"Твая віна ў тым, што ты няправільна думаеш". Пра што кажуць сілавікі, распавядаюць затрыманыя
З пачатку прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларусы і беларускі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі. Да іх прыходзілі дадому з ператрусам, іх затрымлівалі на вуліцах... У гісторыі рэпрэсій застаецца непадсвечаным адзін непрацэсуальны момант: пра што сілавікі кажуць паміж сабой і ў адносінах да затрыманых падчас затрыманняў і допытаў. Гэта дэманструе іх матывацыю: пераслед людзей менавіта паводле палітычных прычынаў.
- Ілюстрацыйнае фота spring96.org
"Вас трэба здаць у польскую армію"
Марына (імя змененае ў мэтах бяспекі) была затрыманая з сяброўкамі на адным з суботніх жаночых маршаў у 2020 годзе. Жанчын адправілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска. Згодна з словамі жанчыны, там "людзі з незразумелымі апазнавальнымі знакамі" сказалі: "Вас, жанчыны, трэба здаць у польскае войска". Што гэта азначала, Марына не разумее.
"Чаго вам не хапае?"
Кірыл (імя змененае) у 2020 годзе ўдзельнічаў у дваровым маршы ў Мінску, дзе і быў затрыманы. Сілавікі яго збівалі па нагах і грудзях. Затым яго запіхнулі ў бус. Там сілавікі задавалі Кірылу пытанне: "Чаго вы ходзіце, чаго вам не хапае?"
"Будзе горш"
Мікіту (імя змененае) затрымалі напрыканцы жніўня 2020 года ў Мінску падчас вечаровай акцыі пратэсту, пасля таго як сілавікі зачынілі дзверы Чырвонага касцёла. Сілавікі былі ў чорнай вопратцы і не называлі сябе. Яны акружылі ўдзельнікаў акцыі і прымусілі ісці ў спецмашыны, дзе ў кабіне быў чырвона-зялёны сцяг. Сілавікі ў машыне казалі: "Будзе горш, калі Ціханоўская будзе прэзідэнтам".
У студзені 2024 года ў Мікіты і яго жонкі дома прайшоў ператрус, які праводзілі супрацоўнікі КДБ. Яны знайшлі ў кватэры Мікіты шмат канвертаў для лістоў палітвязням, і сказалі: "Гэта жонка для сябе падрыхтавала, калі пойдзе сама сядзець".
![]()
"У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі, займацца". Гісторыя Яўгена Сухаверха — у выразах, пачутых ад сілавікоў
"Дагуляўся"
28 кастрычніка 2020 года Анатоль Хіневіч быў затрыманы ў Барысаве ў сябе дома. У гэты дзень прыкладна ў 16-17 гадзін пачуўся званок — вочка ў дзверы зацямнілі. Сілавікі пачалі біць у дзверы. На пытанне: "Хто там?" пачыналі біць яшчэ мацней. У выніку дзверы выламалі. У кватэру забег чалавек у вайсковай форме і касцы, са стрэльбай і крыкнуў: "Рукі ўгору, кладзіся на падлогу!", наставіў стрэльбу на Анатоля. Затым закруціў Анатолю рукі за спіну і зашпіліў кайданкі. У пакой зайшлі яшчэ людзі са словамі: "Вось ты трапіўся, дагуляўся". Хіневіча паставілі да сценкі і пачалі запісваць пакаяльнае відэа, прымушаючы сказаць, што той аказваў актыўны супраціў у час яго першага затрымання 20 верасня 2020 года. У Анатоля не атрымлівалася гэта зрабіць, і тады сілавікі яму прыгразілі: "Можа яго ў лес павезці, прыстрашыць трохі? Можа цябе адп* здзіць, каб нармальнае відэа атрымалася?" Пасля гэтага Анатоля пасадзілі ў мікрааўтобус, на падлогу на калені, а шапку нацягнулі на вочы. Супрацоўнік, які запісваў відэа, пачаў задаваць пытанні: "Чаго табе не хапала?" Таксама Анатоль чуў пагрозу: "Трэба яго ў лес завесці закапаць!" і "Што ж ты нарабіў, цяпер [твае бацькі] без дзвярэй засталіся".
![]()
Палітвязень Анатоль Хіневіч: "У калоніі на цябе ідзе паляванне, проста таму што ты палітычны"
30-гадовы праграміст і бард з Барысава Анатоль Хіневіч правёў у зняволенні два з паловай гады.
"Мы не фашысты"
Сямёна (імя змененае) затрымалі ў верасні 2021 года і адвезлі ў будынак КДБ у Менску. Паднялі наверх, пачалі допыт. Таксама Сямён захацеў піць і папрасіў вады, на што амапавец, які яго і затрымліваў, паспрабаваў нахіліць яго галавой ва ўнітаз, каб той з яго піў. Але потым усё ж адвёў да рукамыйніка, уключыў кран (Сямён быў у кайданках) і тады сказаў: "Пі, мы ж не якія-небудзь фашысты".
"Чаго вы дамагліся?"
У 2021 годзе да Аляксандра (імя змененае) прыйшла міліцыя з ператрусам. Нагода — удзел у маршах пратэсту.
Затым яго адвезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна горада Мінска. У машыне супрацоўнікі размаўлялі паміж сабой і спрабавалі даведацца ў Аляксандра яго палітычныя перакананні. Пыталіся: "Ну, чаго вы дамагліся? Яно вам трэба было? Вось сядзелі б — і ўсё было б добра".
"Яны заблукалі"
Адзін з ператрусаў у праваабаронцы Алега Мацкевіча правялі 12 студзеня 2022 года ў Барысаве — дома, дзе ён жыў. Маёр Барысаўскага РУУС паказаў пастанову пракурора аб правядзенні ператрусу, у якім Алег быў паказаны як сведка паводле крымінальнай справы, узбуджанай у сувязі з нанясеннем абразлівых надпісаў на адным з прыпынкаў Барысава са словамі: "Народ, бастуй, Лука...".
Алег адзначае, што ператрус праводзіўся з парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Сілавікі разыходзіліся па розных пакоях і абшуквалі ўсе адначасова. Алег казаў ім: "Ператрус так не праводзіцца", на што старэйшы маёр усміхаўся і адказваў: "Яны заблукалі".
Сілавікі, як сцвярджае Алег Мацкевіч, адчувалі сябе беспакаранымі.
![]()
Алег Мацкевіч: "Я да апошняга моманту чапляўся зубамі за Беларусь, за свой Барысаў"
"Сам-насам з сумленнем"
У верасні 2023 года Кацярыне Еўдакімавай далі спатканне з мужам, які на той момант адбываў пакаранне ў калоніі. Кацярына кажа, што іх маленькая дачка пачала забываць тату. Таму яна паехала на спатканне, нягледзячы на тое, што яе туды не адпусцілі з "хатняй хіміі". І ў дзень спаткання знаходжанне дома Кацярыны праверылі — у выніку чаго выпісалі парушэнне, паводле якога ёй далі двое сутак у ІЧУ. Таксама на гэта Кацярыне сказалі, што гэта "ўказ АУС з Мінска". У выніку Еўдакімава адбывала двое сутак у ІЧУ Смалявіч. У камеры яна была адна, пры гэтым супрацоўнікі ІЧУ ёй сказалі, што яна "павінна сядзець сам-насам са сваім сумленнем".
![]()
"Твой муж выйшаў — значыць ты будзеш сядзець". Былая палітзняволеная — пра суровыя ўмовы на "хатняй хіміі"
"Чаго вам не хапала?"
Ілля (імя змененае) быў затрыманы ў сакавіку 2023 года ў адным з раённых гарадоў Беларусі. Супрацоўнікі міліцыі прагледзелі яго тэлефон. Іх цікавілі сувязі Іллі з людзьмі, якія з'ехалі з краіны. Чалавек, які праводзіў допыт, пагражаў. Ілля казаў, што ў яго была аперацыя на хрыбетніку па выдаленні кілы, на гэта яму адказалі: "Мне цябе не шкада, калі будзеш спаць на бетоннай падлозе". Сілавікі таксама не маглі вырашыць, ці правесці справу Іллі па водле адміністрацыйкі або паводле крыміналкі. Адзін з тых, хто вёў допыт, паралельна размаўляў па тэлефоне і камусьці скардзіўся: "У мяне і так шмат працы, а тут яшчэ на мяне і палітычных павесілі".
Іллі задавалі пытанні накшталт: "Чаго вы хацелі? Чаго вам не хапала?" Ілля пытаўся, у чым ягоная віна. На гэта яму адказалі: "Твая віна ў тым, што ты няправільна думаеш". Тады Ілля спытаў: "А як жа свабода слова?" Яму адказалі, што гэта вельмі агульнае паняцце.