viasna on patreon

Мінімум 95 чалавек адправілі за краты: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў лістападзе

2022 2022-12-02T14:05:27+0300 2022-12-02T14:40:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_adzinstva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожны дзень праваабаронцы атрымліваюць і фіксуюць новыя факты пераследу беларусаў, якія працягваюць пратэставаць супраць дзеянняў уладаў і вайны ва Украіне. Затрыманні, суды, збіванні і катаванні штодзённа адбываюцца па ўсёй Беларусі. Толькі ў лістападзе праваабаронцы "Вясны" даведаліся пра затрыманне мінімум 354 беларусаў — гэта прыкладна 11 чалавек у дзень. Беларускімі суддзямі ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 206 адміністрацыйных справаў, з якіх прызначылі 95 арыштаў і 31 штраф. Акрамя гэтага, у большасці выпадкаў у людзей канфіскавалі тэхніку. "Вясна назірае" склала традыцыйны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў лістападзе.  

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org 

Блогера арыштавалі за пікет на ст. м. Кастрычніцкая

У пачатку лістапада сілавікі затрымалі ў Мінску хлопца за "несанкцыянаванае пікетаванне" — нібыта ён некаторы час стаяў у вестыбюлі станцыі метро Кастрычніцкая з плакатам. Меркавана, на плакаце было напісана "Не вайне". Супрацоўнікі міліцыі склалі на хлопца пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

На судзе ён адзначыў, што віну не прызнае, бо мэты выказваць грамадска-палітычныя інтарэсы не было — ён проста здымаў відэаролік для свайго блога. Вынік — 13 сутак.

"Суткі" за блакітна-жоўты сцяг на акне кватэры

У Мінску ў сярэдзіне лістапада быў затрыманы мінчук за вывешаны сцяг Украіны на акне кватэры на першым паверсе. Паводле матэрыялаў справы, раніцай 16 лістапада сцяг заўважылі міліцыянты і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). На наступны дзень над ім адбыўся суд.

Падчас пасяджэння мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Па яго словах, такім чынам ён выказваў падтрымку украінцам. Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Суддзя Анастасія Ачалава асудзіла яго да 13 сутак арышту.

Таксіста "Яндэкса" аштрафавалі за ўдзел у страйку

У Жлобіне ў пачатку лістапада разглядзелі дзве адміністрацыйныя справы супраць мясцовых жыхароў. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". Нібыта яны раніцай 13 кастрычніка на аўтастаянцы каля крамы "Билд" выйшлі на пратэст «з мэтай выказвання незадаволенасці ўмовамі аплаты працы "Яндэкс-Таксі"». Дзяніс Стэфановіч на суд не прыйшоў і папрасіў разглядаць справу без яго. Суддзя прызнала яго вінаватым і аштрафавала на 320 рублёў (10 базавых велічыняў).

Віна яшчэ адной жанчыны была не даказана, бо ў момант, калі яна нібыта здзейсніла "правапарушэнне", яна знаходзілася на працы. Таму суд пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу супраць яе.

Велізарный штраф за чырвоную паласу на белым фургоне-рэфрыжэратары

У судзе Лідскага раёна 8 лістапада адбыўся чарговы суд паводле арт. 24.23 КаАП за выпуск аўтамабіля з бел-чырвона-белым фургонам-рэфрыжэратарам. Згодна з пратаколам, мужчына "прыняў удзел у пікетаванні шляхам выпуску на лінію аўтамабіля MAN з фургонам-рэфрыжэратарам з імітацыяй выявы на бакавых сценах бел-чырвона-белага сцяга".

Суддзя Уладзімір Федаровіч аштрафаваў мужчыну на 1 280 рублёў (40 базавых велічыняў). Гэта ўжо трэці вядомы праваабаронцам выпадак, калі судзяць людзей за пікет фургонам.

Перазатрыманні па новых пратаколах і чарговыя суткі

Больш за год ў Беларусі існуе распаўсюджаная практыка: пасля першых "сутак" людзей могуць некалькі разоў запар перазатрымліваць па новых пратаколах і зноў адпраўляць за краты.

Так, напрыклад, святар Уладзіслаў Багамольнікаў ужо трэці месяц знаходзіцца ў ЦІПе на Акрэсціна. Яго судзілі ўжо мінімум шэсць разоў, але на волю пасля 88 сутак ён так і не выйшаў. Меркавана, яго зноў асудзілі.

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіКу выламалі дзверы ў кватэру святара і затрымалі яго. Вядома, што Уладзіслаў перахварэў у няволі на кавід і бесперапынна ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах без сродкаў гігіены, бо перадачы для "палітычных" на Акрэсціна не прымаюць. Былы сукамернік Уладзіслава паведаміў, што ён трымаў галадоўку, а стан здароўя пагоршыўся.

Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву ў чарговы раз затрымалі 1 лістапада. Потым суддзя Зінаіда Балаболава двойчы арыштоўвала яе на 15 сутак. Праз месяц пасля затрымання, 1 снежня, Вольга выйшла на волю. За кратамі яна абвяшчала галадоўку — прычынай стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў. За няпоўны 2022 год Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак — з іх вясной 75 сутак запар.

Жонку палітзняволенага Арцёма Анішчука, які раней зазнаў катаванні ў магілёўскай калоніі і быў асуджаны па двух крымінальных справах, Вольгу Анішчук затрымалі 4 лістапада. Яе два разы арыштоўвалі за перасылы з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў паведамленняў у асабістай перапісцы агулам на 24 дні.

28 лістапада яна мусіла выйсці на волю, але яе зноў затрымалі і асудзілі да чарговых 10 сутак. Акрамя гэтага, днямі яе перавезлі з ІЧУ на Акрэсціна ў ІЧУ Магілёва, хоць суд праходзіў у Мінску. Праваабаронцам стала вядома, што Вольга абвясціла галадоўку ў знак пратэсту супраць здзекаў над ёй, а ейнага мужа Арцёма змясцілі ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі.

Жанчына за кратамі ўжо два разы перахварэла на бранхіт, бо яна ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах і спіць на бетоннай падлозе. У ІЧУ Магілёва над ёй здзекваюцца і аказваецца ціск — тры разы на дзень яе прымушаюць распранацца да гола і прысядаць.

Вольгу Анішчук арыштавалі трэці раз запар. Яна абвясціла галадоўку супраць здзекаў у магілёўскім ІЧУ

Праваабаронцам стала вядома, што Вольга абвясціла галадоўку ў знак пратэсту супраць здзекаў з яе, а ейнага мужа Арцёма змясцілі ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі.

Праваабаронцу Насту Лойку таксама тройчы раз запар арыштаўвалі на 15 сутак. Насту затрымалі 28 кастрычніка. Пазней яе тры разы судзілі за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП). Суд Першамайскага раёна Мінска кожны раз прызначае ёй па 15 сутак арышту. На адным з судоў Наста заявіла пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіКу ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін. Цяпер яе ўтрымліваюць у ЦІПе на Акрэсціна.

Калі вы адбывалі адміністрацыйны арышт і сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у ІЧУ і ЦІП, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @zvarot96, Email: zvarot@spring96.org

Гэта патрэбна, каб зафіксаваць парушэнні вашых правоў і дапамагчы скласці скаргу. Мы будзем вам вельмі ўдзячныя за дапамогу!

Аштрафавалі за спальванне блакітна-жоўтых фаераў да Дня незалежнасці Украіны

У судзе Лідскага раёна 3 лістапада адбыўся суд над мясцовай жыхаркай. Яе абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле арт. 24.23 КаАП. Згодна з пратаколам, яна, знаходзячыся каля чыгуначнага маста праз раку Лідзейка, "правяла адзіночнае пікетаванне ў гонар Дня незалежнасці Украіны: падчас спальвання фаераў колераў сцяга дадзенай дзяржавы запісала на відэа і размясціла відэаролік на сваёй старонцы ў Instagram".

Віну сваю жанчына на судзе не адмаўляла. Але адзначыла, што не ведала пра тое, што гэтыя дзеянні супрацьпраўныя.

У выніку суд пастанавіў прызнаць жанчыну вінаватай і аштрафаваць яе на 20 базавых велічыняў (640 рублёў).

Адправілі за краты за "пікетаванне аб'явай пра продаж календара з Пагоняй" на "Куфары" 

У пачатку лістапада ў Мінску затрымалі хлопца па скарзе "неабыякавай грамадзянкі". Нібыта ён «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне, шляхам размяшчэння аб'явы пра продаж календара з выявай Пагоні і лозунгамі: "Жыве Беларусь!", "Жыве вечна!", "Не разбіць!", "Не спыніць!", "Не стрымаць!"». Міліцыянты расцанілі гэта як "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Хлопец на судзе паведаміў, што аб'яву размясціў у пачатку кастрычніка і не думаў, што гэта з'яўляецца правапарушэннем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэнні сведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт "Kufar" і пабачыла аб'яву з Пагоняй і лозунгамі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў хлопца да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Бармэна Вальтэра Гома арыштавалі за адмову выйсці са службовай машыны

Вядома, што Вальтэра Гома затрымалі ў пачатку лістапада ў Мінску — ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае відэа" з ім пад песню "Убили Негра". У Савецкім РУУСе на яго склалі партакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам). Паводле пратакола, Вальтэр "адмовіўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся і хапаўся за дзверы аўтамабіля".

Віну сваю мужчына прызнаў і растлумачыў, што адмовіўся выйсці з машыны, бо думаў, што гэта розыгрыш. Пазней, калі ўсё зразумеў, то дабраахвотна выйшаў.У выніку суддзя Савецкага раёна Мінска Вольга Емяльянчанка 11 лістапада прызнала Гома вінаватым і прызначыла яму арышт тэрмінам на 13 сутак.

Кіраўніка аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Анатоль Шумчанка не вярнуўся з допыта ў Баранавічах, куды ездзіў 21 лістапада. Пазней стала вядома, што яго затрымалі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і пакінулі ў ІЧУ да суда.

23 лістапада над ім адбыўся суд. Вынік — штраф памерам у 480 рублёў (15 базавых велічыняў штрафу).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства