.
Але на 31 студзеня прызначаны разгляд яшчэ адной справы супраць Арцёма — паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Справу будзе весці суддзя Святлана Чарапанава.
Нядаўна палітвязня КДБ унёс у "спіс тэрарыстаў".
Ураджэнец Херсона Сяргей Белы
Сяргей родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. Усё жыццё працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях. Мае двух непаўналетніх дзяцей. Мужчыну затрымалі ў лютым 2023 года. На "пакаяльным" відэа ён казаў, што пакідаў каментары ў тэлеграме і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце план «Перамога». У першы раз яго асудзілі ў кастрычніку 2023 года за «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Наступны суд над Сяргеем адбыўся 27 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавацілі па чатырох артыкулах — «удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Вынік суда невядомы.
4 лютага ў судзе Заводскага раёна Мінска адбудзецца разгляд ужо трэцяй справы супраць Сяргея. Гэтым разам паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс будзе весці суддзя Жана Хвайніцкая.
Прызначана дата чарговага суда над палітвязнем Уладзімірам Кнігай
Нагадаем, фігуранта "справы Ціханоўскага" ўтрымліваюць у няволі амаль чатыры з паловай гады, з іх больш за год і тры месяцы — у рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам.
Летась палітвязню дадалі яшчэ адзін год зняволення паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Па інфармацыі "Вясны", там на Уладзіміра працягваюць аказваць ціск: яго змясцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэнні. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў.
Стала вядома, што 5 лютага суд Барысаўскага раёна будзе разглядаць ужо другую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Працэс будзе весці суддзя Людміла Зінкевіч. Палітвязню пагражае да 1 года зняволення.
Узмацненне пакарання
У Беларусі працягваюць выкарыстоўваць у якасці дадаткова ціску на палітвязняў узмацненне рэжыму ўтрымання. Гэта значыць, што бліжэйшыя некалькі гадоў ад агульнага тэрміну чалавек будзе знаходзіцца ўвесь час у турэмнай камеры, а не ў атрадзе з іншымі вязнямі. Перавод у турму накладае на вязня дадатковыя абмежаванні. Рашэнне аб пераводзе прымае суд, але сваякі на яго звычайна не могуць патрапіць, бо ў большасці выпадкаў нават не ведаюць пра яго. Пазней родныя проста атрымліваюць паперу з новым адрасам утрымання вязня, або ліст ад яго.
Так у Бабруйску 22 студзеня адбыліся адразу два суда па ўзмацненні рэжыму палітвязням Аляксею Рэзнікаву і Андрэю Шмаю. Рашэнне па іх справах прымаў суддзя Дзмітрый Свірыдаў. Вынікі невядомыя.
Рэзнікаву ў жніўні 2022 года прызначылі чатыры з паловай гады калоніі за пасты і рэпосты «ВКонтакте» паводле пяці крымінальных артыкулаў. Вядома, што Аляксей працаваў раней за мяжой, але з-за цяжкага стану ягонай маці ён вярнуўся дадому, дзе і быў затрыманы. Праз тры дні пасля арышту сына памерла ягоная маці. Мужчына застаўся без сваякоў. У 2022 годзе яго ўнеслі ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Андрэй Шмай нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасля жаніцьбы. Сям'я ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Вядома, што мужчына — былы вайсковец, з 2006 па 2013 г. Служыў на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункта пропуску "Ярылавічы". Палітвязня затрымалі 19 студзеня 2023 года наўпрост на працоўным месцы па "справе Мачулішчаў".
Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 358 (шпіянаж) і арт. 358-1 (агентурная дзейнасць). Яго асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі. Дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы.
Дзве хвалі памілаванняў
У студзені 2025 года Лукашэнка падпісаў яшчэ два Указы аб памілаванні 31 чалавека, асуджанага па палітычных матывах: 8 жанчын і 23 мужчыны. Агулам з ліпеня па памілаванні выйшлі на волю 258 чалавек.
![]()
У Беларусі па памілаванні вызвалены яшчэ 8 палітвязняў, агульная колькасць з лета — 258
У пятніцу, 24 студзеня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы Указ аб памілаванні палятвязняў.
Відэа з палітвязнямі а прапагандыстаў
За студзень прапагандысты паказалі відэа адразу з пяццю палітзняволенымі, у тым ліку з тымі, хто больш за год утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада.
Так, напачатку студзеня Раман Пратасевіч апублікаваў відэа з Віктарам Бабарыкам, які знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада больш за 700 дзён. Пратасевіч перадаў яму лісты ад родных, а Бабарыка праз яго перадаў лісты сваім сваякам.
На выкладзеных Пратасевічам фота адразу кідаюцца ў вочы жоўтая бірка Бабарыкі і бачныя на ёй лічбы ў левым ніжнім куце — 3 і 10. Яны азначаюць прафілактычныя ўлікі, на якія паставілі палітыка: прафулік № 10 — «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці»; прафулік № 3 — «схільны да нападзення на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі».
Акрамя гэтага, па АНТ паказалі фільм "Свабода слова" з чатырох серый, у якіх паказалі відэа з Андрэем Кузнечыкам, Ігарам Лосікам, Ігарам Карнеем, Юрасём Зянковічам.