Міжнародны дзень адваката ў небяспецы 24 студзеня: справаздача кааліцыі юрыстаў Дакумент
З 2010 года 24 студзеня штогод адзначаецца Міжнародны дзень адваката, які знаходзіцца ў небяспецы, арганізаваны Кааліцыяй за Міжнародны дзень адваката, што знаходзіцца ў небяспецы, глабальнай сеткай нацыянальных і міжнародных юрыдычных арганізацый і асацыяцый адвакатаў. Мэта гэтага дня — прыцягнуць увагу да цяжкага становішча, у якім штогод апынаюцца адвакаты ў час ажыццяўлення сваёй прафесіі ў той ці іншай краіне, і заклікаць да дзеянняў дзяржаўных чыноўнікаў, міжнародныя інстытуты, грамадзянскую супольнасць, сродкі масавай інфармацыі ды грамадскасць.
Сёлета Міжнародны дзень адваката, які знаходзіцца ў небяспецы, звяртае ўвагу на рэпрэсіі юрыстаў у Беларусі, што сутыкаюцца з сістэматычным пераследам і ўмяшаннем у іх прафесійную дзейнасць.
Часта адвакатаў і юрыстаў судзяць паводле такіх палітычных крымінальных артыкулаў, як "актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК), "ухіленне ад выплаты падаткаў" (арт. 243 КК).
Паводле звестак праваабаронцаў "Вясны", з восені 2020 года ў Беларусі арыштавалі як мінімум 23 адвакатаў. А пад крымінальны пераслед трапілі не менш, чым 11 абаронцаў, з якіх сямёра дагэтуль знаходзяцца за кратамі.
![]()
Інстытут адвакатуры ў Беларусі дэградуе цягам чатырох гадоў: факты, прычыны, ацэнкі
У справаздачы сярод іншых згадваецца палітвязень, юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзімір Лабковіч, арыштаваны 14 ліпеня 2021 года. У судзе Ленінскага раёна Мінска трэцяга сакавіка 2023 года яго разам з кіраўніком "Вясны" і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, а таксама з сябрам праваабарончай арганізацыі Валянцінам Стэфановічам асудзілі па абвінавачванні ў "кантрабандзе арганізаванай групай" (арт. 228 КК) і "фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 2 арт. 342 КК). Уладзіміру Лабковічу прызначылі сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У справаздачы Кааліцыі па правядзенні дня адваката ў небяспецы выкладзены шэраг патрабаванняў і рэкамендацый па паляпшэнні сітуацыі з адвакатамі ў Беларусі, у тым ліку:
- Адвакаты мусяць свабодна выконваць свае прафесійныя абавязкі без запалохвання, пераследу ды ўмяшання.
- Адвакаты не мусяць быць звязаныя са справамі або абставінамі сваіх давернікаў.
- Адвакаты мусяць мець права ствараць і ўваходзіць у незалежныя самакіравальныя прафесійныя асацыяцыі для абароны сваіх інтарэсаў.
- Кожны чалавек мусіць мець права на доступ да юрыдычных паслуг і адвакатаў паводле свайго выбару для абароны сваіх правоў, а прафесійныя асацыяцыі павінны быць надзеленыя паўнамоцтвамі для забеспячэння роўнага і эфектыўнага доступу да юрыдычных паслуг для ўсіх.
- Дысцыплінарная вытворчасць у дачыненні да адвакатаў павінна кантралявацца бесстароннімі органамі — няхай гэта будуць прадстаўнікі юрыдычнай 2 прафесіі, незалежны орган або суд, і падлягаць абскарджанню адпаведным адвакатам у незалежным і бесстароннім судзе або трыбунале, створаным на падставе закона.
- Уваходжанне ў юрыдычную прафесію і працяг практыкі ў ёй мусяць быць вольныя ад дыскрымінацыі паводле прыкметаў расы, этнічнай прыналежнасці, полу, рэлігіі, палітычных перакананняў або любога іншага статусу.
- Мусіць быць забяспечаная бяспека адвакатаў, якія сутыкаюцца з пагрозамі ў сувязі з выкананнем імі сваіх прафесійных абавязкаў.
- Адвакаты не мусяць сутыкацца з прававымі наступствамі праз заявы, зробленыя з лепшых меркаванняў падчас прадстаўлення інтарэсаў сваіх кліентаў.
- Адвакаты павінны свабодна ўдзельнічаць у грамадскіх дыскусіях, уваходзіць у нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі ці ствараць іх, не асцерагаючыся наступстваў.
- Любая асоба, абвінавачаная ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, павінна быць неадкладна праінфармаваная аб высунутых абвінавачваннях і мець доступ да адваката.
- Забяспечыць адвакатам неабмежаваны доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі і дакументаў для эфектыўнага юрыдычнага прадстаўніцтва ва ўсіх судах і паводле ўсіх правапарушэнняў.
- Усе суды і адміністрацыйныя органы павінны прызнаваць права адвакатаў прадстаўляць сваіх давернікаў.
- Усе адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі паводле палітычных матываў, мусяць быць неадкладна і безумоўна адноўленыя, а ўсе адвакаты, зняволеныя паводле палітычных матываў, мусяць быць неадкладна і безумоўна вызваленыя.