У Мінску да 12 гадоў калоніі ў закрытым рэжыме асудзілі 27-гадовага асвятляльніка
У Мінскім гарадскім судзе 11 лістапада вынеслі жорсткі прысуд 27-гадоваму Вадзіму Васільеву з Віцебску — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў). Хлопца асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса нібыта за адміністраванне тэлеграм-каналаў "Віцебск 97%" і "Орша 97%". Падрабязнасці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме амаль месяц. Такі прысуд вынесла суддзя Таццяна Фалькоўская.
Хлопца затрымалі напрыканцы траўня 2022 года. У дзень завядзення на адміністратараў Nexta Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка крымінальнай справы "за стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі" (ч. 1 арт. 290-5 Крымінальнага кодэкса) ГУБАЗіК заявіў пра гучную спецаперацыю супраць "антыўладнага падполля". На "пакаяльным" відэа Вадзім казаў, што быў адміністратарам чатаў і каналаў "Віцебск 97%" і "Орша 97%" у жніўні 2020 года.
Цяпер Вадзіма Васільева асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 290-4 (Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй). Падрабязнасці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме амаль месяц. Каб расследваць крымінальную справу па такіх сур'ёзных артыкулах следчым спатрэбілася толькі пяць месяцаў.
Тэлеграм-канал "Орша 97%" быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем ужо пасля затрымання Вадзіма — 16 чэрвеня 2022 года. А яшчэ пазней — 6 ліпеня — МУС прызнаў такім тэлеграм-канал "Віцебск 97%". Аднайменныя тэлеграм-чаты не ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў.
Вядома, што Вадзім па прафесіі быў асвятляльнікам шостага разрада і акцёрам тэатра і кіно. Навучаўся ў дзвюх установах — Віцебскім дзяржаўным ліцэі № 5 прыборабудаўніцтва і Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Доўгі час ён працаваў асвятляльнікам у Беларускім тэатры "Лялька" ў Віцебску, а апошнім часам у Цэнтры культуры "Віцебск".