У Беларусі па памілаванні вызвалены яшчэ 8 палітвязняў, агульная колькасць з лета — 258
У пятніцу, 24 студзеня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы Указ аб памілаванні палятвязняў. Пра гэта паведаміў яго афіцыйны тэлеграм-канал. Паведамляецца, што памілаваны восем палітвязняў, сярод іх — пяць жанчын і трое мужчын. Паведамляецца, што ў пецярых з іх ёсць дзеці, адна жанчына цяжарная.
Па падліках праваабаронцаў "Вясны" агулам з ліпеня 2024 года на волю ў парадку памілавання выйшлі 258 палітзняволеных. Сярод іх — 71 жанчына, 187 мужчын. Усяго адбылося дзесяць хваляў памілавання.
Варта адзначыць, што нягледзячы на вызваленне палітвязняў у парадку памілавання, іх колькасць застаецца стабільна высокай: на дадзены момант у месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 1246 палітвязняў. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3715 чалавек.
У справаздачы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе праваабаронцы "Вясны" адзначылі:
"Ацэньваючы працэс памілавання, варта мець на ўвазе, што іншых рэалістычных механізмаў датэрміновага вызвалення палітвязняў у створанай рэжымам абстаноўцы не існуе: палітвязні цалкам адбываюць прызначаны судом тэрмін, не атрымліваючы доступ да якіх-небудзь магчымасцяў умоўна-датэрміновага вызвалення па законе ці па амністыі (амністыі 2022 і 2024 года не распаўсюджваліся на палітвязняў), а шмат каму гэты тэрмін адвольна падаўжаецца.
Палітычная сітуацыя ў Беларусі таксама не дае спадзяванняў на магчымасць уплыву грамадскасці на гэты працэс. Таму выхад на волю больш за дзве сотні палітвязняў, многія з якіх мелі інваліднасць, цяжкія захворванні, складаную сямейную сітуацыю — гэта безумоўна важная падзея. "Вясна" падтрымлівае ўсе магчымыя намаганні ў гэтым напрамку і зноў падкрэслівае, што на ўладах Беларусі ляжыць адказнасць за жыццё і здароўе ўсіх палітвязняў".