У Гомелі пачынаецца суд над мазыранкай Крысцінай Чаранковай за антываенныя пасты ў Інстаграм Дапоўнена
Гомельскі абласны суд 10 лістапада пачынае разгляд крымінальнай справы палітзняволенай з Мазыра Крысціны Чаранковай. Дзяўчыну абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Палітзняволеную Крысціну Чаранкову затрымалі 22 сакавіка ў Мазыры ў межах крымінальнай справы за некалькі пастоў у сацыяльнай сетцы Інстаграм.
Да суда ўтрымлівалася ў СІЗА № 3 Гомеля.
У Instagram, які меў амаль 15 тысяч падпісантаў, Крысціна публікавала фатаграфіі, прысвечаныя субкультурнай модзе, не хавала сваіх палітычных поглядаў. А пасля нападу Пуціна на Украіну яна выкарыстоўвала свой акаўнт для выказвання антываенных лозунгаў.
Крысціна скончыла ўніверсітэт імя Ф. Скарыны ў Гомелі, выкладала ў школе ангельскую мову. Пасля вяселля пераехала з Рэчыцы ў Мазыр, дзе зрабілася індывідуальнай прадпрымальніцай і пачала займацца дэкарацыяй вяселляў. Разам з мужам любіла падарожнічаць па Беларусі і Украіне. Захапляецца панк-рокам і з'яўляецца вакалісткай постпанк-гурта VIKT(A)R xOI.
У гомельскім СІЗА-3 дзяўчыну паставілі на ўлік як "схільную да экстрэмізму".
«Крысціна вельмі схуднела, трымалася ўпэўнена, з пераменным сумам, але і ўсміхалася пры выглядзе сяброў і блізкіх. Падтрымаць яе прыйшлі шмат людзей, зала была поўнай. Галоўнае і самае страшнае абвінавачанне, што Крысціна выкарыстоўвала ў сваім лексіконе слова "мусора". Эксперты заявілі, што заклікаў да гвалтоўных дзеянняў у яе пастах няма. Ёсць толькі негатыўная ацэнка супрацоўнікаў», — распавядае Instagram-акаунт FREE KITA.
Крысьціна адмовілася даваць паказанні, таму на судзе зачыталі яе сведчаньні на допытах, піша Радыё Свабода.
Абвінавачаная патлумачыла, што ў жніўні 2020 году міліцыя затрымала бацькоў яе мужа, іх білі. Таму яна пачала нэгатыўна ставіцца да міліцыі.
«Пісала ў Іnstagram у 2020 годзе такія выразы, як „Поздравляю белоруских милиционеров с их Дном“, „Общеизвестный факт — мусора хуже г... на“, „Хороший мент — мёртвый мент“ і іншыя. Допіс „Мусора хуже г...на“ атрымаў паўтары тысячы падабаек. Пісала на эмоцыях. Калі б я ведала, што за гэта будзе крымінальная адказнасць, то не пісала б», — давала паказанні абвінавачаная.
Таксама на следзтве яна мусіла тлумачыць «сэнс» футболак, якія ў яе забралі на ператрусе, сэнс тату і некаторых выразаў у Іnstagram. Напрыклад, там быў допіс «Всем ровным девчёнкам и парням — 1312». Следчых цікавіла, што крыецца за гэтымі лічбамі. Крысціна патлумачыла, што яны азначаюць першыя літары выразу «All cops are bastards». Таксама пыталіся, адкуль у яе футболкі з «Пагоняй», для чаго яны. Следчых цікавілі тату Крысціны. Яна давала падрабязныя паказанні, які сэнс мае тая ці іншая выява. Там былі розныя карцінкі і словы з песень на ангельскай і беларускай мовах, у тым ліку «Свабода пачынаецца ў сэрцы тваім».
Следчых цікавіла, каго Крысьціна мела на ўвазе, калі пісала «Тупы кавалак бязмозглай біямасы ў балаклаве», «Пацучыная інаўгурацыя», «Голы кароль».
«Тупы кавалак біямасы ў балаклаве» — у адрас супрацоўнікаў міліцыі, «Пацучыная інаўгурацыя» — бо яна была праведзена таемна і толькі для сваіх, — тлумачыла на сьледзтве абвінавачаная.
На суд выклікалі экспертку. Тая мусіла патлумачыць, што азначаюць некаторыя выразы. Экспертка зазначыла, што пад словам «мусора» маюцца на ўвазе супрацоўнікі міліцыі, слова мае негатыўную афарбоўку, з'яўляецца пагардлівым, яно ёсць у слоўніку расейскай мовы Ожагава. Пра лічбы «1312» экспэрт нічога не магла патлумачыць, бо ня ведае сэнсу гэтых лічбаў.
Наступнае пасяджэнне пройдзе ў аўторак, 15 лістапада, у 14:30.
Падтрымайце Крысціну: СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Крысціна Аляксандраўна Чаранкова
“Дарыла людзям радасць і добры настрой”