viasna on patreon

У калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да зняволення, негледзячы на захворванне сэрца

2023 2023-05-07T20:07:56+0300 2023-05-07T21:40:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/klimovich_mikalai.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома 7 траўня, што ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" на карыкатуру на Лукашэнку. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Негледзячы на гэта, пінскі суда прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. "Вясна" распавядае пра пераслед Мікалая Клімовіча.

Мікалай Клімовіч
Мікалай Клімовіч

Мікалая Клімовіча асудзілі 28 лютага ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ў сатырычным малюнку, які ён размясціў у сацыяльнай сетцы. У "Аднакласніках" блогер паставіў рэакцыю "смешна", такім чынам карыкатура была размешчана ў стужцы яго старонкі. Падчас працэсу адвакат распавёў пра стан здароўя падабароннага, падкрэсліваў небяспеку турэмнага тэрміну. Мікалай падкрэсліў, што займае антываенную пазіцыю і з гэтым звязаныя ягоныя публікацыі ў сацыяльных сетках. У выніку, суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча прызначыў Мікалаю адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, негледзячы на тое, што актывіст меў інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі. Мікалая змясцілі ў СІЗА № 6 Баранавіч, дзе ён утрымліваўся да разгляду апеляцыйнай скаргі.

Перад судом ён выказаўся журналістам "Позірк", што баіцца памерці ў зняволенні:

"Любое турэмнае знявольванне для мяне — гэта смерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам урача, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца".

21 красавіка Брэсцкі абласны суд пакінуў прысуд у сіле. БАЖ пісала, што пры гэтым родных і сяброў палітвязня непакоіла яго здароўе. Неўзабаве Мікалая этапавалі ў віцебскую калонію № 3 – яго везлі праз усю Беларусь. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. У калоніі ён прабыў каля двух тыдняў.

Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні 2022 года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда. Да суда Мікалай быў на волі, але яго выклікалі на допыты.

10 лютага 2023 года Мікалая судзілі па адміністрацыйнай справе. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі (арт. 19.10 КаАП) і прызначыў яму штраф – 111 беларускіх рублёў. Як пісала БАЖ, Мікалай не ставіў значок "клас" ці "падзяліцца", а проста смайлік "смешна". Паводле спадара Мікалая, ён не збіраўся распаўсюджваць гэтыя карыкатуры, а проста пасмяяўся з іх.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Мікалая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства