viasna on patreon

Amnesty International: Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе праводзяцца смяротныя пакаранні Дакумент

2022 2022-05-26T11:35:29+0300 2022-05-26T11:38:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ezgif-5-342255c412.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Amnesty International апублікавала штогадовы даклад пра сітуацыю са смяротным пакараннем у свеце. Ён ахоплівае прымяненне смяротнага пакарання ў судовым парадку за перыяд са студзеня па снежань 2021 года. У дакладзе адзначаецца, што летась назіраўся трывожны рост колькасці смяротных пакаранняў і смяротных прысудаў, бо краіны, дзе звычайна караюць смерцю больш за ўсё людзей, вярнуліся да звыклай практыкі, а суды аднавілі паўнавартасную працу пасля каранавірусных абмежаванняў.

Таксама ў дакладзе прадстаўлены агляд па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе апісваецца і сітуацыя ў Беларусі. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе праводзяцца смяротныя пакаранні, падкрэсліваюць аўтары дакладу.

Amnesty International атрымала інфармацыю, якая пацвярджае, што ў траўні ўлады Беларусі пакаралі смерцю Віктара Паўлава. Віцебскі абласны суд у жніўні пацвердзіў сям'і Паўлава правядзенне смяротнага пакарання, выдаўшы ім пасведчанне аб яго смерці. Савет ААН па правах чалавека папрасіў не караць смерцю Віктара Паўлава, пакуль Савет будзе вывучаць яго справу; падчас вывучэння аналагічных спраў Камітэт прыйшоў да высновы, што ўлады парушалі абавязацельствы Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Першага Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). У ліпені 2019 г. Віцебскі абласны суд прызнаў Віктара Паўлава вінаватым і вынес яму смяротны прысуд за забойства. А ў лістападзе 2019 года Вярхоўны суд пакінуў яго смяротны прысуд у сіле.

У верасні беларускі дзяржаўны тэлеканал СТБ паведаміў пра смяротнае пакаранне Віктара Скрундзіка. У тым жа месяцы ягоная сястра пацвердзіла, што ў апошні раз атрымлівала ліст ад Віктара 19 жніўня, і яна баіцца, што яго ўжо пакаралі смерцю. На канец 2021 года ўлады не пацвердзілі сям'і правядзенне смяротнага пакарання. У студзені Мінскі абласны суд падчас паўторнага судовага працэсу прызнаў Віктара вінаватым у забойстве двух пажылых людзей і зноў вынес Віктару смяротны прысуд.

У красавіку прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка памілаваў братоў КосцевыхІллю (22 гады) і Станіслава (20 гадоў). Абодвум братам вынеслі смяротныя прысуды ў студзені 2020 года пасля таго, як Магілёўскі абласны суд прызнаў іх вінаватымі ў забойстве. Іх сваякі пацвердзілі, што абодвух перавялі ў звычайную турму ў Жодзіне, і яны ўжо ездзілі да іх на спатканне. Праваабарончы цэнтр «Вясна» пацвердзіў, што смяротныя прысуды былі заменены на пажыццёвыя зняволенні, але больш ніякай інфармацыі апублікавана не было. З 1994 года, калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, вядомы яшчэ толькі адзін выпадак памілавання чалавека, які чакаў смяротнага пакарання.

Віктар Сергіль быў адзіным чалавекам, пра якога было вядома на канец 2021 года, што ён знаходзіцца ў камеры смяротнікаў. Аднак ён увесь час быў пад рызыкай смяротнага пакарання пасля яго асуджэння і смяротнага прысуду, пацверджанага Вярхоўным судом у студзені 2020 года. У сваім дакладзе ў траўні, акрамя іншых заўваг, Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі зноў выказала заклапочанасць з нагоды абставінаў сакрэтнасці, у якой праводзяць смяротныя пакаранні ў Беларусі. Яна падкрэсліла, што ўлады ў Беларусі працягвалі прыводзіць у выкананне прысуды ў адносінах да людзей, асуджаных да смяротнага пакарання, не папярэджваючы загадзя зняволеных і іх сем'і. Акрамя таго, улады не раскрывалі сем'ям месцы пахавання пакараных смерцю.

У ліпені Камітэт ААН па правах чалавека сфармуляваў сваё меркаванне па справе Аляксея Міхалені і прыйшоў да высновы, што Беларусь парушыла яго права на жыццё, права на асабістую свабоду і права на справядлівы судовы разгляд, гарантаваныя артыкуламі 6, 9(3), 14(2) і (3)(е) МПГПП. Нягледзячы на тое, што ў лютым 2018 года Камітэт папрасіў Беларусь не караць смерцю Аляксея Міхаленю, пакуль разглядаецца яго скарга, прысуд быў прыведзены ў выкананне ў Мінску ў тым жа годзе; улады ў Беларусі не апублікавалі дакладную дату. Камітэт прыйшоў да высновы, што, не выканаўшы просьбу аб прыняцці часовых мер, Беларусь парушыла свае абавязацельствы як дзяржавы-ўдзельніцы Першага Факультатыўнага пратаколу да МПГПП.

Тэкст дакладу Amnesty International цалкам:

Amnesty International: Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе праводзяцца смяротныя пакаранні

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства